Харошая, мілая Гародня (асцярожна: суб'ектыўнасць)

Jul 13, 2014 15:34




Ёсць такія гарады, якія любіш проста за тое, што яны ёсць. Гарады з казак, з мрояў, гарады з успамінаў. Гарады, якія адыгрываюць у табе важную, цікавую ролю. Знакавыя гарады. Ёсць мясціны, дзе ты будзеш шчаслівы, што проста тут знаходзішся. Дзе зможаш нешта забыць. Дзе здолееш нешта ўспомніць. Бо ўвесь астатні свет у гэтых мясцінах мала што агульнага мае з рэальнасцю. Ён перанасычаны ёю, і таму мозг яе не ўспрымае. Ты нібыта прачытаў пра яго ў нейкай цудоўнай, незвычайна кнізе, а не пражыў там. Бо тут табе ўсяго хапае. І нічога лішняга
Агароджаныя мясціны.

Сюды заўсёды прыемна вяртацца. Тут добра быць.
І я не ведаю ніводнага гарадзенца, які б не любіў свой горад.
Здаецца, жыхары ягоныя зразумелі нешта важнае. І тое, што зрабіць сябе шчаслівым можна тут і зараз, асабліва не ўцякаючы і не шукаючы. Уцячы за тры крокі, знайсці побач. Яны не асабліва імкнуцца адсюль зваліць. Горад не душыць, не наваліваецца цяжарам. Тут заўсёды добрае надвор'е, якім бы яно не было.

Адбудавалі новы чыгуначны вакзал. Выглядае вельмі крута, сучасна. Добра, па-новаму абсталяваны. Прыемна прыязджаць, прыемна адпачываць, прыемна чакаць. Можна б яшчэ б кававы апарат туды запіліць. Але можа мы проста яго не знайшлі.
Вельмі атмасферны зарослы плюшчом ГрДУ імя Купалы. Тут напэўна добра вучыцца хаця б з-за будынку.

У працоўны дзень пусты парк, знаёмы Жылібер і нейкі  кавярня-шапік з арыгінальнымі кактэйлямі і таннай фастфудскай ежай. Працуе моладзь,пэўна, студэнты. Крычаць адзін на аднаго, падкалваюць, патрабуюць нешта, смяюцца. Тут бы хацелася працаваць. Нават летам.
Дзіўныя ўпрыгожванні парку. Празрыстыя парасоны, драўляны клоўн, цмок, сплецены з лазы.
А цераз дарогу - Ленін у кепцы. Свой пацан.

Абавязковы прыйсці да Каложы (праблема павярнуць фоткі ў жж)

Звонку і знутры ціхая, спакойная, свая.

Перад ёю - калонка, якая для нас проста шык-мадэрн і падарунак лёсу пад ліпеньскім сонцам і без лішніх грошай. Вада смачная і чыстая. Бадзёрыць.

Побач пабудавалася, зусім нядаўна, па ходу, названая намі Каложа-new. Бо падобная, вельмі.



Тэатр паміж блакітным і зялёным. Ляжаць на беразе ракі на траве перад тэатрам.

Не пабачылі праўда Гародню вячэрняй, Праўда, лепш за ўсё гэта ўзімку. І мой заскок з ліхтарамі, але пакуль хопіць з мяне тутэйшых і менскіх.

А вось проста фота. Куча вобразаў, куча думак, у кожнага хай будзе сваё.

Яшчэ тут звыкаешся не здзіўляцца людской разнастайнасці. Побач з сінагогай ходзяць негры, у фарным - беларуска-польскі піджын, мова, з якой смяюцца самі палякі і ня якой размаўляў Міцкевіч. Беларуская,польская, руская маюць амаль роўныя правы.Прывыкаеш да нармальнасці.


Кнігарні з афігеннейшымі паштоўкамі. Здаецца, непатрэбнымі, і грошыкаў та на піць-нармальнаесці-эканоміцьбомала можа не хапіць. У мяне каты-музыкі з трыма трубамі, кантрабасам і гармонікам. Знаходзяцца кнігі, якія даўно шукаў, дзе толькі можна. Розныя  цікавыя рэчы, і не верыцца, як табе раней было цікава без іх.
Савецкая з яе брукаванкай. Брадвей, Дзерыбасаўская, Арбат, Неўскі, Няміга і Карла Маркса мінулым летам і восенню, Манмартр. А тут - Савецкая. І назва не адштрухоўвае. Бо нічога не варта забываць. Тут можна спалучаць. Вулічны скрпач, які грае штосьці вельмі прыгожае, у якім пазнаеш "Сколько я зарезал, сколько перерезал". Жывая музыка, жывая вуліца. Тое, што зусім не насуперак і пры гэтым - добра. Людзі звыкліся, і пры гэтым не аслеплі. Вясёлка, з якой не збіраюцца апускаць позірк.


Гародня маленькая і таму канцэнтрацыя ў яе ўсяго добрага вельмі вялікая. Тры касцёлы, два замкі, тры царквы, танк, тэатр, сінагога, пажарная вежа, кавярні - усё побач. Нёман, віры і адкосныя берагі яго каля цэнтральнай плошчы. "Чебуречная"(выключная ў сваім родзе) побач з нятаннымі "Карчмой"(з тэкстам песні на сцяне, дарэчы) і "Ретро-пиццей". Зайцы ў цэнтры горада. Старажытнейшы замак, на рэштках якога можна адпачываць. Горад, які з густам спалучыў у сабе цікавае і цяжка спалучальнае. І выйшла нешта неверагоднае. Ня гора. Годнае. Роднае.                 Го і Ра і Дня.

Гродно

Previous post Next post
Up