Oct 05, 2014 12:58
трое па-свойму цікавых і незвычайных мужчын, будзем зваць іх браты Галівуд:
старэйшы ўжо больш за дзесяць год у міжнародным росшуку: забойства, гвалт, рэкет.
сярэдні... пра яго крыху пазьней.
малодшы, адсядзеў дзесяць год за зьбіцьцё, якое прывяло да сьмерці ахвяры праз два месяцы ў бальніцы. Ён сеў у дзевятнаццаць і выйшаў, калі яму споўнілася дваццаць дзевяць. паводле судовай пастановы, яго дэпартавалі з краіны. цяпер ён жыве ў Літве.
бацька братоў Галівуд, раней "крышаваў" палову Менску і вобласьць Ждановічаў, Заслаўля і Маладэчна. сядзіць у турме з дзевяноста восьмага году.
сярэдні брат - Аляксандар, вялікі сябра майго дзядзькі, яны разам у двары корпаліся, разам пачалі красьці, піць, разам біліся ў раённых бойках, разам сядзелі на наркотыках, разам раскумарваліся і разам маталі срокі. Аляксандар - адналюб, ён закаханы толькі ў адну жанчыну, з якой пазнаёміўся яшчэ ў бальніцы, калі дзядзьку майго прывезлі па хуткай з разварочанаю рукою, бо ягоны сябра, калі яны “падымалі хату”, уставіўшы лом у дзьвярны праём, сарваўся і працяў акурат па руцэ дзядзьку, коста вялікага пальца глядзела вонкі. па выніку: дзьве апэрацыі і тры стрыжня ў руцэ - два месяцы гіпс. Аляксандар пабачыў Юлю ў прыёмным пакоі. У іх завязаўся бурны раман.
Аляксандра можна апісаць так: тонкія італьянскія вусы, прыемная зьнешнасьць, прыгожыя вочы, атлетычнае цела, сьпіна ў прышчах, і канцэнтраваны пах адэкалёну. неяк, калі я быў малым, дзядзька з сябрам і ягонай Юляй месяц жылі ў нас, хаваліся… я падышоў да мамы, якая ў ванным пакоі запіхвала ў старую савецкую машынку прасьціны, спрэс ў плямках, падышоў і зарагатаў, і пачаў тыкаць на плямкі: “дзядзін сябра па начох пісаецца! Ха-ха-ха!” але мама на мяне як крыкне, каб я праваліваў адсюль… гэта я цяпер разумею, што за ноч Аляксандар па тры-чатыры разы трахаўся з Юляю, і спускаў усё ў ложак.
каханьне ў дзядзькавага сябра было вялкім і неабсяжным, бывала, што яны сварыліся, і нават моцна, даходзіла да таго, што ён неяк у машыне ўтыкнуў у калена каханай паляўнічы нож… альбо аднойчы зьбіў яе так, што яна трапіла ў рэанімацыю.
Аляксандар быў у рэспубліканскім росшуку за забойства аднаго буйнога прадпрымальніка… шукалі яго ўжо тры гады, ён памяняў зьнешнасьць, наўмысна патаўсьцеў, адрасьціў валасы і бараду, пачаў насіць акуляры… але гэта не дапамагло, аднойчы, калі ён наведаў сябра, які сьвяткаваў дзень нараджэньня, хтосьці з гасьцей яго здаў.
пра гэта пісалі газэты. бралі Аляксандра спэц-атрадам, у пяціпавярховіку, у раёне вуліцы Караля, у Менску. калі вынеслі уваходныя дзьверы, той сядзеў на кухні і, вядома, не чакаў такога павароту падзеяў, але пасьпеў застрэліць дзьвюх амапаўцаў і трох моцна пакалечыць першым, што трапілася пад руку - відэльцам - цэліў у твар.
Аляксандра асудзілі на пажыцьцёвае. Юля няўмольна плакала ў судзе.
- “ён ужо адседзеў дзесяць год, і трапіў пад амністыю, яму засталося сядзець - пятнаццаць. а я шэсьць год таму выйшла за яго замуж, у турме. чакаю… калі ён вызваліцца, яму будзе пяцьдзясят” - распавядае мне Юля, пакуль мы ідзем па вуліцы. я прыехаў у Менск па справах, а сустрэў яе, ледзь пазнаў.
сябра,
творчасьць,
пачварынка,
проза,
чалавек,
дзядзька,
успамін,
жанчына