Кніга па падпісцы

Nov 16, 2012 13:26


УК “Музей гісторыі Магілёва” паведамляе пра новую культурную акцыю, якую ён ажыццяўляе сумесна з Алегам Давідам Лісоўскім (Германія) - пераклад і публікацыя кнігі "Дзіўныя паведамленьні ад езуітаў у Беларусі”/ "Merkwürdige Nachrichten von den Jesuiten in Weißreussland”, 1785 г. (Франкфурт-Лейпцыг).



Гэтае выданне было размешчана на электронным аўкцыёне e-bay, аднак ужо выкупленае іншымі асобамі. Адзін экзэмпляр дадзенага выдання знаходзіцца ў Аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Электронная копія кнігі знаходзіцца ў вольным доступе ў інтэрнэце.

Наш добры сябар і актывіст, Алег Давід Лісоўскі (Германія), які доўга і паспяхова супрацоўнічае з музеем, дапамагаючы знаходзіць і выкупаць культурныя каштоўнасці, узяўся за пераклад кнігі "Дзіўныя паведамленьні ад езуітаў у Беларусі”. Зроблены ім пераклад будзе паступова размяшчацца на сайце Музея гісторыі Магілёва ў фармаце .pdf, а пасля завяршэння перакладу мы плануем выдаць усю кнігу. Для таго, каб атрымаць яе экзэмпляр для сваёй уласнай бібліятэкі, кожны ахвотны можа паведаміць нам сваё жаданне на электронную скрыню музея: ratusha.mogilev@gmail.com.

Пра кнігу:

Выданне "Merkwürdige Nachrichten von den Jesuiten in Weißreussland” уяўляе сабой нямецкі пераклад італьянскай кнігі ў лістах. Аўтарам нямецкага выдання пазначаецца Крыстаф Готліб фон Мур (1733-1811) - нямецкі гісторык.

Кніга апавядае пра складаную і супярэчлівую сітуацыю, што склалася вакол лёсу каталіцкай царквы і Ордэна Езуітаў на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, што адышлі да Расійскай імперыі пасля Падзелу 1772 г. Ордэн, скасаваны папай Кліментам XIV у 1773 г., фактычна працягваў існаваць на гэтых тэрыторыях. Няясным заставаўся і статус каталікоў у землях цяпер ужо Расійскай імперыі, бо ў Расіі не існавала каталіцкай епархіі на той час. У гэтых умовах адбываецца стварэнне Кацярынай ІІ Беларускай дыяцэзіі ў Магілёве, кіраўніком якой становіцца Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч. Беларуская архідыяцэзія будзе прызнаная Рымам на дзесяцігоддзе пазней, і стане самай вялікай у свеце па тэрыторыі. Езуіты, што захаваліся на беларускіх землях, працягвалі сваю працу і нарэшце дачакаліся ўсясветнага аднаўлення дзейнасці Ордэна. Аднак гэта будзе пазней, а найперш адбываліся інтрыгі, закулісная барацьба і сутыкненні інтарэсаў. Увесь гэты складаны і інтрыгоўны час - у лістах, цыркулярах, рэляцыях, адозвах - пададзены ў кнізе ад першых асоб, што дзейнічалі ў Ватыкане, Санкт-Пецярбурзе, Магілёве.

Зараз музей вывучае папярэдні попыт і дамаўляецца з выдаўцом, пасля чаго будзе вызначаны кошт выдання.

Previous post Next post
Up