Originally posted by
kurt_bielarus at
Грамадзянская вайна на Бабруйшчыне 1944-1948...Падчас акупацыі шмат жыхароў Клічаўшчыны пайшлі служыць у паліцыю. Некаторыя з іх удзельнічалі ў карных аперацыях. Было шмат і тых, хто працаваў у акупацыйнай адміністрацыі. Сітуацыя ўскладнялася і тым, што падчас акупацыі ў Бабруйску знаходзілася вялікая колькасць рускіх батальёнаў, вайсковых частак, створаных нацыстамі дзеля барацьбы супраць савецкіх войск. Пасля вызвалення гэтых тэрыторый значная колькасць уласаўцаў падалася ў лясы. Ад Саветаў таксама хаваліся і звычайныя сяляне, якія былі супраць калектывізацыі.
Амаль адразу пасля вызвалення гэтых тэрыторый ад немцаў савецкія ўлады пачалі вяртацца да калгаснай сістэмы. Так, Клічаўскі райвыканкам прыняў рашэнне сілай канфіскоўваць быдла, сельскагаспадарчыя прылады працы і насенне ў тых, хто адмаўляўся ўсё гэта перадаць у калгас. Для выканання гэтага распараджэння выкарыстоўваліся ўчастковыя міліцыянеры. Нарэшце, варта падкрэсліць, што ў клічаўскіх лясах у гады вайны была савецкая партызанская зона. Там захаваліся зямлянкі, бліндажы і іншая неабходная для ляснога жыцця інфраструктура. Такім чынам, на Клічаўшчыне была сацыяльная база і спрыяльныя ўмовы для ўзнікнення антысавецкіх фарміраванняў.
У 1944 годзе вакол былога супрацоўніка нацысцкай адміністрацыі Аляксандра Аношкі сабралася некалькі дзясяткаў былых паліцаяў, уласаўцаў і іншых незадаволеных савецкай уладай. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, падчас вайны гэты чалавек адказваў за адпраўку беларускай моладзі ў Германію. Акрамя гэтага, Аношка здаў гестапа некалькі сямей партызанаў. Намеснікам Аношкі быў былы паліцэйскі Іван Шэх (па мянушцы Жук). Іх атрад дзейнічаў у Клічаўскім, Кіраўскім, Бярэзінскім, Асіповіцкім, Быхаўскім раёнах.
Першая сустрэча ўпаўнаважанага Дзям’янава з клічаўскімі «ляснымі братамі» адбылася ля вёскі Орлін. Выйшаўшы з будынку сельсавету, міліцыянер накіраваўся да хаты, дзе жыла сям’я былога паліцэйскага. Аднак нечакана з лесу паказаліся ўзброеныя людзі, і адзін з іх пачаў страляць з аўтамата. Дзям’янаў быў лёгка паранены ў нагу. Былы франтавік тут жа схапіў свой ППШ і агнём у адказ не дазволіў нападаўшым наблізіцца да сябе.
Наогул, госці з лесу распачалі сапраўднае паляванне на супрацоўнікаў савецкага дзяржапарату, былых партызан і іх сямейнікаў. Жонка Дзям’янава Ганна Кірылаўна разам з толькі што народжанай дачкой вымушана была амаль кожны дзень змяняць месца начлегу, таму што заставацца на адным месцы было рызыкоўна. Аднойчы «лясныя браты» паспрабавалі нават падпаліць вёску, калі даведаліся, што ў ёй знаходзяцца міліцыянеры, што прыехалі з Бабруйску.
«Для барацьбы з «ляснымі братамі» была створана адмысловая аператыўная група на чале з кіраўніком аддзелу барацьбы з бандытызмам МУС БССР палкоўнікам Аляксеем Гранскім. У аперацыі, акрамя супрацоўнікаў МДБ і міліцыі, прымалі ўдзел і падраздзяленні савецкай арміі. Быў распрацаваны план па ўкараненні ў банду агента, які павінен быў прывесці «лясных братоў» у засаду міліцыі. У рукі МУС трапіў былы настаўнік па прозвішчы Тоўсцік, які падчас нямецкай акупацыі быў старастам адной з вёсак. Аказалася, што гэты чалавек з’яўляецца сваяком няўлоўнага Аляксандра Аношкі», - успамінаў Дзям’янаў. Тоўсціка прымусілі пайсці на супрацу з МУС і хутка адправілі ў атрад. Былы настаўнік праз спецыяльныя схованкі пакідаў дадзеныя для міліцыі. «Я асабіста некалькі разоў хадзіў на сустрэчу з Тоўсцікам», - пісаў Дзям’янаў.
Нарэшце, у маі 1948 года міліцыі ўдалося арганізаваць пастку для Аношкі, у якую той і трапіў. Аношку і некалькі яго сяброў удалося ўзяць жывымі. Іншых знішчылі ў зямлянках. Прысуд для Аношкі і яго паплечнікаў быў аднолькавым: 25 гадоў зняволення.
Зараз можна па-рознаму ацэньваць тыя падзеі. Па сутнасці, Другая Сусветная вайна ў 1944 годзе на Бабруйшчыне працягвалася. Але мела яна ўжо характар грамадзянскай вайны.
http://novychas.info/poviaz_casou/historyja_adnaho_milicyjaniera/