лета спяшаецца

Jun 16, 2014 17:08

Яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня, а ў нас ужо амаль адцвілі ліпы. На яблынях бачная завязь яблык, некаторыя лісты каштанаў пажаўцелі. Я спачатку думала, што Серж жартуе, калі кажа, што восень можна надыйсці раней тэрміну, а зараз пачынаю перажываць, што ў жніўні ўжо будзе верасень.

Дзякуючы таму, што ў гэтым годзе пэўныя справаздачныя мерапрыемствы на працы былі перанесеныя з чэрвеня на верасень, я ўпершыню ў чэрвені адчуваю, што не мушу нікуды спяшацца. Стрэсу меней. Пара-тройка канферэнцый не ў лік, networking - гэта нават цікава. З запланаваных на найбліжэйшы час паездак - палёт у Гданьск на дзень нараджэння да сяброўкі ды паездка ў Мінск на дзень нараджэння пляменніцы. Ну, магчыма, калі сарве дах, то яшчэ куды-небудзь паляцім ad hoc, але правесці частку лета ў горадзе таксама прыемна. Кажуць, у лесе ўжо шмат лісічак, трэба ісці збіраць.

Польскія школьнікі ўсё яшчэ вучацца, у іх год сканчваецца ў канцы чэрвеня, таму пакуль у парках мала атракцыёнаў і прадаўцоў салодкай ваты. Затое ўчора мы пабывалі на Дні Чачні ў Пражскім парку. Там чачэнскія жанчыны прапаноўвалі свае прысмакі: вядомы нам усім мядовы торт, смачныя бліны ды печыва-"хворост". Не ведаю, ці гэта да нас яны прыйшлі адтуль, ці чачэнскія жанчыны ў Варшаве ўжо даўно перайшлі на агульна-пост-савецкую кухню. Дзеці на сцэне гралі ў аркестры на інструмантах, зробленых з гародніны, а пасля спявалі і танчылі.

Па вечарах цяпер дакладна ёсць чым заняцца: глядзім футбол. А па суботах Серж яшчэ і ўдзельнічае ў турніры. Побач з ягоным футбольным полем мы знайшлі файны бар, у якім 99 сартоў піва (праўда, з большага польскага - але гэта і лепей) і вельмі смачная піцца. Такі пачатак лета мне падабаецца. :)
Previous post Next post
Up