5.10

Mar 05, 2016 15:31

дзясятая пяцёрка тэкстаў па сто словаў:

"Земную жизнь пройдя до половины, Я очутился в сумрачном лесу..."
ДАНТЕ АЛИГЬЕРИ "Божественная комедия"

рост

добра, прыгадайце, калі ласка, сваю школьную спартовую залю і тое, як фізрукі строілі нас паводле росту.

больш прыніжальнага нават уявіць немагчыма... Ната, самая высокая ў нашай клясе, заўсёды ішла першаю і станавілася пад вясёлае ўлюлюканьне хлопцаў, пад абразьлівае «дылда». Ната ішла і валачыла ногі, ёй было зусім не да сьмеху...

альбо апошнія аднаклясьнікі і аднаклясьніцы... малыя ростам, тумбачкі... якіх ня бралі граць у валейбол і баскетбол.

і гэта ўжо ў школе нам прывівалі парасткі сэксізму, расізму і эўгенікі... а вы кажаце, што ўсё ідзе зь сям’і...

я быў самым шчасьлівым у пастраеньні, бо, як большасьць, заставаўся стаяць сярод сярэдняроставых.

глікадзін

быў такі час, калі “глікадзін” і “тусін” можна было набываць без рэцэптаў… а яшчэ былі такія дактары, якія выпісвалі за грошы рэцэпты.

што я магу сказаць, на гэтае сыропнае памаранчавае дно ўпаў не адзін мой сябра, і выкарасквацца і лезьці наверх было цяжка, нягледзячы на спушчаныя роднымі, вяроўкі і лесьвіцы…

надоечы быў у гасьцях, жанчына скардзілася, што яе сыночак хварэе, кашляе моцна, дык у яго яшчэ галюцынацыі зьявіліся, трэці дзень бачыць кракадзілаў, і плача… я заўважыў на тумбачцы баначку “глікадзіна”, і даведаўся, што маці дае сыроп дзіцёнку сталоваю лыжкаю і амаль кожныя дзьве гадзіны…
перавышае дозу ў тры разы.

салата

у навінах я часта натыкаюся на твар чалавека, які мне, мякка кажучы ня вельмі падабаецца… я ведаю, што гэты чалавек не трымае ўладу ў сваіх руках, і ведаю, што ён, як і большасьць, часова на сваім месцы, але ён такі разьеты. ён так лянотна і тлуста аблізваецца на экране - проста кот у сьмятане!
я заўсёды ўяўляю, як ён дома ўвечары, сядзіць у сваіх утульных сямейніках і начэплівае на відэлец салату з даляраў… сьвежанашынкаваны пакунак зялёных сотак, палітых аліўкавым алеем і выціснутым сьвежым лімонам…
я гляджу на яго, у галаве пульсуюць навіны пра жкх, пра новыя падаткі і пра курс даляра.

сакрэт

гэта было нечакана, раптоўна, быццам моцна ўдарылі па галаве.
мы зь ім разам хадзілі да аднаго рэпетытара… рыхтаваліся здаваць іспыты ў “мэд.”
я часта зь ім на выходных выпіваў, асабліва пасьля таго, як ён пачаў вучыцца на лечфаку, а я на гістфаку…
перад эміграцыяй у зша, ён прызнаўся, што гей.
у гэты вечар мы ня шмат гутарылі, я думаў аб тым, чаму ён мне раней не сказаў пра гэта… і чаму я ніколі нічога за ім не прыкмячаў.
ён назаўжды застанецца для мяне сябрам, з якім я дзяліў процьму алькаголю і сьмешныя, пахабныя юнацкія гутаркі.

школа

у школе мы рабілі наступныя рэчы: уключалі краны ў прыбіральнях на паўдні... кідалі ў лайно дрожджы… лавілі малых падшыванцаў і выстрыгалі ім плешыны на галовах… заляталі ў распранальні і выключалі сьвет і харкалі ў розныя бакі - перамагалі тыя вучні, на якіх было як мага болей сэпляў… мы размалёўвалі парты і сьценкі… курылі на ўроках “ваеннай падрыхтоўкі”… зьдзекваліся з трудавіка і гістарыцы… на ўроках рускай літаратуры не хаваючыся пілі піва - давялі настаўніцу да бальніцы…
але цяпер адзін з нас - адвакат, другі - бізнэсмэн… трэці - хірург… а яшчэ ёсьць кандыдаты, пісьменьнікі, рэклямшчыкі… і ніводнага “батана”.


пяцёрка

Previous post Next post
Up