11.09.2001

Sep 11, 2008 04:45

   ...Як папярэдне і плянавалі, раніцою 11-га пад'ехалі на "месца", пачалі перабіраць неактуальны ўжо на той момант "матэрыял"... Расчараваньне ад толькі адбыўшыхся выбараў (і ад некаторых канкрэтных асобаў) было яшчэ такім моцным, што без асаблівага жалю пачалі пакаваць "матэрыял" у падрыхтаваныя мяхі. Але невялічкую частку вырашылі ўсё ж пакінуць у іншым "месцы", маўляў, "на добрую памяць"... Працавалі хутка, бо ўсё ж была ўпартая ўпэўненасьць, што, калі што, можам і не пасьпець... Зрэшты, ці мелі мы тады рацыю, мы так і не даведаліся і, магчыма, не даведаемся ніколі... Існавала ўскосная інфармацыя, "дабразычлівыя" намёкі мусароў, "месца" не здавалася ўжо такім невядомым для астатніх, таму вырашылі не рызыкаваць. Мэта была спрацаваць хутка, не пакінуць нічога з таго, што лічылі найбольш для сябе небясьпечным, ні аб чым на той момант не шкадавалі (шкадавалі ўжо пасьля, прычым не аднойчы)...
   Нечакана нават для нас "матэрыялу" назьбіралася ажно на два мяхі... Вырашалі спачатку разабрацца з адным, а там, калі што, вярнуцца за іншым. Як пасьля высьвятлілася, "калі што" не адбылося, ледзь за дзень з адным мехам разабраліся... Месца пад "крэматорый" абіраў я, бо за дзяцінства чым толькі не прыйшлося займацца... Працэс ішоў даволі доўга, але праца пад працяглыя размовы па зразумелай для таго моманту тэматыцы, нягледзячы на ня вельмі спрыяльнае надвор'е, была выканана...

Вяртаючыся пад вечар дадому, вельмі стомлены і ўсё такі ж расчараваны, быў сустрэты маці з зусім нечаканай навіной: "Здаецца, пачынаецца вайна!" Не зразумеўшы адразу ў чым справа, ні то з надзеяй, ні то з жахам падумаў: "Няўжо амэрыканскія войскі ў Менску?" Думкі ўсё яшчэ жылі падзеямі 9-ага... Не, аказалася, што ўсё значна прасьцей жахлівей...

А заўтра нас чакаў другі мех, іншы "крэматорый" і зусім ужо іншыя размовы...
  

асабістае

Previous post Next post
Up