Як робяцца палітуцекачамі

Sep 03, 2011 00:03



Сястра былога байца “Алмаза” папрасіла палітычнага прытулку за мяжой.

Вольга Макар, сястра былога байца спецпадраздзялення “Алмаз” Ігара Макара, 
папрасіла палітычнага прытулку ў Вялікабрытаніі. 28 жніўня 30-гадовая
жанчына разам са сваім сямігадовым сынам прыляцела ў Лондан. У аэрапорце
 яна заявіла, што хоча схавацца ад беларускіх спецслужб.

Вольга Макар распавяла, што яе гвалтам прывозілі ў міліцыю і
пагражалі расправай не толькі над ёй, але і над сынам. Усё, што цікавіла
людзей у форме і ў цывільным, -- інфармацыя пра яе брата, які больш за
пяць гадоў жыве за мяжой.

Гэтыя падзеі мелі месца ў Гродне. Вольга расказвае, што першую позву ў міліцыю яна атрымала 1 жніўня.

-- Там было напісана, што я павінна прайсці дактыласкапію. Я не
пайшла, бо лічу, што гэта справа добраахвотная. Потым, 8 жніўня, прыйшла
другая позва. А літаральна праз дзень некалькі чалавек уварваліся ў
кватэру, схапілі мяне і пацягнулі ў машыну. Мяне прывезлі ў міліцыю
Кастрычніцкага раёна, завялі ў кабінет. Туды ўвесь час заходзілі розныя
людзі -- хто ў форме, хто ў цывільным. Адны задавалі нейкія пытанні,
іншыя па чарзе дапаўнялі. Запытвалі, ці прыязджаў да мяне на дзень
народзінаў мой брат, як часта я яму тэлефаную. Размаўлялі вельмі груба.
Усе пытанні тычыліся майго брата Ігара. Я зразумела, што дактыласкапія
-- гэта была папросту фармальная нагода. Запытвалі, як патэлефанаваць
Ігару. Забралі ў мяне мабільны, спісалі ўсё, што там было. Чыталі ўсе
мае СМСкі. Запатрабавалі, каб я супрацоўнічала з імі, пагражалі.

Больш за пяць гадоў таму брат Вольгі Ігар Макар папрасіў палітычнага
прытулку ў Германіі. У пазамінулую прэзідэнцкую кампанію Ігар працаваў у
штабе экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Казуліна і адказваў
за яго бяспеку. Гаворыць, што тагачасны камандзір “Алмаза” Мікалай
Карпянкоў забараніў сваім падначаленым кантактаваць з Макарам. Хаця
нават сам з Макарам сустракаўся, прапаноўваў “здаваць” любую інфармацыю
пра Казуліна. Былы “алмазавец” расказвае, што аналагічную прапанову ён
атрымаў і ад тагачаснага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава,
які абяцаў узамен “грошы, пашпарт і добрую працу ў Маскве”.

У выніку Аляксандр Казулін проста адправіў хлопца за мяжу. “Толькі гэта ўратавала мяне ад гібелі”, -- гаворыць Макар.

Чаму ж праз пяць гадоў асоба былога алмазаўца зацікавіла адпаведныя органы? Сам Ігар кажа: “Нават
не ведаю, што гэта ім стукнула ў галовы. Маіх некалькіх сяброў на
пачатку жніўня выклікалі ў КДБ і там запытвалі, ці падтрымліваюць яны са
мной нейкія стасункі, ці кантактуюць нейкім чынам? Але калі ўзяліся за
маю сястру, я зразумеў, што трэба нешта рабіць. Сястра і пляменнік самыя
дарагія для мяне людзі. Я нават думаў прыехаць. Хаця разумею, што яны
выманьваюць мяне на радзіму такім чынам, бо ведаюць, што за сястру і
пляменніка я пайду на ўсё. Хаця не ведаю, навошта я ім раптам
спатрэбіўся. У мяне такое адчуванне, што прычынай усяму гэтаму панічныя
настроі. Адсюль і такія дзеянні. Вось, бачыце, як пачалі разгортвацца
падзеі? Яны прызвычаіліся да “класічнай” апазіцыі -- дзе ўсе знаёмыя,
даўно ўнесеныя ў базу, даволі прадказальныя… А тут -- то 19 снежня
тысячы невядомых узялі ды выйшлі на вуліцы, то гэтыя “маўклівыя” акцыі з
апладысментамі, з абсалютна новымі людзьмі…  Яны ж думаюць, што нехта
за гэтым стаіць, і не могуць зразумець, каго лавіць”.

Вольга Макар разам са сваім сынам цяпер знаходзіцца ў інтэрнаце ў Ліверпулі. Жанчына кажа, што ў Гродна вяртацца яна баіцца.

“Ведаеце, я баюся за свайго сына, -- гаворыць яна. -- Я проста не магу забыць тыя словы, што яны мне гаварылі…”

Мы ўсё ж такі вырашылі паспрабаваць расставіць кропкі над “і”
высветліць, што гэта была за такая таямнічая “дактыласкапія”, пасля якой
чалавек баіцца вярнуцца ў краіну? Па чыім загадзе звычайную
жанчыну-парыкмахера прыраўнялі да ваеннаабавязаных і прымусова даставілі
ў міліцыю “катаць пальцы”? Надзей на тое, што нехта прызнаецца ў
запалохваннях, зразумела, няма, але ёсць пытанні і па юрыдычным баку
гэтых падзей.

Вольга Макар расказала, што не запомніла прозвішча таго міліцыянера,
подпіс якога стаяў на позве. І гэта можна зразумець -- страх,
хваляванне… А ў міліцыі Кастрычніцкага раёна Гродна “Народнай Волі”
патлумачылі, што за дактыласкапію адказваюць усе супрацоўнікі міліцыі і
таму трэба ведаць прозвішча таго, хто асабіста запрашаў Вольгу, каб
задаць яму пытанні ў гэтай справе. Пошукі далі плён, і імя ўсё ж стала
вядома. Ім аказаўся… старшы інспектар аператыўна-дзяжурнай службы
Кастрычніцкага РАУС Гродна. Дзіўна толькі, што гэты чалавек працуе ў
дзяжурнай частцы і фармальна ўвогуле не мае такіх паўнамоцтваў. Кіраўнік
“галоўнага героя” Андрэй Голікаў адмовіўся патлумачыць сітуацыю і
папрасіў звярнуцца да яго начальніка Аляксандра Гулькевіча. Той таксама
адмовіўся сказаць хоць слова і накіраваў нас у прэс-службу абласной
міліцыі. Там папрасілі пачакаць тры гадзіны…

Праз тры гадзіны адказу так і не далі.

Адным словам, пытанне, хто ж асабіста аддаў загад прымусова прывезці
жанчыну ў міліцыю, павісла ў паветры. “Народная Воля” гатова працягнуць
гэтую тэму і чакае каментарыяў з боку супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС
Гродна.

http://www.nv-online.info/by/206/society/36291/%D0%AF%D0%BA-%D1%80%D0%BE%D0%B1%D1%8F%D1%86%D1%86%D0%B0-%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%96%D1%82%D1%83%D1%86%D0%B5%D0%BA%D0%B0%D1%87%D0%B0%D0%BC%D1%96.htm

Крынiца: Народная Воля

Previous post Next post
Up