Пра памятныя даты. 20 год Лукашэнкі.

Jul 11, 2014 22:41

Учора, на жаль, не хапіла часу, але ж не магу не адгукнуцца на адну важную для Беларусі падзею, плюсы і мінусы якой будуць відныя ў стагоддзях:) Але ж прадумваў, што тут напісаць загадзя і, хаця б са спазненнем, дзялюся сваімі, можа быць толькі трошкі навязанымі той ці іншай прапагандай думкамі:)))

Што ж гэта за падзея думаю здагадаліся ўсе: учора роўна 20 год прайшло з таго моманту, калі А. Р. Лукашэнка перамог у 2-ім туры прэзідэнцкіх выбараў і першым заняў гэтую ганаровую пасаду. Канешне, інаўгурацыя была пазней, але ж далоў фармальнасці! Спачатку прадстаўляю вам два топа, пункты якіх укладзены не па ступені іх значнасці, а па хуткасці іх прыходу у маю галаву:)



10 РЭЧАЎ, ЗА ЯКІЯ БЕЛАРУСЫ ПАВІННЫ СКАЗАЦЬ "ДЗЯКУЙ!" ПЕРШАМУ ПРЭЗІДЭНТУ

1.Беларусь захавала сваю незалежнасць, непадзельнасць, не страціла ніякія тэрыторыі (як падаецца гэта не так ужо і мала апошнім часам)
2.Заробкі і пенсіі насельніцтва за 20 год у "зялёным" эквіваленце выраслі у некалькі дзясяткаў разоў
3.Крымінальны фон у РБ застаецца адным з самых нізкіх у свеце і не горшым за ўсіх нашых суседзяў
4.У рамках шматлікіх праграм былі ўпарадкаваныя маленькія гарадкі, прыведзены ў парадак дарогі (увогуле кожны райцэнтр Беларусі выглядае даволі прывабным для жыцця знешне)
5.Хакей быў узняты на касмічны ўзровень для простай цэнтральнаеўрапейскай краіны практычна з нуля
6.Сельскагаспадарчая прадукцыя з'яўляецца ці не найлепшай у рэгіёне, а на мой густ нідзе за мяжой пакуль не спажываў смачнейшых смятаны ці тварага
7.Не была раскрадзена дзяржмаёмасць (так, і прыватызыціі не было - але ж адсутнасць тут алігархатаў кшталту украінскага і расійскага - дасягненне!)
8.Сацыяльная палітыка застаючыся невыносным цяжарам для нашай эканомікі, тым не менш, застаецца на прыстойным узроўні (яшчэ раз: калі сувымяраць магчымасці і рэальнасць)
9.Канфесійная палітыка абсалютнага нейтралітэту забяспечвае сапраўдны мір паміж веруючымі розных рэлігіяў і няверуючымі ў краіне
10.Памяць пра вайну, якая вельмі каштоўна для значнай часткі народа, захоўвалася ўсе гады як крыштальнае люстэрка



10 РЭЧАЎ, ЗА ЯКІЯ БЕЛАРУСЫ ПАВІННЫ СКАЗАЦЬ "ГАНЬБА!" ПЕРШАМУ ПРЭЗІДЭНТУ

1)Амаль цалкам знішчана і выведзена з ужытку беларуская мова
2)Зруйнавана дэмакратычная палітычная сістэма і магчымасць прапаноўваць альтэрнатывы развіцця
3)Не выпрацавана доўгатэрміновая стратэгія развіцця эканомікі, яна па-ранейшаму абапіраецца на старую мадэль, краіна жыве за пазычаныя сродкі, а прамысловасць усё больш адстае ад сучасных патрабаванняў
4)У заняпад прыйшла сістэма адукацыі, асабліва вышэйшай
5)Жорсткія разгоны і праяўленне нецярплівасці да ЛЮБЫХ спосабаў апанентаў данесці да ўлады свае думкі
6)Сапсаваныя адносіны з Заходнім Светам - крыніцай ведаў і тэхналогій
7)Моцная прывязка да Расіі - крыніцы дэспатызму і цемрашальства, траплянне да яе ў эканамічную пастку
8)Утрыманне на неверагодна высокім колькасным узроўні спецслужбаў усіх відаў, а таксама бюракратаў усіх узроўняў, на што марнуюцца велізарныя сродкі
9)Свядомае стварэнне перашкод развіццю малога і сярэдняга бізнэсу - ад непрадказальнасці падатковай палітыкі да самай высокай у Еўропе арэнднай платы
10)Нежаданне адмовіцца ад улады і адсутнасць хаця б спробаў падрыхтаваць сабе пераемніка, што спрыяе нарастанню кансерватызму і значна зніжае гнуткасць ў развіцці.

І яшчэ крышку цікавай інфармацыі. Прабыўшы на пасадзе кіраўніка РБ 20 год, А. Лукашэнка, абышоўшы караля РП Яна ІІ Казіміра, выйшаў на 14-ае месца ў гісторыі па даўжыні кіравання нашай краінай. Перш чым чытаць прыведзены ніжэй спіс, заўважце некалькі ўмоўнасцяў. Я палічыў патрэбным браць перыяд з 1330-ых гг, калі УСЯ тэрыторыя РБ апынулася пад уладай аднаго чалавека. Таму, натуральна, выкінутыя з пераліку перыяды 1772 - 1795 гг. і 1918 - 1939 гг., калі землі нашае краіны былі фармальна падзеленыя паміж некалькімі ўладарамі.

1.Казімір Ягелллончык, вялікі князь Літоўскі (1440 - 1492) = 52 гады
2.Сігізмунд ІІІ Ваза, кароль Рэчы Паспалітай (1587 - 1632) = 45 гадоў
3.Жыгімонт І Стары, вялікі князь Літоўскі (1506 - 1548) = 42 гады
4.Вітаўт, вялікі князь Літоўскі (1392 - 1430) = 38 гадоў
5.Альгерд, вялікі князь Літоўскі (1345 - 1377) = 32 гады
6.Аўгуст ІІ Моцны, кароль Рэчы Паспалітай (1697 - 1704 і 1709 - 1733) = 31 год
7.Мікалай І, імператар Расіі (1825 - 1855) = 30 год
8.Аўгуст ІІІ, кароль Рэчы Паспалітай (1734 - 1763) = 29 год
9.Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь Літоўскі, кароль Рэчы Паспалітай (1544 - 1572) = 28 гадоў
10.Аляксандр ІІ, імператар Расіі (1855 - 1881) = 26 гадоў
11.Аляксандр І, імператар Расіі (1801 - 1825) = 24 гады
12.Мікалай ІІ, імператар Расіі (1894 - 1917) = 23 гады
13.Ян ІІІ Сабескі, кароль Рэчы Паспалітай (1674 - 1696) = 22 гады
14.Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт РБ (1994 - ?) = пакуль 20 гадоў

Як бачым, дзейсны прэзідэнт, калі дадаць яму год і яшчэ два тэрміна ( рэальна, не?) можа увайсці і ў топ-6 уладароў Беларусі за ўсю яе гісторыю. Усе генсекі, прынамсі, ззаду - наперадзе толькі імператары, каралі ды князі:)
Previous post Next post
Up