Coworking - IdeaHub і CoWorking Central

Oct 02, 2015 17:01

У панядзелак збіраюся наведаць адразу два месцы, дзе прапануюць coworking. Адно з іх - асобная coworking-кантора CoWorking Central y цэнтры Варшавы, якая дазваляе тэставаць працу ў іх памяшканнях 3 дні бясплатна. Іншае - адмысловая прастора coworking ад Idea Bank, які прапануе свае паслугі прадпрымальнікам. Як ІП, проста не магла не скарыстацца прапановай.

Аднак з Idea Bank узнікла непаразуменне, якое, спадзяюся, вырашыцца ў панядзелак. Каб мець доступ да IdeaHub, трэба мець рахунак у банку. Рахунак даволі проста адкрыць праз інтэрнэт, але... толькі польскім грамадзянам. Калі я паведаміла пра гэтую праблему на інфалініі, мяне запыталі пра маё грамадзянства, але я ў адказ запытала, ці гэта нешта змяняе. Доўга мучыліся з адказам і сказалі, што ў банку прынята працаваць толькі з грамадзянамі краін АЭСР. Беларусь у АЭСР не ўваходзіць, таму я адказала, што, нажаль, мяне гэта не тычыцца і мы развіталіся з кансультантам.

Сёння са мной ізноў звязаліся і ў адказ на маё тлумачэнне сітуацыі пра АЭСР і мінулую размову, тым не менш, запрасілі на размову з кансультантам і папрасілі ўзяць з сабой від на жыхарства. Вось задумалася цяпер, ці яны проста адпрацоўваюць галачку "я дазваніўся і кліент прыйшоў" для ўласнага бонуса, ці ўсё-ткі ёсць выключэнне з правіл. У любым выпадку, мне заадно прапанавалі экскурсію па coworking-прасторы, і я з цікавасцю пагляджу, як яна ў іх працуе.

PS Асобны дзякуй арганізатарам канферэнцыі па Чалавечым Вымярэнні, якія прадугледзелі асобныя пакоі для працы дэлегатаў у гатэлі Сафітэль з 21 верасня па 2 кастрычніка :)
Previous post Next post
Up