Oct 17, 2007 03:09
Да чаго ж час змяняе людзей. І самае страшнае, што не столькі іншых, колькі мяне самога. Аматар вечарын, дыскатэк, вясёлых і шумных кампаній зараз стаў незнаёмым мне занудай-завучкам, які практычна ўвесь час сядзіць за вучобай і няўтульна адчувае сябе ў асяроддзі людзей, якія весяляцца. Так, менавіта такім я стаў. Як балюча мне было сёння ў гэтым пераканацца, пасля таго, як мой даволі добры знаёмы зайшоў да мяне ў пакой і, выцягнуўшы мяне з-за чытання навуковай канцэпцыі аднаго амерыканскага навукоўца, павёў на студэнцкую вечарыну, дзе сабраліся ўсе добра мне знаёмыя людзі. Музыка, смех, танцы - гэта тое, чаго мне так бракавала ў апошні час, але незразумелы бар'ер не даў мне ўвайсці ў гэтае кола - я проста сеў на ўскрайку ложка і стаў назіраць за працэсам. Людзі весяліліся, ім было добра, а я хоць і сядзеў са сваім разумным выразам твару, але пачуваўся як бедны сваяк ( прыкрае адчуванне ). Ад усіх запрашэнняў танчыць чамусьці адмаўляўся - я не мог сябе перасіліць. Так працягвалася паўтары гадзіны, а пасля пачаліся павольныя танцы, я не вытрымаў і сыйшоў нікому нічога не сказаўшы. Я адчуваю, што я ўтульней сябе адчуваю сярод кніг, навуковых прац, чым сярод людзей. Я дамогся таго, аб чым раней так марыў! Я стаў прызнаным сярод выкладчыкаў і студэнтаў спецыялістам у галіне паліталогіі, але разам з гэтым стаў замкнёным і нетаварыскім. Бывае так, што да мяне ў пакой ніхто не заходзіць на працягу 3-4 дзён і самае страшнае я стаў да гэтага звыкацца. Як жа прыкра станавіцца адным з такіх людзей, якіх я ніколі не разумеў. А можа быць менавіта такімі павінны быць людзі навукі... Але я не жадаю быць такім... Не ведаю... Безліч думак... Трэба нешта з гэтым рабіць...