Гісторыя Беларусі ў скароце...

Jun 01, 2011 01:02

...спадабаўся кліп...

(каля 132 Мб)

image Click to view




Не было раней нічога, а цяпер усяго многа.
За гэта мы мусім падзякаваць Богу,
Ён ствараў наш сьвет у жанры фрыстайлу,
Прамовіў «Будзьма!», і Беларусь паўстала.
Іхтыязаўры і іншыя цмокі…
Мы напачатку ў акіяне моклі,
А потым пакінулі водныя нетры
І займелі мы назву «неўры».
Неўры здавён, ад першых вякоў
Пераўтвараліся ў ваўкоў -
Такая вось звычка была ў народа…
Жыцень, Пярун, Дажджбог і Кола Сварога -
У паганскіх багоў продкі нашыя верылі,
Але ўжо хрысьціянства грукае ў дзверы ім.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Год 862 ад нараджэньня Хрыстова -
Пра Полацак першыя летапісныя словы.
Ў тым Полацку збудуюць сабор Сьвятой Сафіі
(У свеце былі толькі тры такія).
Тамтэйшы князь Усяслаў Чарадзей
Быў чоткі персанаж, але слухай далей!
У Полацку жыла Еўфрасіньня Сьвятая,
Памяць пра яе ў стагодзьдзях ня тае.
Для яе зрабілі знакаміты крыж
(Ня проста супэр, а супэр-звыш),
Але ў апошнюю вайну артэфакт прапаў.
Такі вось, прабачце, мясцовы грааль.

Ідзем далей, не марудзім доўга.
Час надышоў князя Міндоўга.
І тут мы зацяміць мусім з табой -
Тады Беларусь называлі Літвой,
А дакладней - Вялікім Княствам Літоўскім
З гербам «Пагоня» і супэрскім войскам.
Пакрочым далей сваім шляхам пыльным.
Князь Гедымін засноўвае Вільню.
Сон легендарны - ваўчара ў латах…
На Вікіпэдыі пра гэта багата.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Год 1362-гі.
Шчэрацца дзіды. Лунаюць сьцягі.
Нашыя войскі ля Сіняй Вады
Разьбілі трох ханаў Залатое Арды,
І Княства Літоўскае раптам - о-па! -
Зрабілася буйнейшай дзяржавай Эўропы.

Давайце далей разгортваць сьвітак.
У Княстве Літоўскім княжыць Вітаўт.
Тэўтонскі Ордэн нам пагражае.
Пад Грунвальдам бітва ўсё вырашае.
Вітаўт зь Ягайлам, польскім каралём,
Крыжакоў адправілі ў мэталалом.

Францішак Скарына - канкрэтны мажор.
Вучыўся ня ў Полацку, а за мяжой.
І з гэтай навукай ён добра парадзіў -
Беларускую Біблію выдаў у Празе.
Вайскоўцы былі ў форме ня горшай -
Паклалі маскоўскае войска пад Оршай
У 1514-м годзе,
Але годзе пра гэта, наперад мы пойдзем!
Хвілінны прыпынак - зараз і тут
Зацьверджаны Трэці Літоўскі статут,
А пад Кіргхольмам разбілі шведаў,
Відаць, ты пра гэта раней не ведаў.

Будзьма ведаць свой род!

У Магілёве ў бітве апантанай
Сем тысячаў палегла акупантаў.
Якіх акупантаў? Ну, гэтых… З Усходу -
Прадстаўнікоў братняга расейскага народу.
Іх называлі яшчэ «маскавіты»,

А мы ўжо ў Рэчы жылі Паспалітай -
Беларуска-літоўска-польскай дзяржаве -
І чамусьці суседзяў усіх раздражнялі.
Тры падзелы Рэчы Паспалітай -
Вось так - узялі нас і падзялілі.
Найбольшую частку зьела Расея…
Сярод шляхты незадаволенасць сьпее.
На сцэне зьявіўся Тадэвуш Касьцюшка.
Запомніць імя гэта трэба. Таму што
Тадэвуш канкрэтным быў рэвалюцыянерам -
У свабоду, роўнасьць, братэрства верыў,
Змагаўся за гэта нават у Штатах,
Але рускі царызм яго кінуў за краты.

Будзьма ведаць свой род, шалёны народ, беларускі народ!

Падчас напалеонаўскага землятрусу
Зь беларусамі біліся беларусы,
А ў 1863-м
Паўстаньне ізноў пажарышчам сьвеціць.
Кастусь Каліноўскі, сын Беларусі
Ў роспачы быў, у гаркоце, у скрусе,
Падняў касінераў, сьмела біўся ў палях,
Але ў пятлі на Лукішках скончыў свой шлях.

Сьвет на мяжы ХХ стагодзьдзя.
Трэба падымаць культуру ў народзе!
Багушэвіч, Багдановіч, Купала і Колас,
Ластоўскі, Луцкевіч… Багата было вас!
Дзясяткі й дзясяткі выбітных імёнаў…
Але ўжо рэвалюцыя палае чырвоным.

Ну вось. У рэвалюцыйных жахах
Зьяўляецца новая дзяржава.
Завецца прыгожа яна: БНР.
Яе ўтварэньне святкуем і цяпер.
Але раптам аднекуль - зь дзіркі ад бубліка -
Зьяўляецца іншая на табе рэспубліка.
Завецца ўжо не рамантычна яна -
Савецкая сацыялістычная.
20-я гады. Векапомны час.
Беларусізацыя пануе ў нас.
Пісьменьнікі пішуць выдатныя творы,
Мастакі ў Віцебску заўсёды ў гуморы…
І гэтак было, пакуль не прыйшоў
Год 37-ы, крывавае шоу.
Але то шчэ была апраметная.
І вось пекла - Другая сусьветная.
Былі акупанты, былі партызаны,
Краіну ізноў на шматкі разгрызалі…
Ізноў беларусы з абодвух бакоў…
Ліецца кроў родных братоў.

Канец вайне! Здавай аўтамат!
І вось ужо ў небе ляціць касманаўт.
Машэраў, прамову сваю гавары!
Сьпявайце пра Яся грамчэй, «Песьняры»!
Барыс Кіт, рабі вынаходкі ў НАСА,
А мы застанемся з краінай сам-насам.
Рэспубліка Беларусь - яе назва цяпер.
Прыняты сьцяг, зацьверджаны герб.
Сьпяваюцца песьні, чытаюцца вершы…
Год 1991-ы…

Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, беларускі народ…

На гэтым шматкроп’е. У рукі вам сьцяг,
Хай кожны напіша ўласны працяг…

Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, беларускі народ…
Будзьма
Ведаць свой род!
Шалёны народ, шалёны народ…
------------
© «Будзьма разам!»

Інфа, Відэа

Previous post Next post
Up