браты
старэйшый з братоў Галівуд, Юрый - галоўны вар’ят у сям’і. у яго ніколі не было грошаў, але заўсёды лядоўня трашчала ад ежы, пакоі былі заваленыя адзежаю і апаратураю.
Юрый цягнуў дамоў усё, што ляжала кепска і ўсё, што нават было прыбіта цьвікамі… бывала і так, што людзі ставілі ў машынах супрацьугонны апарат, сыгналізацыю і блякіратар стырна, Юрый здымаў з машыны ўсё гэта і дадаваў да калекцыі магнітолу.
у краму ён хадзіў у сваёй куртцы-пілот, у рукавы лёгка зьмяшчалася колькі палак кіўбасы і кіўбасны сыр, у кішэню - гарэлка.
хлеб і масла ён набываў!
па начох Юрый “падымаў” шапікі і кватэры, і заўсёды працаваў адзін.
ён адзіны ў сям’і, хто ніводнага разу не трапляў у турму, і раптам яго быццам падмянілі, Юрый са звычайнага “дамушніка”, “фортачніка” і кішэннага вора, ператварыўся адразу ў маньяка. ён пачаў насіць акуляры як у якога прафэсара з тоўстымі аправамі, адрасьціў сабе вусы з васьмідзесятых, згвалціў, паводле сьледзтва пяцярых жанчын, забіў аднаго мужчыну і зьнік у РФ, і больш яго ніколі ніхто нідзе ня бачыў.
наладчык
была такая ж самая восень як і цяпер, волкая, туманная і цёплая, я дамовіўся са сваімі сябрамі архітэктарамі на п’яны ўікэнд у Менску.
прыехаў, сустрэўся, піў, гутарыў, абмяркоўваў і спрачаўся, нам здавалася, што мы трымаем гэты зямны шарык за самыя яйцы, такія мы здаваліся самі сабе звонку: дзікія, разумныя і з плянамі сусьветнага маштабу. неяк аднойчы я запісаў вечар на дыктафон, каб запомніць кожнае слова, якое прамаўляў у кампаніі. я быў расчараваны настолькі, што на ўсё жыцьцё паабяцаў сабе больш ніколі не абмяркоўваць падчас п’янак хоцьб што-небудзь вартае мастацтва, творчасьці і філязофіі. з дыктафона на раніцу я пачуў цьмянае мармытаньне нейкай неразборлівай лухты, было сорамна за тое, што я такі тупы і нязграбны выпівоха з зачосам пад інтэлектуала.
дык вось, Менск, я ночу ў сяброўкі на гаўбцы, перабудаваным у невялікі ўтульны пакойчык, усе мае спробы зьняць зь яе майткі, былі зрайнаванымі, таму я прачынаўся рана, узбуджаны, адпачнуўшы і ўвесь абліты дзіўным пахмурным ранішнім сьвятлом.
на трэці дзень сталічнага багемнага жыцьця, мая кампанія прапанавала схадзіць у кінатэатар “Кастрычнік” на “Наладчыка” Кіры Муратавай, фільм, які ўзначальваў міжнародны кінафэстываль “Лістапад”.
у кінатэатар мы набылі па дзьве бутэлькі партвэйну: адну перад кіно ўнутр, другую падчас прагляду.
кіназаля.
мы, дзікія расьліны, на сваіх месцах, і на нашу радасьц і зьдзіўленьне, перад экранам зьяўляецца сама Кіра Муратава і распавядае пра свой фільм, пра канцэпт і пра актораў, пра сам акт стварэньня мастацкага твора… зразумела, што пад партвэйнам усе мае сябры і ў тым ліку я, яе ня слухаем, бо самі лічым сябе ня горшымі за розных там “наладчыкаў”.
мінула птянаццаць хвілін, пайшоў фільм, і мне, вядома, захацелася ў прыбіральню. а я, як чалавек, які любіць алькаголь, заўсёды набываю сабе квіткі на скрайніх месцах, каб лёгка і незаўважна выходзіць па справах.
спускаюся па лесьвіцы ўніз і сутыкаюся з самой Кірай Муратавай, яна ідзе ў суправаджэньні сакратара, які выконвае ролю ахоўніка, і спрабуе мяне ўзяць за плечы і адвесьці ад рэжысэра. Кіра просіць мяне адпусьціць, бо бачыць, што я вельмі хачу з ёй пагутарыць.
і вось мой зорны час, зараз я пакажу ёй увесь бляск свайго інтэлекту і дасьведчанасьці, я, такі кучаравенькі, з барадой і ў акулярах, з шалікам адным канцом за сьпінаю, адчыняю рот і ляпочу нейкую хуйню, прапахлую партвэйнам і сьметанковым пячэньнем: “э, там, гэта постмадэрн той, што вы скажаце… мммм.. да… прабачце… эк… гэты “наладчык” нясе за сабою пэўную адказнасьць перад генэрацыяй пост…”
Кіра Муратава, трэба сказаць, даслухала маё мармытаньне да канца, а потым як закрычыць на мяне: “які постмадэрн?! малады чалавек, апомніцеся! які постмадэрн я вас пытаю?! прасьпіцеся, і калі зможаце, прыходзьце заўтра на афіцыйны вечар для журналістаў, я вам пакажу постмадэрн! паназавучвалі мне тут модных словаў!”
у той час я імгненна працьверазеў і мне захацелася толькі аднаго, ніколі не нараджацца на гэты сьвет.
узрост
давайце пагутарым пра тое, як нашыя беларускія жанчыны старэюць. адна мая сяброўка на днях прывезла мне свае ўражаньні Аргентынаю. кажа мне: “уяўляеш, са сьпіны ніколі не здагадаешся, якога ўзросту жанчына шпацыруе па вуліцы ў Буэнас-Айрасе, абгоніш яе, азірнешся, і таксама незразумела колькі ёй год, але відавочна ёсьць сорак.”
аргентынскія жанчыны пасьля сарака настолькі размываюць свой узрост, што за такую нялёгкую справу як вызначэньне сталага ўзросту не бярэцца ніводны сацыёляг.
а цяпер давайце азірнемся, паглядзім, хто побач з намі езьдзіць у грамадзкім транспарце, тупае па вуліцах…
жах! хто ўсе гэтыя зацюканыя жанчыны?!
мужчыны! што вы робіце з жанчынами, што яны падобныя на каго заўгодна але не на жанчын!?
гэтыя бясформенныя гумаўскія курткі! гэтыя стаптаныя боты ад “нёмана”.
жанчыны! схадзіце ў сэканд-хэнд, там нашмат таньней і выбар прыгажэйшы! зрабтіце сабе фрызуру, падкрэсьліце вочы, зрабіце манікюр!
Але навошта ўсё гэта рабіць, калі твой, гэта, што пад бокам, храпіць, пярдзіць, ваняе… не мяняе парваных шкарпэтак, майткі ўсе парваныя носіць… якая тут матывацыя?!
большасьць жанчын за пацьдзясят, стаяць у чэргах, паўгорада аб’ехаць гатовыя, каб па зьніжцы набыць два кіляграмы ялавічыны! Ня маюць плянаў на вечар, нават думкі такой сабе не дазволяць - заплянаваць вечар з сырам і віном…
у нашай беларускай рэчаіснасьці, жанчына, якая набліжаецца да мяжы пэнсіённага ўзросту, паступова ўся ссыхае, скручваецца, перастае апранацца, сачыць за сабою, пачынае есьці розную брыдоту, капаць градкі і варыць рондалі баршчоў…
калісьці я здымаў жытло каля ст. м. “Пушкінская”, маёй суседцы было 53, яна кожны месяц палову заробка пакідала на сэрыялы на DVD, закупала шмат нітак, і закаткі… закаткі… закаткі… розныя закаткі: агуркі, тушонка, таматы, пацісоны, капустка…
казала мне, што хутка ў яе пэнсія, налічыць павінныя ня шмат, яна рыхтуецца, бо паехаць грошай усёроўна ня хопіць.
дарагая мая суседка, ты што, сабралася закупорыць сваё старое цела ў аднапакаёўцы і памерці перад праглядам чарговага сэрыяла, вяжучы зімовы шалік, перад гэтым адкрыўшы трохлітровы слоік гуркоў?! дзе жаданьне жыць і сачыць за сабою, дзе ўвогуле хоць які імпэт?!
сон
сёньня бачыў такі сон:
я у пакоі без мэблі, сьцены шурпатыя, вакно, праз якое адчыняецца дзіўны краявід нейкага апрацаванага поля.
я на каленах, рукі за сьпіною, зьвязаныя.
я адчуваю, як хтосьці збоку стаіць, і трымае каля маёй левай скроні пісталет.
раптам, стрэл, я фізычна адчуваю як куля з трэскам праходзіць праз чарапную каробку наскрозь, мне адначасова і больна і вусьцішна, але я дакладна ўсьведамляю, што я не забіты, і ня буду забітым...
потым другі стрэл... трэці, чацьвёрты, пяты і шосты. у пакоі дым ад пораху, характэрны пах...
апошні стрэл атрымліваецца самым ціхім, і трапляе ня проста ў скроню, а неяк пад углом, і куля крышыць столь.
я працягваю глядзець у акно...
пісталет апускаецца, і я чую глоас: "ладна, сёньня твой дзень."
і прачынаюся.
ахвяры
адзін мой аднаклясьнік неяк ня так даўно наведваў мяне і за кілішкамі крамбамбулі, распавёў пра свой паляўнічы досьвед. ён распавёў мне такое, ад чаго давялося толькі хутчэй піць, каб не пасьпець працьверазець.
яго з сабою ўзяў бацька, які ўжо ў сталым веку, і такім чынам на паляваньні хацеў пазнаёміць сына з галоўнымі замоўшчыкамі на іх заводзе.
сын, вядома, неўзабаве стаўся дырэктарам заводу, але ён і ведаць ня ведаў, праз што яму давядзецца прайсьці.
- "ты ўяўляеш, Алесю, калі мы прыехалі на месца паляваньня, гэта было поле з маладымі ялінкамі, аточанае назіральнымі высокімі пастамі, я падумаў сьпярша, што гэта будуць сачыць за намі, ну каб паляўнічыя не заблукалі далёка, бо гэтыя вышкі былі вышэйшымі за большасьць дрэваў і ялін. я лічыў, сябра, што мы пераапранемся, і выправімся з сабакамі за дзікамі, я нават да гэтага пагугліў як выглядаюць тропкі дзікоў. блядзь! усё было проста неверагодна па-іншаму. усе тыя мудакі прыехалі, пачалі піць яшчэ да абеду, і ў абед, калі яны нажэрліся, яны запатрабавалі крыві!"
і з розных бакоў, з розных кустоў урассыпную панесліся зайцы, вывёркі і невядомыя пухнатыя зьвяркі, выпускалі іх так, каб "паляўнічыя" цэліліся ўсе ў адзін бок.
БАХ! заяц - 30$
БАХ! вавёрка - 40$
за кожную забітую жывёлку паляўнічыя плацілі, а тыя ахвяры, у якія не траплялі, паміралі ад куляў тых самых выблядкаў, якія сядзелі на вышках з вінтоўкамі.
такая мясарубка цягнулася тры гадзіны, пакуль усе гэтыя тоўстыя і непаваротлівыя ёлупні не стаміліся, і не запатрабавалі печана-тушаных зайчыкаў і вавёрачак.
- "ты разумееш, я як сядзеў, так і застаўся на адным месцы, я сварыўся толькі, але на мяне азіраліся і сьмяяліся. я быццам бы трапіў у спэцлягер, дзе пасьля таго як даб'юць усіх жывёл, на арэну пачнуць выкідаць людзей!"
пасьля таго, як усе наеліся і напіліся наноў, калі прасраліся добра так, што вулічная прыбіральня ажно трашчала. усіх чакаў цьвік праграмы: дзік - 1000$ і, калі пашчасьціць адшукаць - лось - 5000$
зразумела, што ўсё само адшукалася, бо паляўнічыя зрабілі для сумленнасьці пяцьдзясят крокаў углыб, як раптам запрыкмецілі спачатку дзікоў і забілі трох, а потым, на усеагульную радасьць - лася.
- "Алесь, гэта ўсё робіць па замове мясцовы лясьнік, ён вычварэнец, хворы, і знаходзіць такіх жа хворых замоўшчыкаў. а я вось цяпер дырэктар, і адмаўляюся працаваць з тымі ўёбкамі, з якімі мяне пазнаёміў бацька, але бацька жывы, і ў мяне зьвязаныя рукі."
сэзон паляваньня ў Беларусі набывае рысы маніякальнасьці, рысы крыві і забойства, і гэта нават калі ня ўлічваць факты з навінаў: трое пьяных паляўнічых з Расеі ўцякалі лесам на джыпе ад беларускага ДАІ і трапілі ў вялікую аварыю, выскачыўшы на дарогу... былі затрыманымі... высьветлілася - паляўнічыя без ліцэнзіі, пьяныя, у салёне аўтамабіля знойдзена сто сорак шкурак бабра, сто шкурак вавёркі...
што гэта робіцца? ці не надышоў ужо час увесьці крымінальны артыкул на паляваньне, а калі зьдзек з прычыненньнем шкоды здароўю любой жывёле ў горадзе, адразу - дваццаць пяць год!
а цяпер пакінем на хвілінку лес, і зазірнем у беларускія гарады, у кожным раёне цяпер знаходзяць зьмардаванымі котак і сабак, і тых маньякаў ніхто не шукае, бо там "адміністратыўка"...
але ж такія хворыя дачыненьні да жывёл, вельмі лёгка пераносяцца на, як мінімум дзяцей, і потым ужо позна, як стала запозна для той мамачкі, якая не адчыніла міліцыі, а на наступны дзень была парэзаная нажом разам з дзецьмі, і кропкай ва ўсім гэтым - дтп і сьмерць: мужчыны, жанчыны, сабакі.
а таксама я заўважыў, што калі сэзон паляваньня яшчэ не надышоўшы, навіны так і ломяцца ад зьдзекаў над хатнімі... дзецьмі, сабачкамі, коткамі... будзе жаданьне, і вы паспрабуйце прасачыць гэта, бо відавочна, садзізм падарожнічае з кватэры/спальнага раёну у лес, і зваротна і ніхто нічога ня робіць.