Jul 15, 2014 04:57
З усіх маіх шматлікіх сваякаў (бацька і маці паходзяць са шматдзетных сем'яў) толькі адзін родзіч, як мне вядома, жыве цяпер за мяжой. Мая стрыечная сястра Раіса, з бацькоўскага боку. Некалі працавала прадавачкай у сумнавядомай слуцкай краме №58, выйшла замуж, а пасьля зьехала з мужам ва Ўкраіну. Было тое за савецкім часам, матывы ад'езду мала хто памятае ўжо. За ўсё сваё сьвядомае жыцьцё бачыў яе толькі аднойчы, гадоў 20 таму, на вясельлі аднага з нашых агульных сваякоў. Запомнілася тады Раіса ветлівай і вельмі рухавай жанчынай, насілася па вясковай хаце, частавала гасьцей. Па сёньняшні дзень ведаю пра яе мала: што быў з мужам нейкі бізнэс ва Ўкраіне, спачатку справы ішлі добра, пасьля неяк ня вельмі. Пэўная сувязь яна падтрымлівала толькі праз родную (а для мяне таксама стрыечную) сястру і сваю маці, маю цётку Зоню.
Здаралася, думаў я пра Раісу, цікава было даведацца, за каго яна галасавала: за Юшчанку ці Януковіча спачатку, за таго ж Януковіча ці Цімашэнку пасьля... Як ставілася да Памаранчавага Майдану-2004, да Эўрамайдану-2013... Пры гэтым чамусьці ніколі не цікавіўся, у якой частцы Ўкраіны яна жыве, хаця ня ўпэўнены, што для беларусаў там гэта было ў савецкі час пытаньнем геапалітычнага выбару. 4 гады таму памёр муж Раісы, дзяцей у іх не было, таму блізкія сваякі настойліва клікалі яе вяртацца ў Беларусь. Але вяртацца Раіса не сьпяшалася.
Сапраўдны шок са мной здарыўся, калі мая маці неяк выпадкова паведаміла, што з нашай Раісай у Славянску нядаўна наладзілася сувязь, усё зь ёю быццам бы ў парадку. Раіса жыла ў Славянску? Капчага! Натуральна, адразу ўзьнікла шмат пытаньняў: што і як там, што распавядае? Пакуль жа інфармацыі па мінімуму. Горад яна не пакідала, жыва-здарова. Сваякі ж, наглядзеўшыся жахаў па тэлевізіі пра падзеі ў Славянску, з новай сілай, нават вар'яцкай настойлівасьцю пачалі патрабаваць вяртаньня маёй стрыечнай сястры на Бацькаўшчыну. Тым больш, што ейная маці тут вельмі слабая, усе тыя 4 гады, як памёр муж Раісы, ад маёй цёткі хавалі тую сумную навіну, бераглі здароўе. Цяпер жа па нейкіх прычынах сказалі, мабыць, разьлічвалі, што гэта будзе дадтковым ціскам на Раісу. Але пакуль безвынікова. Мая стрыечная сястра вяртацца ў Беларусь з Украіны ня хоча. Чаму? Дакладна не адкажу, але хочацца думаць, што яна проста верыць у будучыню гораду і той краіну, каторая стала для яе другой Радзімай. Што Ўкраіна для Раісы ўжо не чужая. Як і Беларусь, куды яна некалі абавязкова прыедзе. Хаця б проста пагасьціць і наведаць сваякоў.
сваякі,
Украіна