Доўгія гісторыі са здымкамі на некалькі дзён альбо нашае падарожжа па Беларусі

May 28, 2008 18:15

Дык вось! Пачалося ўсё з таго, што: хацелі паездзіць па роднай краіне і пабачыць яе, муж вельмі хацеў у Ружаны, набылі новы фоцік і аб’ектыў, знаёмыя з Вроцлава сабраліся прыехаць у госці і многа іншых дробных фактараў. І дзякуючы ўсяму гэтаму ў нас атрымалася вельмі прыгожае і мілае падарожжа па Беларусі.



Дзень першы Брэст - Вельямовічы -Воўчын - Высокае -Камянец - Пружаны - Бяроза

Дзень пачаўся з ціхенькага звону мабіла-будзільнікаў, абодвух, каб не праспаць. Засынала і прачыналася з думкамі пра палякаў, хаця не здарылася б з імі што, бо начавалі на вакзале ў Брэсце.

І мы, з самага рання, ехалі па іх з Менску, каб ужо адтуль пачаць свой маршрут па Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне.

Брэст. Зайшлі ў краму за вадой, палякі купілі сабе чабурэкаў, доўга запаміналі слоўца. Брэсцкая крэпасць, пахадзілі, пагаварылі, парасказвалі ім усё, што ведалі, зайшлі ў праваслаўную царкву на тэрыторыі крэпасці, што раней была грэка-каталіцкай. Вельмі цікавая ўнутры.

Больш у Брэсце нідзе і не хадзілі, бо наперадзе было яшчэ многа ўсяго. Едзем. Галоўны пункт - Воўчын, касцёл, дзе быў пахаваны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. І памежная зона заадно. Я перачытала мноства розных законаў пра гэтыя памежныя зоны на ўсялякі выпадак і трошкі хвалявалася, муж быў спакойны як удаў, а палякам пасля ночы на вакзале было ўсё да лямпачкі. Пажартавалі, што мо нас не расстраляюць :)

Едзем. Вакол пахі вішань, бэзу, свежага навозу, рапсу, вясновага паветра, вёсак і такія пахі чаргаваліся падчас ўсёй нашай паездкі, а дзе-нідзе дадаваўся яшчэ прыемны пах дажджу і навальніцы.

Натуральна, што так адразу да Воўчына даехаць мы не змаглі, энергія з нас так і перла, апараты ў руках прасіліся на волю, ды і сядзець у машыне ўвесь час нецікава, таму... першым нашым пунктам сталі Скокі, сядзіба польскага пісьменніка Юліуша Нямцэвіча, якую зараз рэканструююць у найлепшым “стылі беларускіх традыцый”

Скокі - сядзіба Нямцэвічаў, 1770 г.


Далей, па дарозе невялічкая каплічка


а потым указальнік - капліца-пахавальня. Натуральна, таксама ў маршруце няма.

- Муж, міленькі, ну давай заедзем, а?

Едзем. Лясная сцяжына, могілкі, а потым капліца і магілы Талочкаў. Заможных, па ўсім відаць, людзей.



Далей па плане - царква ў Вельямовічах. Вёска доўгая, але не ў адну вуліцу, пачынаем задумвацца, ці не праехалі мы неяк ненарокам тую царкву. Спыняем бабульку: “Будзьце добрыя, падкажыце, дзе тут царква”. Бабулька адказала так, што мы помнім да гэтага часу, назву вёскі нават можна забыць, а такое то ніколі: “А там, едзьце прама, насупраць маёй хаты” :)

На Глобусе царква 1899 года выглядзела адпаведна сваім гадам, а цяпер яна рэстаўруецца, шкада, бо бліскучыя купалы, бляха на даху, ружовыя колеры... ну, вы і самі разумееце...

А каля бабкінай хаты цвілі вішні...


Воўчын. Далей, фатаграфуючы па дарозе цэрквы і спрабуючы не заснуць, бо пачало ўжо прыпякаць сонейка і давала пра сябе знаць дарога, мы даехалі да памежнай зоны, а потым і да Воўчына. Бог пачуў мае малітвы і ніхто нас не спыніў. У Воўчыне вельмі многа байкераў матацыклістаў... гойсалі па дарогах туды і назад, глядзелі на незнаёмых з фотаапаратамі і незнарок паказалі нам, як патрапіць у касцёл. Пакуль што першы касцёл на нашай дарозе і вельмі знакаміты. Бо ў ім менавіта быў каранаваны, а потым і нейкі час пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Калі я была там першы раз, мы запыталіся ў мясцовага дзядзечкі, чым знакаміты гэты касцёл. І ён нам адказаў: “Тут нейкі Панікоўскі быў”. І смех, і слёзы...

Касцёл (1729-33) вельмі прываблівае, нягледзячы на свой разбураны стан, а можа якраз і гэтым. Маленькае, зграбнае, напаўразбуранае барока на палянцы паміж дрэў.



Хадзілі, глядзелі, рабілі здымкі, пазіралі праз шчылінкі ўнутр, хацелася ўвайсці. Потым палякі згледзелі, што ўнутр на нейкі час патрапілі хлопцы. Як, якім чынам дзівіліся мы, на абодвух жа дзвярах замкі вісяць. І аднак увайшлі, варта было трошкі папхнуць дзверы, як прабой выскачыў са старога дрэва і ўпусціў нас у касцёл.

Высокае. Высокае сустрэла нас не вельмі прыемным пахам, які даносіўся з ... манастыра баніфратраў ХVIIIст., былога, як вы самі разумееце. Цяпер з яго хутчэй за ўсё зрабілі кароўнік. А такі быў будынак...



Гэта, на ўездзе. Далей мы патрапілі ў сядзібу Патоцкіх, парк, флігелі, розныя пабудовы.

Далей па вуліцы - велімі цікавы касцёл (1603-08), я такіх хіба што і не бачыла яшчэ - шырокі і нізкі.



..............................



................................

З Высокага мы паехалі ў Камянец. Перад ім - вёска Мікалаева. Уязджаем ў яе і бачым на горцы такую маленькую, такую прыгожую сярод дрэў, такога сіняга-сіняга колеру царкву. Увогуле, мне цэрквы раней неяк не падабаліся і ўвагі вялікай я на іх не звяртала, але гэтае падарожжа змяніла мой погляд і ад некаторых, што сустрэліся на нашым шляху, я была проста ў захапленні. Дык вось і ад гэтай у такім жа стане.

Спынілі машыну, ідзём фатаграфаваць. Караліна па дарозе фоткае хаты, якія ёй вельмі падабаліся, усе рознакаляровыя і ў квецені. І тут з адной хаты да нас выходзіць бабулька, і пачынае з намі размаўляць... якая мова... я проста прыбалдзела, беларускі дыялект, украінскія слоўцы, і так неяк спеўна ўсё атрымліваецца... што праўда, я палову не зразумела, але здагадалася. Бабулі спадабалася Караліна: “а дзетачка, а прыгожанькая якая (у Караліны доўгія валасы і мілая ўсмешка). А ў мяне во ўнукі два, з арміі толькі прыйшлі...”
Пагаварылі з бабулькай яшчэ трошкі, развіталіся цёпла і пайшлі да царквы.



А вось і царква канца ХІХ стагоддзя


Прыязджаем ў Камянец, яшчэ адна вельмі прыгожая царква:



Ідзём да вежы. У дварах музыка на поўную гучнасць, нешта кшталту беларускай папсы з гэткімі баявымі жыццесцвярджальнымі матывамі і мы чуем словы песні: “Лучший город на земле - Каменец. Лушчий районный центр!” І прыпеў: “Райцентр - лучший мой райцентр!....”
Палякі так і не зразумелі, чаму мы з мужам усю дарогу да вежы так смяяліся...



Было ўжо даволі позна і мы спяшаліся на начлег, ды і сіл засталося зусім трошкі, толькі на Пружаны і хапіла, хаця па плане яшчэ штосьці там было.

У Пружанах мы хуценька паглядзелі ўсё, што было па дарозе. Вельмі спадабаліся гандлёвыя рады! Проста як сукенніцы ў Кракаве! Я была ў захапленні. Трэ будзе туды надаўжэй прыехаць.



Начаваць мы паехалі ў Бярозу, у гаспадарку Шчодры Заяц. Прыехалі позна, пасля дзевятай, хаця абяцалі быць на дзве гадзіны раней. Мілыя і прыемныя гаспадары зрабілі нам шчодрую вячэру ў лазні. Клёцкі вараныя - я такога яшчэ не ела, мы смажым заўсёды, а тут - вараныя. І аказаліся такія смачныя, што за вушы не адцягнеш. Ды і лазня (сауна) была выдатная, гарачанькая, смачна пахла венікамі і адсвяжыла нас пасля дарогі настолькі, што мы нават спаць не хацелі ісці.

А заўтра нас чакаў новы дзень...

Брестская область, Пружанский район, Береза, Брестский район, Каменец, Волчин, Каменецкий район, Высокое, Вельямовичи, Брест, Березовский район, Пружаны

Previous post Next post
Up