Тайна гібелі «Ільі Мурамца»

Oct 03, 2013 18:16


Калі ўзгадваць Першую сусветную вайну, міма Баранавіч не прайсці ніяк. Горад воляю лёсаў нярэдка апынаўся ў самым эпіцэнтры падзей: практычна па ўскраіне праходзіла лінія фронту, тут адзін час размяшчалася стаўка рускага імператара Мікалая ІІ, падчас нямецкай акупацыі ў горадзе знаходзілася камандаванне ўчастка ўсходняга фронту… Пералічваць можна шмат. Аўтары сотняў кніг і тысяч артыкулаў, распавядаючы пра тую вайну, нярэдка звяртаюцца да баранавіцкіх падзей і аперацый. Але, на жаль, за амаль стагоддзе, якое прайшло з пачатку Першай сусветнай, шмат што незваротна сцерлася з памяці людзей.



Зрэшты, адзін, не самы прыкметны, эпізод той вайны памятаюць і пераказваюць на ўсе лады ў шматлікіх даследаваннях, хроніках і артыкулах. Магчыма, таму, што звязаны ён з зараджэннем рускай цяжкай авіяцыі. Эпізод гэты - падзенне, нібыта, на поўдзень ад Баранавіч у 1915 годзе «вялікага карабля Сікорскага», бамбардзіроўшчыка «Ілья Мурамец-3» і гібель яго экіпажа.

Высветліць, дзе менавіта ўпаў самалёт, не ўдалося. Месца паблізу ад Баранавіч, пазначанага як Прылукі, няма ні на адной старой карце. Магчыма, аўтары мелі на ўвазе адну з вёсак - Вялікія Лукі, Новыя Лукі, Малыя Лукі, якія якраз знаходзяцца на поўдзень ад райцэнтра? Праўда, ніхто, нават 80-гадовыя старыя, не памятаюць ніякіх расказаў пра падзенне карабля. Але ў 1915 годзе такая падзея была б падобна да сучаснай пасадкі ў якім-небудзь населеным пункце касмічнага карабля. Але не, маўчыць людская памяць…

Між тым, баявая гісторыя трэцяга «Ільі Мурамца», таго самага, які нібыта разбіўся пад Баранавічамі, вартая падрабязнага выкладання.

Ад трэніровак да баявых вылетаў

Гісторыя стварэння эскадры «Мурамца» апісана досыць падрабязна, напрыклад, ва ўспамінах лётчыкаў-братоў Сяргея і Міхаіла Нікольскіх, у кнізе Марата Хайруліна «Ілья Мурамец. Гонар рускай авіяцыі».
8 снежня 1914 года Ваенны савет ухваліў прапанову па стварэнні новай баявой структуры паветранага флоту. Некалькімі днямі пазней быў зацверджаны штат і палажэнне аб кіраўніцтве Эскадрай паветраных караблёў. Увайшлі ў яе 10 баявых «Мурамцаў» і два навучальныя караблі. Базаваліся яны каля 40 кіламетраў ад лініі фронту, у мястэчку Старая Яблонна пад Варшавай.

Камандзірам атрада «ІМ- 3» стаў штабс-капітан Брадовіч, памочнікам камандзіра - штабс-капітан Спасаў. У складзе атрада былі яшчэ два чалавекі: артафіцэр паручнік Гагуа і ніжні чын, старшы матарыст Фогт.
Дні эскадры ў Яблонне часта праходзілі ў трэніровачных палётах. Бамбавік з’яўляўся новай машынай, магчымасці яго былі яшчэ далёка не вывучаны. Дарэчы, шмат спрэчак і абмеркаванняў выклікала пытанне пілатавання самалёта ў выпадку спынення ўсіх рухавікоў. «Ці зможа «ІМ» планіраваць?», - задаваліся пытаннем члены экіпажаў, бо вага дзіўнай машыны нашмат пераўзыходзіла масу лёгкіх апаратаў (вагу «ІМ-3» прыводзіць у сваёй кнізе М. Хайрулін: 2900 кг - пусты, 4400 кг - узлётная маса).

Наглядна даказаў магчымасць планавання цяжкага «Мурамца» штабс-капітан Брадовіч. У палёце ён паслядоўна выключаў рухавікі - спачатку адзін, потым два, тры і, нарэшце, усе чатыры. «ІМ» аказаўся добрым планёрам, і пры выключаным адным або нават двух рухавіках мог ляцець без зніжэння вышыні.



Выклікалі ў пілотаў пытанні і магчымасці пасадкі з адключанымі маторамі.
«…Брадовіч паказаў спуск карабля пры ўсіх выключаных маторах, аднак, баючыся зусім заглушаць маторы, ён часам іх уключаў, - успамінаў адзін з братоў Нікольскіх. - Так зніжаюцца лёгкія аэрапланы, «на тыркалцы». Гэта бяспечна, калі ўключаецца адзін рухавік у 60-80 сіл, але калі ўключаюцца маторы каля 400-500 сіл, то атрымліваецца грунтоўны рывок, што не рэкамендуецца рабіць».

Ішла напружаная праца па засваенні самалётаў, праходзілі эксперыментальныя палёты. І ўжо ў іх добра былі відаць рысы характараў членаў экіпажаў «ІМ»: адсутнасць страху, напорыстасць, працавітасць.

Паветраная вайна

Першыя баявыя вылеты эскадры прыпалі на канец лютага 1915 года. Хоць цяжкія «Мурамцы» часам не падымаліся вышэй за 2200 метраў, нямецкія пазіцыі рускія лётчыкі бамбілі проста віртуозна. І ўмела адводзілі такую махіну з-пад артылерыйскіх абстрэлаў. Да канца красавіка на баявыя вылеты падымаліся ўжо чатыры машыны эскадры, а пятая была ў стадыі падрыхтоўкі.

Акрамя бомбаў, «ІМ» скідалі на пазіцыі праціўніка «стрэлы». Гэта былі жалезныя стрыжні даўжынёй да 15 сантыметраў. Ідэю «стрэл» рускія падгледзелі ў немцаў. Менавіта нямецкі «Альбатрос» пасыпаў рускі аэрадром падобнымі «жалязякамі». Ход у адказ не прымусіў сябе чакаць: стрэлы былі заказаны ў Варшаве і дадаткова - у Петраградзе. «ІМ-Кіеўскі» і цікавы для нас 3-ці былі забяспечаныя тысячамі такіх стрэл. У бліжэйшы ж час пасля атрымання гатовага «заказу» іх высыпалі над станцыямі Віленберг, Нэйдэнбург і Сольдаў.

Неўзабаве з-за набліжэння фронту «Мурамцы» пакінулі Яблонну. Наступным пунктам іх прызначэння стала беларуская зямля. Ужо ў пачатку чэрвеня 1915 года вялікая частка караблёў базавалася ў Лідзе. Там жа пры эскадры была створана свая лётная школа.

Азёрскі нібы нарадзіўся для «Мурамца»

Сяргей Брадовіч узначальваў экіпаж трэцяга «Мурамца» толькі да мая 1915 года. Увесну гэтага года ён перайшоў у малую авіяцыю. Мяркуецца, памёр ён у 1920 ад крупознага запалення лёгкіх. Па іншай версіі, да 1917-га Брадовіч ваяваў у малой авіяцыі. Быў камандзірам знішчальнага атрада і загінуў на Паўднёва-заходнім фронце, збіты аўстрыйскім знішчальнікам. У любым выпадку, Брадовіч быў адважным чалавекам і ўмелым лётчыкам.
На пасадзе камандзіра «Мурамца» Брадовіча змяніў Дзмітрый Азёрскі. Па ўспамінах таварышаў па службе, штабс-капітан Азёрскі быў нібы створаны для кіравання цяжкай машынай. Сын вайскоўца, ён у 1913 годзе скончыў авіяцыйны аддзел афіцэрскай паветраплавальнай школы, у 1914-м праходзіў навучанне палётам на самалёце «Дзюпердзюсэн», потым - на «Ільі Мурамцы». У дзейную армію быў адпраўлены ў канцы мая 1915 года, а з 26 ліпеня гэтага ж года прызначаны камандзірам паветранага карабля «ІМ-3».

З красавіка па кастрычнік 1915 года гэты самалёт здзейсніў больш за 30 палётаў. Часта ён «прасочваўся» на тэрыторыю праціўніка на глыбіню да 190 вёрстаў (202 км).

Вось адзін з эпізодаў ваеннай біяграфіі «ІМ-3» пад камандаваннем Азёрскага. 20 чэрвеня два караблі вылецелі ў кірунку Парчува. Кожны з «Мурамцаў» нёс па 15 пудоў бомбаў, бензіну і масла на дзве гадзіны палёту. Абодва самалёты былі абсталяваны кулямётамі. Першыя бомбы караблі скінулі над навалай варожых войскаў і цягнікоў у Дэмбліне. Зрабіўшы два заходы, бамбардзіроўшчыкі скінулі з вышыні каля 2300 метраў частку фугасных і асколачных бомбаў. Далей машыны паляцелі да Пулавы і ад рэшты снарадаў вызваліліся над пераправай праз Віслу. Накіраваліся да Любліна і з кулямётаў абстралялі войскі саперніка ў горадзе Струў. Агульная працягласць маршруту склала 230 кіламетраў.

Пасля гэтага палёту Азёрскі вылятаў у тыл да ворага амаль штодня. Шмат непрыемнасцяў прыносілі «Мурамцы» немцам. За караблямі эскадры разгарнулася сапраўднае паляванне: іх абстрэльвалі з зенітных установак, вартавалі знішчальнікі.
У пачатку жніўня 1915 года лётчыкі эскадры былі прадстаўлены да ўзнагарод. Дарэчы, штабс-капітан Азёрскі і яго афіцэры былі ўзнагароджаны ордэнамі Святога Георгія ІV ступені і Георгіеўскай зброяй, а ніжні чын Фогт - Георгіеўскім крыжам ІV ступені.

Трэці «Мурамец», перабазаваўшыся восенню ў Слуцк, бамбіў нямецкія пазіцыі штодня. Асаблівую ўвагу экіпаж надаваў чыгуначным станцыям - Картуз-Бярозе і Баранавічам, бамбілі Скобелеўскі лагер.
2 лістапада пры бамбёжцы станцыі Баранавічы самалёт Азёрскага трапіў пад моцны зенітны абстрэл. Экіпаж усё ж такі скінуў 8 бомбаў і з цяжкасцю павярнуў назад. Да лініі фронту дацягнулі без цяжкасці, але далей паветраны карабель пайшоў у штопар і ўрэзаўся ў зямлю паблізу мястэчка Прылукі, што на поўдзень ад Баранавіч… Усе, акрамя лейтэнанта Спасава, загінулі.

Дык дзе ж усё-такі разбіўся легендарны «Ілья Мурамец-3»?

Самалёт, які ўпаў на сваім баку фронту, сфатаграфавала спецыяльная камісія. Яна ж высветліла прычыны гібелі машыны: цягі элеронаў пашкодзілі асколкі. Побач з самалётам разарваўся нямецкі зенітны снарад. Менавіта таму Азёрскі не змог утрымаць карабель. І ўсё ж яму ўдалося «дацягнуць» самалёт практычна да сваіх, да вёскі Прылукі (маёнтак Ваўчковічы), што паміж Мінскам і Слуцкам.

Трэці «Мурамец» ніяк не мог зваліцца на поўдзень ад Баранавіч. У лістападзе лінія фронту праходзіла на ўсход ад горада, і меркаванае месца падзення самалёта - паміж мяжой горада і вёскай Малыя Лукі - было ў той час «пад немцамі». Ды і вёскі Прылукі паблізу Баранавіч ніколі не было.

11 лістапада 1915 года камандзір «ІМ-3» штабс-капітан Дзмітрый Азёрскі быў пахаваны на Маскоўскіх гарадскіх брацкіх могілках. Вядома таксама месца пахавання і старэйшага матарыста Фогта. Астанкі Эдмунда Фогта спачываюць на 4-м участку Мінскіх брацкіх могілак: участак гэты быў прызначаны для пахавання ніжніх чыноў евангелісцка-лютэранскага веравызнання.

Таццяна ГРЫНКЕВІЧ.

даследванне, пресса

Previous post Next post
Up