Спампаваць "Пра герб і сцяг" і "Мая Радзіма Беларусь"

Jun 07, 2018 01:18



Мая Радзіма Беларусь - маляванка


Маляванка для творчасці і натхнення.

Выданне складацца з чорна-белых малюнкаў і вершамі беларускіх паэтаў, пасля размалёўкі гатовыя працы можна змясціць у рамку ды разнастаіць малюнкам інтэр’ер вашага дому ці зрабіць цудоўны творчы падарунак родным і сябрам.



Кніжнымі хітамі апошніх гадоў у Еўропе і Амерыцы сталі размалёўкі для творчасці і натхнення (маляванкі для дарослых). У анлайн-крамах яны займаюць першыя радкі продажаў, а ў традыцыйных кніжных - лепшыя месцы на паліцах. Размалёўкі сталі новай арт-тэрапіяй і модным хобі людзей па ўсім свеце.

«Мая Радзіма Беларусь» - гэта маляванка па-беларуску для творчасці, натхнення і адпачынку, вынік калектыўнай працы каманды «Арт Сядзібы» і Symbal.by, беларускіх мастакоў, дызайнераў, паэтаў і выдаўцоў.

Адна з цікавостак, якая распачынае кнігу, - малюнак Алены Шаліма «Радавод». Мець радавод варта кожнаму шчыраму беларусу, які шануе продкаў і ведае гісторыю свайго роду ды краю. «Радавод» не толькі можна размаляваць, але і выканаць заданне для гэтага малюнка: «У каранях дрэва напішы імя і прозвішча, на камлі намалюй герб свайго роду, а на галінках пазнач бацькоў, дзядуль, бабуль і так далей».

«Мая Радзіма Беларусь» - унікальная маляванка для творчасці, натхнення і адпачынку ці арт-тэрапія па-беларуску! МРБ - гэта Беларусь з яе традыцыямі, сімваламі, святамі, мовай, прыродай, спадчынай, адметнасцямі пад адной вокладкай. МРБ - гэта душа нашай краіны, якую мы адмыслова пакінулі чорна-белай, каб кожны ўладальнік гэтай кнігі зрабіў яе каляровай, якой бачыць і адчувае сам.

Пра герб і сцяг


Унікальная кніга Вінцука Вячоркі з ілюстрацыямі Пятра Драчова для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, якая выйшла ў 1993 годзе і з таго часу не перавыдавалася.



«Ёсць легенда пра тое, як узнік наш сцяг. Быццам жыў у Беларусі разумны і мужны князь, якога шанаваў народ і баяліся ворагі. Калі ж нападалі чужынцы - смела ішоў у бой, сам ваяваў ды іншымі камандаваў так, што непрыяцель у жаху ўцякаў. Ды неяк у сечы князя паранілі: чужы рыцар мечам рассек яму лоб. Верныя сябры вынеслі князя з поля бітвы і перавязалі рану белым палатном».

Усе беларусы ведаюць гэтую гісторыю, але не ўсе памятаюць адкуль.

Большасць з нас упершыню чытала яе ў кнізе Вінцука Вячоркі «Пра герб і сцяг», якую праілюстраваў Пётр Драчоў.

«Мы беларусы, наша краіна - Беларусь. Народаў і краін у свеце шмат. У Швецыі жывуць шведы, у Польшчы - палякі, у Расеі - расейцы. Кожная краіна, кожны народ адрозніваецца ад іншых: моваю, звычаямі, вопраткай, выглядам. Кожны народ і краіна маюць свае знакі», - гэткімі словамі распачыналася легендарнае выданне.

Кніга выйшла ў 1993-м у выдавецтве «Беларусь» накладам у 90 тыс. асобнікаў і з таго часу не перавыдавалася. Таму цяпер «Пра герб і сцяг» - бібліяграфічная рэдкасць. Мы лічым несправядлівай сітуацыю, калі гісторыю пра рыцараў у цяжкіх жалезных латах, якія малявалі знакі свайго роду на шчытах, могуць прачытаць не ўсе.

Таму прапаноўваем бясплатна спампаваць кнігу ў pdf-фармаце.

Кнігі, Спампаваць, Дзеці, Навучаньне

Previous post Next post
Up