"Белая каманда" Аляксандра Буглая па дадзеным ф.857 НАРБ

Nov 22, 2013 18:26

Вырашыў скласьці нейкі больш-меньш уцямны тэкст.

Большасьць дакумантаў фонду "Белай каманды" у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь паходзяць з кнігі павышэньня у рангах і атрыманьня узнагарод гэтай баявой адзінкі, таму інфармацыя дакумантаў характарызуецца пэўнай спэцыфікай - мы бачым амаль толькі пазітыўныя бакі жыцьця каманды (а потым батальёну), даныя толькі пра тых службоўцаў, якія добра вызначыліся ў баях. Хоць ужо па колькасьці гэтых службоўцаў можна судзіць пра якасьць і інтэнсіўнасьць баявых дзеяньняў ўсёй баявой адзінкі.

Зноў ж храналагічна дакуманты фонду пачынаюцца са жніўня 1943 году і заканваюцца ў красавіку 1944 году - то бок мы не бачым першыя прыкладна паўтара гады гісторыі атрада пад камандваньнем Аляксандра Буглая і апошні год ягонага існаванья.

Геаграфічна адзінка стацыянавала ўвесь гэты час у Гомельскай вобласьці і на поўдні Менскай вобласьці.

Усе дакуманты напісаныя на расейскай альбо нямецкай мове, што, магло быць абумоўлена і адсутнасьцю перакладчыкаў з беларускай у нямецкіх штабах, і інтэрнацыянальным складам афіцэраў "Белай каманды", і невысокай ступеньню нацыянальнай сьвядомасьці камандзіра (які, праўда, мог удзельнічаць у пасьляваеннай дзейнасьці Беларускай Цэнтральнай Рады).

Аляксандр Буглай нарадзіўся 7 кастрычніка 1910 году пад Нясвіжам, і дагэтуль там жывуць людзі з гэтым прозьвішчам. Даваенны лёс яго ў дакумантах НАРБ не раскрываецца, але з 16.07.1941 году ён ужо зьвязовы камандзір і ваюе на баку Нямеччыны супраць СССР, а ў канцы 1941 году пад ягоным началам фармуецца "Белая каманда", якая, відавочна, пачынае ваяваць супраць савецкіх партызанаў на Гомельшчыне. Ранг капітана ён атрымлівае 1 студзеня 1943 году.

Верагодна, на пачатковым этапе існаваньня асабовы склад "каманды" ў асноўным складаецца з перабежчыкаў і былых савецкіх вайсковапалонных рознага паходжаньня - таму ў 1943-1944 гадах значная частка афіцэраў адзінкі, як можна заўважыць, паходзіць з Расеі і Ўкраіны. Гэтак, ужо ў 1943 годзе 1 ротай "Белай каманды" камандваў Іван Пархомаў, 1916 г.н. з в.Глажынка Бранскага раёну Арлоўскай в. РСФСР, другой ротай- Сяргей Вітальеў, 1919 г.н. з в.Дземаўшчына Полацкага раёну Віцебскай в. БССР, ад'ютант Буглая - Георгі Наўмаў 1920 г.н. з Іркуцкай в. РСФСР, камандзір 3 роты - Мікалай Несмачны з Чарнігава.

Паступова ў 1942-1943 годзе "Белая каманда" расьце, карыстаецца ўсё большым даверам нямецкага камандваньня, набірае дабраахвотнікаў з мясцовага насельніцтва. Ужо ў 1943 годзе, калі лічыць па дадзеных, паданых на байцоў, якія вызначыліся ў баях з партызанамі, большасьць байцоў - беларусы тых раёнаў, дзе квартэруе "Белая каманда" - найперш Чачэрскага.
Гэтак, напрыклад, усе 5 жаўнераў, якіх Буглай прадстаўляе для ўзнагароды за бой у вёсцы Попічы ў жніўні 1943 году, паходзяць з Чачэрскага і Свеціловічскага раёнаў Гомельскай вобласьці.
У "Белую каманду", пасьпяховыя дзеяньні, а таксама, верагодна, добры ўзровень снабжэньня якой ствараюць ёй пазітыўны імідж сярод часткі насельніцтва, пераходзяць дабраахвотнікі і з ліку мясцовай паліцыі, і з ліку мясцовай моладзі.
Буглай піша пра тое, што дзясяткі людзей хочуць уступіць у ягоную "каманду" у Свеціловічскім, Чачэрскім і суседніх раёнах, немецкае камандваньне адабрае гэтую ініцыятыву і распараджаецца ўзброіць і абмундыраваць дабраахвотнікаў.

Афіцыйны статус "Белай каманды" у нямецкамоўных дакумантах на той момант - OD-Kompanie, рота службы парадку, а ранг Буглая - OD-Kompanie Fuhrer, што ў расейскамоўных дакумантах перакладаецца як капітан. Дарэчы, у 1943 годзе амбітны афіцэр ужо выкарыстоўвае уласныя бланкі адзіны з вялікім грыфам "Штаб "Белай каманды"" у левым верхнім вуглу.

З верасьня 1943 году "Белая каманда", якія рэгулярна вядзе баі з партызанамі, робіцца ўжо батальёнам у падначаленьні 630 ахоўнага паўка вэрмахта, а ў яе складзе з'яўляюцца за кошт папаўненьня ўжо як мінімум 2 роты.

У лістападзе 1943 года Буглай ужо падпісваецца "майор Буглай", а 20 лістапада ў загадзе па 630 палку ягоны камандзір падпалкоўнік Ротэ выказвае Буглаю, усім афіцэрам, унцер-афіцэрам і шэрагоўцам "Белай каманды" "асабістую падзяку" за "выдатныя дзеяньні і імпэт да бою" падчас цяжкіх абарончых баёў 18-19.11.1944 пад Макарычамі.

На той час на грудзі Буглая ўжо 2 атрыманых ардэны "За баявыя заслугі" для ўсходніх народаў 2 ступені ў бронзе за два баі ў 1943 годзе, знак "За штурмавы бой", атрыманы ў жніўні 1943 году і знак "За раненьне". На рахунку камбата 39 баёў, у якіх ён асабіста прыймаў удзел, у тым ліку 12 штурмавых.

У дакумантах батальёну захавалася датаванае 23.11.1943 году прадстаўленьне Буглая на атрыманьне рангу падпалкоўніка, але, цяжка сказаць, пісаў афіцэр гэтае прадстаўленьне сам на сябе, ці гэта пераклад нямецкага дакуманту. Так ці інакш, ходу гэты дакумант не атрымаў.

У тыя ж дні пішуцца прадстаўленьні на павышэньне для цэлай групы афіцэраў і ўнцер-афіцэраў батальёну, 11 сябраў батальёну атрымліваюць ардэны для ўсходніх народаў. Агулам колькасьць кавалераў ардэноў у батальёне даходзіць яшчэ да канца 1943 году да 48 - з улікам самаго Буглая, многія таксама атрымліваюць знакі "За штурмавую атаку" ці "За бліжні бой".

Значнай датай для батальёну сталі каталіцкія Каляды 1943 году. 24 сьнежня камандзір палка Ротэ піша ліст да асабовага складу "Белай каманды":
"Белая каманда" сьвяткуе сёньня свой двухгадовы юбілей.
Батальён за кароткі час свайго падначаленьня майму палку давёў, што ён здольны і неаднаразова вызначаўся мужнасьцю. Выказваю таму сваю падзяку і поўнае прызнаньне... За асаблівыя заслугі Вашага камандзіра, пачынаючы з сёньняшняга дню "Белая каманда" будзе называцца "Батальёнам Буглая".

Афіцыйна адзінка ў дакумантах стала называцца 682 усходнім батальёнам імя Буглая. Але афіцэры і штабісты батальёну яе называюць у паперах і "Баявым дабраахвотніцкім батальёнам імя Буглая".

Вясной 1944 году батальён Буглая складаецца са штабу батальёна, 4 ротаў, 2 ягдкамандаў, мае сваю жандармэрыю, артылерыйскі зьвяз і школу афіцэраў службу парадку, якую ўзначальвае асабіста Буглай.

Яны стала патрулююць партызанскія раёны, вядуць баі з групамі партызанаў, разбураюць партызанскія лагеры. З дакумантаў становіцца відавочнай жахлівая рэчаіснасьць апошняга году партызанскай вайны ў Усходняй Беларусі - разбураныя і спаленыя падчас шматлікіх баявых сутыкненьняў і карных акцыяў вёскі, у якіх ужо няма сэнсу размяшчаць войскі, насельніцтва пераўтворанай у пустыню "нічыйнай" зямлі паміж зонамі партызанскага і нямецка-паліцэйскага кантролю, якое хаваецца ў лясах і жабрацтвуе.

Пры гэтым у Буглая хапае харызмы і аўтарытэту для таго, што на ягоны бок пераходзілі са зброяй партызаны з савецкай партызанскай брыгады імя Кірава пад камандваньнем Аляксея Шубы. А ў сакавіку 1944 году батальён паведамляе пра 182 "былых партызана", якія дабраахвотна вярнуліся з лесу.

23-25 красавіка гэтыя адзінкі лікам у 520 чалавек за два з паловай дні праходзяць па маршруце Макарычы-Старыя дарогі-Асіпавічы-Лапічы-Уборок і распалагаюцца ў вёсцы Уборок, станцыі Уборок, вёсках Сёмкіна Слабада Крычава. Яшчэ 40 чалавек застаюцца ў Макарычах, каб ахоўваць сем'і жаўнераў і афіцэраў батальёну ад карных акцыяў з боку партызанаў.

На ўзбраеньні адной з ротаў батальёну у той час знаходзяцца 9 лёгкіх кулямётаў, 3 цяжкіх, 2 лёгкія мінамёты, 1 цяжкі, 2 пісталета-кулямёта і 68 стрэльбаў.

На гэтым летапіс гісторыі "батальёну Буглая" у фондзе 857 НАРБ заканчваецца.

Канешне, мы не бачым з гэтых дакумантаў баявых няўдачаў "Белай каманды" і адмоўных учынкаў яе жаўнераў і афіцэраў, але выглядае, што малады афіцэр з-пад Нясвіжу быў надзвычай здольным арганізатарам і баявым камандзірам, якому верылі і ягоныя падначаленыя, і ягоныя начальнікі, і многія цывільныя жыхары Гомельшчыны.

партызаны, асобы, паліцыя, рэаліі

Previous post Next post
Up