Мае родныя мясціны, дзе я вырас і працаваў...
Невялічкі аповяд.
Нарадзіўся я ў малюсенькай вёсцы пад назвай Курды (націск ставіцца на апошні склад, таму да народа ў Азіі ніякага дачынення вёска не мае), знаходзіцца яна ўздоўж дарогі з Вільні на Полацак. Ад першага свайго ўзгадвання ў пачатку ХХ ст. гэта было маленькае паселішча, спачатку засценак, потым хутар, у савецкія ж часы стала вёскай. Мае бацькі пабудавалі там хату ў 70-я гг. Падчас свайго найвышэйшага росквіту тут было 7 хат і 14 жыхароў. Зараз засталося ўжо толькі 5 жылых хат, і то праз 10 год наўрад ці застанецца хто тут жыць, бо засталіся ў вёсцы адны старыя.
Зусім побач (праз тракт) знаходзіцца больш буйная вёска - Лукашова, калісьці там быў сельсавет і цэнтр саўгасу, зараз ад былога засталіся базавая школа і крама. У мясцовай школе якраз і працавалі мае бацькі, бацька быў адзін час дырэктарам школы, потым настаўнікам гісторыі, маці мяне вучыла ў пачатковых класах.
Вось так выглядае мой бацькоўскі дом. Цвітуць вішні.
Пасека побач з хатай.
Мае бацькі.
Сярэднюю адукацыю я ўжо атрымліваў у Паставах.
Гэта старажытны горад, які ў дакументах упершыню ўзгадваецца ў 1409 г. *праўда, тады яшчэ пад назвай Пасаднік) Як няцяжка здагадацца, у наступным годзе Паставы будуць святкаваць 600-гадовы юбілей. Належаў горад доўгі час роду Зяновічаў, пакуль у другой палове 18 ст. не перайшоў ва ўласнасць Тызенгаўзаў. Найбольш радыкальныя змены ў абліччы горада звязаны з імем Антонія Тызенгаўза, гарадзенскага старасты і падскарбія (міністра фінансаў) ВКЛ. Менавіта па яго ініцыятыве цэнтральная плошча горада атрымала каменую забудову, над якой працавалі італьянскія архітектары. Яна захавалася да гэтага часу.
Антоні Тызенгаўз развярнуў у Паставах і Гародні вялікую актыўнасць, будаваў шмат мануфактур, але не заўсёды яны прыносілі прыбытак. Таму ўрэшце ён быў зняты з дзяржаўнай пасады, пераехаў у свой палац у Паставах, дзе і памёр.
Палац таксама захаваўся, зараз тут знаходзіцца раённая бальніца.
На адным са здымкаў можна бачыць і помнік яшчэ аднаму прадстаўніку роду Тызенгаўзаў - Канстанціну. Ён быў даволі вядомым навукоўцам, заснаваў тут арніталагічны музей (які пасля яго быў аддадзены ў Вільню), таксама валодаў карціннай галерэяй. Па некаторых звестках у ёй былі творы такіх легендарных мастакоў як Леанарда да Вінчы, Альбрэхт Дзюрэр ці Рубенс. Але дакументальных пацверджанняў гэтаму няма.
Як і ў большасці невялікіх гарадоў на Заходняй Беларусі, у цэнтры знаходзяцца храмы двух галоўных канфесій.
Па-першае, гэта Свята-Мікалаеўская царква, пабудаваная ў канцы XIX с.
Але мне больш падабаецца неагатычны касцёл Антонія Падуанскага, узведзены ў пачатку ХХ ст. Тут мяне калісьці храсцілі, хоць і ў дзяцінстве, і зараз гэты хрост для мяне асаблівага значэння не мае.
Паставы вельмі дагледжаны горад, чысты і адрамантаваны. Сваю ролю тут згуляў фэст "Звіняць цымбалы і гармонік", што праводзіцца раз на два гады (сам фэст не рэкамендую, быдла-фолк, адзін раз бачыў, уражанняў мне нашмат хапіла). Да таго ж у мінулым годзе тут быў Дзень беларускай пісьменнасці. Дзякуючы гэтым мерапрыемствам горад набыў даволі прыгожы твар.
Рухаемся на ўсход. На захад ад Пастаў таксама шмат чаго цікавага, але гэта пераважна памежная зона.
На дарозе Вільня-Полацк, што згадвалася вышэй, у бок Глубокага, знаходзіцца "Салаўіны гай". Даволі цікавае месца, вядомае шырока сваімі страусамі. Напачатку тут быў закладзены сумесна з немцамі сырзавод. Праз некаторы час ад немцаў пазбавіліся, але і да гэтага часу асноўная маса сыроў ідзе на Германію, другі імпарцёр - Расія. Зрэдку на прадукцыю гэтага сырзаводу можна патрапіць і ў Менску (марка Adelbyer). Хоць напчатку гэта быў толькі сырзавод, зараз чаго там толькі не вырабляюць - пельмені, хлеб, піва і г.д. Мясцовую прадукцыю можна набыць на месцы. Рэкамендую мясцовы хлеб - вельмі каларытны і смачны. Піва тут жывое, аддае бражкай, але паспрабаваць можна.
Потым дырэктару калгасу Валодзька нешта пераклініла наконт страусаў, ён іх набыў у Расіі і стаў разводзіць. Паступова сталі падцягвацца турысты, была абсталявана невялічкая рэстарацыя, а сам "Салаўіны гай" ператварыўся ў невялікі заапарк.
Гэта практычна адзінае месца ў акрузе, дзе можна атрымаць нармальныя грошы, шмат хто з маіх знаёмых там працуе. Адзін хлопец, з якім мы вучыліся ў школе, распавядаў як ён забіваў страусаў драўляным молатам. З заводу яго потым прагналі за п'янку, ён канчаткова спіўся і павесіўся. Але страусы ў гэтым не вінаватыя.
Далей ў бок Глыбокага знаходзіцца вёска, вядомая сваім іезуіцкім касцёлам св. Тадэвуша.
Яшчэ крыху далей старажытнае мястэчка Дунілавічы, дзе я калісьці два гады працаваў настаўнікам гісторыі пасля заканчэння ўніверсітэту.
Там знаходіцца Траецкі касцёл.
Калі будзеце ехаць далей у бок Глубокага, рэкамендую заехаць на возера Баравое, яно знаходзіцца не так далёка ад дарогі.