Dec 27, 2007 10:52
Узгадала адзін факт, які мяне да гэтага часу бянтэжыць. Некалькі год таму на адной з лясных пасядзелак хіпаноў у лесе пад Псковам прысутнічала пры размове нейкіх хлапцоў і дзяўчын аб хрысціянстве ды розных рэлігійна-філасофскіх пытаннях. Сяжу сабе і слухаю, разумею, што гэтыя людзі размаўляюць аб гэтым на ўзроўні звычайнага здаровага розуму. У мяне ў галаве ўсплываюць усе мае веды пра хрысціянства, розныя трактоўкі, падыходы. Памятаю, што асабліва ў гэты момант лез чамусьці Бердзяеў. Але не ў гэтым справа. Мне хацелася штосьці сказаць гэтым людзям, падзяліцца сваімі ведамі, паказаць, што ўсё нашмат складаней і заблытаней. Але я не змагла вымавіць нават і слова. Да гэтага часу не магу зразумець чаму. Магчыма, таму, што людзям добра размаўляць пра гэта і без філасофіі. Магчыма, што ўсе мае веды пра хрысціянства і тэалогію ўвогуле толькі перашкаджаюць разуменню. Я зразумела, што за ўсімі гэтымі ведамі знікаюць шчырыя адказы, а застаецца толькі адчуванне, што лепей перажыць хоць раз пачуццё глыбокай веры, чым мець гэтыя веды пра свет, людзей, Бога. Але пасля гэтага выпадка даваць адказы на філасофскія пытанні, якія задаюць некаторыя мае знаёмыя, я больш не магу. Я пра іх думаю, разважаю, нават адказваю нешта сабе, але выказаць іншаму не магу зусім. Чаму гэта так?...