Муміяда: кніга трэцяя -- prajdzisvet.org

Aug 25, 2011 21:03

У выдавецтве Змітра Коласа выйшла чарговая кніга фінскай пісьменніцы Тувэ Янсан па-беларуску - “Чарадзееў капялюш” (пераклад Алесі Башарымавай). Гэта самая вясёлая, летняя і дзіцячая аповесць пра жыхароў Мумідола. Нагадаем, што Зміцер Колас ужо выдаў дзве муміаповесці: “Маленькія тролі і вялікая паводка” (пераклад Насты Лабады) і “Камета над далінай мумітроляў” (пераклад Алесі Башарымавай і Насты Лабады). Чытачы, што цярпліва (ці нецярпліва) чакалі працягу прыгодаў мумісям’і і яе сяброў, нарэшце змогуць радавацца і сплятаць хвасты бантам. Кніга ў хуткім часе мусіць паступіць у продаж праз сетку кніжных крамаў “Белкнігі”.

Кароткі агляд

Жудасная і чароўная знаходка Сніфа - чорны цыліндр Чарадзея - робіць лета ў Мумідоле неверагодна дзівосным, захапляльным і небяспечным. Тое, што паляжыць нейкі час у цыліндры, ператворыцца ў… ніколі нельга ведаць загадзя, у што! Хто ведае, чым зрабіліся яечныя шкарлупінкі, кінутыя на дно капелюша? У каго ператварыўся Мумітроль, які схаваўся пад капелюшом, і мурашыны леў, ягога завабілі туды падманам?.. Пра гэта юны чытач зможа даведацца з кнігі - разам з тым, як правільна лавіць мамлюкоў, што можна знайсці на незаселеным востраве, чаму варта асцерагацца хаціфнатаў, чаго шукае халодная і страшная Морра, а чаго - самотны і няшчасны Чарадзей. Магчыма, нехта з чытачоў нават засвоіць дзіўнаватую мову тофслаў ды віфслаў - прынамсі, “ПрайдзіСвет” спадзяецца на гэта. Пакуль няма ніводнага мастацкага перакладу з гэтай мовы.

Паводле prajdzisvet.org
Previous post Next post
Up