(no subject)

Nov 30, 2009 17:11

Гэтую кніжку я б назвала ўдалай.

Патрапіла на яе абсалютна выпадкова, бо не адсочваю свабодаўскія выданні. Уладзімер Арлоў “Імёны Свабоды” - дай, думаю гляну, што там за штучка. Разгарнуўшы кніжку, першае імя, якое ўбачыла, - Мікола Прашковіч. Гартаю далей - Вячаслаў Зайцаў, Мікалай Улашчык. Уласна для мяне - знакавыя прозвішчы. Больш за тое, акурат надоечы думала пра лёс гэтых асобаў. Хацелася штосьці прачытаць пра Прашковіча і Зайцава, але ясна, што з афіцыйных выданняў імёны гэтых даследчыкаў выкрэсленыя надоўга. А тут не толькі невялічкія эсэ, але і фотаздымкі, выразныя, на якаснай глянцавай паперы.

Спачатку накінулася на вядомыя ці найбольш мне цікавыя імёны: А. Мельнікаў, А. Сыс, К. Шэрман, М. Стральцоў, Я. Пфляўбаўм… насыціўшыя, вярнулася на апошнюю старонку, як звычайна раблю з газетамі і часопісамі альбо публіцыстычнымі выданнямі, - пакрысе прачытаю ўсё ад апошняй да першай.

Тэксты вытрыманыя ў адным аб’ёме і стылі. Шмат каго спадар Арлоў ведаў прыватна, і ў яго ўдала атрымліваецца спалучыць звесткі з уласнага досведу з энцыклапедычнымі. Зроблена трапная акцэнтацыя жыццёвых фактаў, дзякуючы якой вымалёўваецца вельмі яскравы, жывы, запамінальны партрэт.

Бо калі ты раптам дазнаешся, што Аляксей Мельнікаў пісаў вершы; Караткевічаў верш “Калі паміраюць” прысвечаны Вячаславу Зайцаву; а аповесць Лукаша Калюгі была напісаная ў 19 год!!! - на імгненне свет пераварочваецца.
І пасля такога перавароту ты пойдзеш шукаць том “З неапублікаванай спадчыны”, каб перачытаць мельнікаўскія:

Госпад ішоў супакоеным горадам,
Сіняю замецьцю, шляхам нябачным:
Небам, азораным зорамі, зорамі;
Светам, асветленым плачамі, плачамі.

Позні вандроўнік, вар’ят і паэта,
Гнаны ў бяссонне натхнёнаю марай,
Убачыў, адзіны, пайшоў за ім следам,
Светла ўздыхнуўшы “Нарэшце, Ўладару!”
Previous post Next post
Up