![](http://mfront.net/wp-content/themes/mfront/timthumb.php?src=http://mfront.net/wp-content/uploads/2011/08/tolkibielarus.jpg&h=150&w=225&zc=1)
У міжнародных грашовых справах палітвязьні, дыктатура ў Эўропе, разбураныя чалавечыя лёсы сыходзяць на апошні плян.
Арышт Алеся Бяляцкага пацьвярджае гэтае. Нягледзячы на ўсе гучныя й
паказальныя заявы аб санкцыях, тавараабарот і супраца спэцслужбаў
Беларусі й краінаў Эўразьвязу толькі павялічваецца.
Верагодна, беларускія й летувіскія банкі заўсёды абменьваліся
інфармацыяй і спэцслужбы як нашыя, так і іхнія без праблемаў
супрацоўнічалі. Нягледзячы на дыктатуру, палітвязьняў ды насуперак усім
зьнешнім заявам аб нелегітымнасьці рэжыму Лукашэнкі.
Беларускія чэкісты ў такім выпадку валодалі інфармацыяй аб грошах
праваабарончых арганізацыяў, справах Бяляцкага, але ня мелі загаду
праводзіць рэпрэсіі з гэтай нагоды.
Міжнародная супольнасьць кажа аб немагчымасьці перамоваў з
тэрарыстамі, аднак яны пасьпяхова супрацоўнічаюць з апошнім дыктатарам у
Эўропе, папіраючы тым самым усе правы чалавека й банальна зарабляючы
грошы на разбурэньні беларускай эканомікі.
Безумоўна, беларусы ўдзячныя за сымбалічную, маральную падтрымку
палітвязьняў. Аднак вельмі хацелася б бачыць рэальныя крокі па
вызваленьні невінаватых з-за кратаў. Анягож магчымасьці да гэтага ёсьць.
Датычна палітвязьняў 7 ліпеня Лукашэнка ў Шклове
заявіў:
“А если в ЕС их хотят к себе забрать - завтра билет выпишем и отправим,
не вопрос. Пусть забирают, если они такие радетели по политзаключенным.
Завтра в один вагон посадим - я приму решение”. Для рэжыму Лукашэнкі ня
выгадна бачыць цяперашніх палітвязьняў у Беларусі на свабодзе перад
парлямэнцкімі выбарамі. Апошні дыктатарчык выразна акрэсьліў умовы
вызваленьня палітвязьняў - іх эміграцыя. Мінуў месяц. Аніякай рэакцыі на
гэты конт. Ніводная міжнародная праваабарончая арганізацыя ня хоча
прыняць у сябе беларускіх палітвязьняў у якасьці бежанцаў.
У палітыкаў Эўразьвязу, у “
апекуноў”
беларускіх палітычных зьняволеных відавочны крызыс ідэяў што да
падтрымкі палітвязьняў. Між тым, пакуль яны прымаюць дэкляратыўныя заявы
й пішуць
віртуальныя пэтыцыі да нелегітымнага кіраўніка Беларусі, значна большы сэнс мела бы
канкрэтная прапанова прыняць у сваёй краіне беларускіх палітзьняволеных у
якасьці палітычных уцекачоў. Вядома, гэта не панацэя, але гэта дасьць
вязьням магчымасьць выбару, хай і балючага - турма альбо эміграцыя.
Цяперашнія санкцыі ня маюць практычнага ўплыву на дыктатарскі рэжым.
За студзень-красавік бягучага года тавараабарот ЭЗ з Беларусьсю
павялічыўся на 70,5% і складае 7,12 млрд даляраў ЗША. Доля ЭЗ у
экспарцёраў Беларусі склала за гэты пэрыяд часу 38,2%, у той час як доля
Расеі зьнізілася да 35,3%.
Усім вядома, найбольшы плён у зьнешняй палітыцы маюць не эканамічныя
санкцыі, а маральныя. Чаму тады міжнародная супольнасьць не пратэстуе
супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакею ў Беларусі? Гэта будзе
значна эфэктыўней і лепей за любыя сьпісы неўяздных у Эўразьвяз.
Мэта Эўразьвязу - атрымаць кантроль над працэсамі ў цэнтры Эўропы - у
Беларусі. Яны выкарыстоўваюць сымбалічныя палітычныя дэклярацыі ды
нязначныя кропкавыя санкцыі. Расея, а перадусім расейскія алігархі,
фармуюць пазытыўны імідж і пераманьваюць да сябе беларусаў на большыя
заробкі альбо на танейшую й лягчэйшую вучобу ў ВУЗ. Зараз маральная
перавага на баку ЭЗ - паводле сацыялягічных апытваньняў (
крыніца, табл.11) цяпер за аб’яднаньне з Расеяй выступае толькі 31.5% беларусаў; 50.5 - абіраюць уступленьне ў ЭЗ.
У Эўразьвязе каштоўнасьці правоў чалавека, на жаль, даўно не займаюць
былой ролі, асабліва калі справа тычыцца краінаў замежжа, і супярэчыць
эканамічным інтарэсам. Як не шкада прызнаць, але зараз Беларусь і
Расеяй, і Эўразьвязам разглядаецца толькі як сфэра падзелу інтарэсаў.
Іншая справа, што Эўропа дзейнічае ў гэтай гульне, так кажучы, больш
мяккімі дэмакратычнымі мэтадамі, тым часам як Расея - ў сваім імпэрскім
духу. Эўразьвяз мае нявыкарыстаныя рычагі ціску на беларускую ўладу -
напрыклад, даўно можна было ўвесьці паўнавартасныя эканамічныя санкцыі,
але гэтага ня робіцца, бо Эўропа больш баіцца таго, што Беларусь
канчаткова патрапіць ў абдымкі Расеі і выйдзе з-пад эўрапейскай сфэры
ўплыву, чым таго, што кагосьці з палітвязьняў могуць пакалечыць у
калёніі.
Ліхавід, Дашкевіч ды іншыя палітвязьні рызыкуюць незваротна
пакалечыць здароўе ў карцэрах ды з-за зьдзекаў адміністрацыяў турмаў.
Аднак для міжнароднай супольнасьці важней падымаць тавараабмен з
Беларусьсю, рыхтавацца да правядзеньня хакейнага чэмпіянату ў Менску ды
распавядаць прыгожыя словы аб правах чалавека й гучна спачуваць
рэпрэсаваным.
Як семдзесят гадоў таму, нашую шматпакутную Радзіму падзяляюць на
сакрэтных плянах цяперашнія Молатаваў і Рыбэнтроп. І толькі маладыя на
фронце сучаснай партызаншчыны здольныя пабудаваць лепшую будучыню для
сябе й сваёй краіны!
Мы, беларусы, у любым выпадку не павінны сядзець паклаўшы рукі і
вінаваціць замежных палітыкаў. Ніхто нам дэмакратыю не прынясе, і не
падаруе. Трэба не чакаць пакуль нам паможа хтось з-за Буга, ці з-за
Сожа, а разьлічваць на сябе й быць больш актыўнымі, каб дамагчыся
свабоды і абараніць свой гонар як Нацыі, бо ніхто за нас гэтага ня
зробіць.
Управа МФ,
11 жніўня 2011 г.
http://mfront.net/nam-zamezhzha-ne-pamozha-ni-z-za-bugu-ni-z-za-sozha.html