вэранда

Nov 26, 2014 08:42

гэта здарылася пятнаццаць год таму, калі мне было дзевятнаццаць і я прыяжджаў да бабулі ў маёнтак летам, прыяжджаў без ахвоты, бо лічыў, што губляю свае каштоўныя канікулы на нецікавыя справы, спрэс пакрытыя пылам і старэчымі анучамі. але тое лета мне запомнілася праз знаёмства з дзяўчынаю, якая наведвала сваіх бабулю з дзядуляй у суседняй вёсцы такім жа чынам, і лічыла гэтую справу нудодтнай, справай, якая скрадае каштоўныя дні лета.

спачатку я пачаў сустракацца з ёй выпадкова ў аўтобусе, які ехаў праз нашыя гарады ў вёску, потым я бачыў яе у вёсцы, што пад нашай сялібай.

набраўшыся мужнасьці, я з ёй пазнаёміўся ў крамцы, калі набываў цыгарэты.
і нашыя адносіны імгненна ператварыліся ў сумесь цёплых сяброўскіх гутарак і даўгіх шпацыраў па ваколіцах: вёска, сьцежкі да лесу, возера, яблыневы сад.

мы маглі з ёю пехатою прайсьці дзесяць кілямэтраў, дакрочыць да возера, там выпіць, пакурыць. мы не абдымаліся, не трымаліся за рукі, падчас прагулкі. уся прастора была ў нашым рапараджэньні, але прастора для сяброўства.
і толькі адзінае месца, дзе яна дазваляла сабе вольнасьці - гарачыя доўгія пацалункі і пэтынг, гэта вэранда.
выртаючыся разам адкуль-небудзь, дакрочыўшы да бабулінага маёнтка, мы падалі на старую канапу, што стаяла ў вэрандзе і пачыналася полымя каханьня - мы цалавался да сініх вуснаў і мяжы прытомнасьці, а потым пілі віно ці партвэйн, набыты ў адзінай на ўсю вёску крамцы, яна потым засынала, і пасьля яе - я.

у нас больш не было ніякіх іншых памкненьняў і жаданьняў, мы былі цалкам задаволеныя жыцьцём і нашымі стасункамі. мы маглі цэлы дзень гуляць, гатарыць пра кнігі, мастакоў, фільмы і проста пра былое жыцьцё ў школе ці цяперашняе ва ўнівэрсытэце, але мы дакладна ведалі, што позна ўвечары, каб нікога не будзіць, і не захраснуць у вусьцішным лесе, нас чакае вэранда.

тым летам я ўтрая часьцей прыяжджаў да бабулі, маці думала, што я стаў дарослым, самастойным і палюбіў сваіх родных пра-бацькоў, але я ехаў толькі па вечаровыя пацалункі.

мінула тры месяцы, лета скончылася, мы разьвіталіся. я ведаў толькі, што сама яна са Слуцка, вучыцца ў Менску, яна ведала - што я з Нясвіжа, вучуся ў Менску. на той час у нас не было мабільных, інтэрнэту, адрэсамі для ліставаньня мы не абменьваліся, гэта мы лічылі саплівым глупствам.
на наступны год, летам, я яе так і не пабачыў, хоць і прыходзіў кожны дзень на дамоўленае месца сустрэчы, і толькі значна пазьней, калі сядзеў у вэрандзе і сумна разважаў пра лёс каханьня, выпадкова пачуў ад бабулі, якая гутарыла з сяброўкай на ганку, што бабуля маёй дзяўчыны памерла зімою.
я зразумеў, што нагода даехаць да гэтых мясцінаў у дзяўчыны зьнікла.

яблыневы маёнтак, раман, ружова-пэрсікавае сочыва, каханьне, жанчына, жыць, герой

Previous post Next post
Up