5.15

Mar 06, 2017 16:08

пятнаццатая пяцёрка па сто словаў:

фікус

я выпадкова ўбачыў яго ў бары.
ён быў ростам каля сямідзесяці сантымэтраў, і яго выкарыстоўвалі ў якасьці падпоркі для прамежкавых уваходных дзьвярэй да ліфтаў. на ім было паўтара лістка. адзін вялікі і жоўта-чырвоны, а другі напалову абарваны, але яшчэ зялёны. фікус выглядаў закатаваным, і ўсім сваім станам прасіў у мяне дапамогі, расставіўшы ў розныя бакі свае паўтара ліста.
спачатку я яго паліваў кожны тыдзень, калі прыходзіў піць у гэты бар, пакуль не заўважыў трэці ліст.
счакаўшы, калі бармэн будзе заняты, я скраў яго.
цяпер фікус ростам мне па грудзі, аброслы, як куст, і зялёны, як елка.

гендэр

упершыню ў жыцьці атрымаў заўвагу ад сваёй жанчыны, што занадта шырока сяджу ў вагоне мэтро.
зашмат развальваюся, ногі ў розныя бакі... ня ведаў нават, што адказаць ёй.

я так сяджу, бо зразумела, што зьвесьці ногі мне замінае тое, што ў мяне паміж ног...

пачалі гутарыць пра гэта, і высьветлілася, што яе гэта заўжды засмучала сярод мужчын.

працягнулі гутарку, і высьветлілася, што ў прынцыпе добра было б мне ня толькі ногі стульваць, але пачаць пісаць седзячы на ўнітазе, бо калі я падымаю сядзеньне, я яго потым не апускаю, а попай шлёпацца на халодны белы ўнітаз - непрыемна.

чамусьці выпраўляцца вінны толькі я.

дальнабойнік

паводле працы ў мяне шмат камандзіровак. кіроўца звычайна забірае мяне раніцай і мы ў дарозе ад трох да шасьці гадзін.
за гэты час я пасьпяваю ня толькі паспаць, у дарозе ў мяне пачынаюць адчыняцца дзьверы ў космас, я паглыбляюся ў думках да такой ступені, што становіцца жахліва жыць.
я разумею, што магу давесьці сябе да глыбокай дэпрэсіі, калі своечасова не спынюся.
мой жа кіроўца - як камень, глядзіць на дарогу, проста, спакойна, нічога яго не кранае.
быць дальнабойнікам - значыць, ня мець сумневаў, ніякага ўнутранага сьвету... ня думаць, ня марыць, не разважаць... толькі ехаць восем гадзін, потым спаць, і потым ізноў ехаць.

космас

пазнаёміўся з дзяўчынкай Стасяй. унікальнае дзяўчо, са сваім незвычайным сьветапоглядам, яшчэ не сапсаваным школай... бо школа будзе праз год.
Стася чытае, шмат разважае і можа за хвіліну прыдумаць гульню... любую, у залежнасьці ад таго, ці хочаш ты актыўны ўдзел прымаць, ці валяцца на канапе.
у Стасі ўнікальны сьпіс таго, што яна любіць, а што не, і рэчаў, якія яна паставіла пасярод двух сьпісаў.
жонка паказвае дзяўчынцы фота, дзе я з галавою накрыты сплю, літаральна падобны на мех бульбы, а побач наш сабачка.
Стася: а чаму ты дома - мех бульбы, а ў нас - чалавек? табе так падабаецца жыць?

крадзяжы

гутарыў з жанчынай, якая працуе ў краме. невялічкай крамцы ў цэнтры Менску.

яна распавядала, што зараз, падчас сьвятаў, утрая павысілася колькасьць крадзяжоў.

крадуць усё, і ўсе.

асабліва шмат крадуць кіўбас, кансэрваў, запакаваную вэтчыну, маленькія бутэлькі алькаголю.

самае трагічнае - шмат крадуць пэнсыянэры… кажа мне жанчына… ахоўнік бачыць, але часта не зьвяртае ўвагі, калі гэта стары дзед ці бабуля.

ахоўнік ловіць толькі моладзь і алькаголікаў.
алькаголікаў не шкадуе, бывае і ў твар заедзе, а з моладзьдзю ён часта не пасьпявае разабрацца - шпарка бегаюць хлопцы.

на днях ахоўніка звольнілі, бо дырэктарка крамы ўласнымі вачыма бачыла, як старая запіхвала ў торбу хлеб, і ніхто яе не спыніў.


пяцёрка

Previous post Next post
Up