муза

Sep 05, 2014 14:40

я асабіста ніколі не слухаў і не карыстаўся ісьцінамі з двароў, альбо ад старых пакаленьняў, бо тады б мяне варта было б ажаніць на качарзе і забыцца на нейкага дзівака, які раней жыў тут. я ніколі не ацэньваў сябе звонку, калі справа даходзіла да каханьня. я лічыў, што варты любой жанчыны, якая мне спадабаецца, і ўсе гэтыя: "ён ёй не пасуе, ён стары, тупы, занадта малады, бедны, непрыгожы, тоўсты, валасаты, невысокага росту" амаль усе гэтыя пералічэньні маглі б да мяне прыкласьціся кожнае ў свой час.

я верыў, і веру толькі ў моц мужчынскага мозгу, у ягоную інтэлектуальную гнуткасьць і магчымасьць загадзя сплянаваць шляхі дасягненьня той ці іншай жанчыны.

у мяне каханкі былі рознымі, і я ніколі не ствараў сабе нейкі вобраз, які шукаю, здаралася, што мяне маглі завабіць толькі бровы, і я больш нічога ня бачыў, альбо высокі рост, і я ўжо рыхтаваў прылады каб караскацца да сваёй перамогі. былі выпадкі, калі я месяцамі мусіў дабівацца жанчыны, і, як толькі яе атрымлівалася пацалаваць і ўзяць за руку, я губляў да яе інтарэс, альбо наадварот, мяне магла трымаць доўгі час жанчына на кароткім ланцугу, толькі праз тое, што сама ўзяла ініцыятыву ў свае рукі.

усё залежыць ад настрою, часам я жадаю быць заваёўнікам, альбо часам, наадварот, аддацца і ўсё. і ніколі ня верце, што мужчыны толькі моц, мужчыны складаныя і капрызныя ў адносінах і каханьні. здаралася, я мог нэрвавацца праз тое, што мая каханка сядзіць на лаўцы і хоча пасядзець далей, але мне нецікава, але ж для яе гэта важна, альбо я псыхаваў і потым псаваў увесь вечар, калі дзяўчына спазьнялася на паўгадзіны.

я разумею, што я скроены ня толькі з цягліц, у мяне тонкая ўнутраная канструкцыя, якая часта сябе паводзіць непрадказальна. вось і тое, што са мною адбылося ў дзевятнаццаць я магу лічыць рамантыкаю і глупствам, але рэччу неабходнаю для таго, хто піша:

я з ёй пазнаёміўся каля чыгуначнага вакзалу, я вучыўся на першым курсе і першым сэмэстры, яна проста ішла кудысьці, я ніколі не рабіў такога, каб знаёміцца на вуліцы, але мяне працянула па ўсім целе моцным разрадам і літаральна штурхнула да яе.

праз хвілін так дваццаць угавораў, яна дазволіся правесьці да дому... я ішоў радасны, цягнуў вялізны заплечнік з кнігамі і раздрукоўкамі па тэорыі рэлігіі, плёў ёй розную бязглузьдзіцу, спрабаваў жартаваць, яна ўсьміхалася і зачароўвала мяне сваёй мяккай хадой і ямачкамі на шчочках, я квітней і рассыпаўся ў камплімэнтах і распавядаў ёй неверагодныя гісторыі. мы зь ёй гулялі па ўсіх вуліцах Менску, хадзілі пехатою па парках і ўздоўж ракі, пілі гарбату і піва, палілі... і так мінула цэлая ноч.
яна сказала, што было б някепска ўжо дадому, паспаць колькі гадзінак. я давёў яе да дому, у якім яна здымае разам з сяброўкаю кватэру, яна пакінула мне на паперцы свой тэлефон і мэйл, і пацалавала.

цяжка ўявіць маю скруху і невыносную бездапаможнасьць, калі я, вярнуўшыся ў свой здымны пакой, адаспаўшыся, не знайшоў паперку, я зазірнуў паўсюль, я зьезьдзіў да гэтага дому, але нават ня змог узгадаць у які пад'езд яна зайшла, туман у галаве і нейкі незнаёмы звон у вушах, быццам мяне зачараваля.
я паміраў і ня мог знайсьці сабе месца...

і вось, памятаю, я ёй тады з гонарам казаў, што буду пісьменькам, што ў мяне мэта жыцьця - пісаць раманы... і я сапраўды потым пачаў пісаць, і на працягу пяці год я пісаў для яе, кожны радок я адрасаваў толькі ёй, я бачыў, як яна гэта чытае і плача, напрыклад, альбо ўсьміхаецца, альбо крывіцца, і не жадае нават дачытваць... яна, гэтая мая начная сяброўка нават і не здагадваецца, якім моцным стымулам сталася для мяне.
яна, напэўна, недачакаўшыся тэлефанаваньня, і нічога не атрымаўшы на мэйл, расчаравалася ўва мне, і да гэтага часу ня ведае, што гэты тэкст таксама адрасаваны ёй, і яе сакавітаму пацалунку, калі мне было дзевятнаццаць, і я марыў пісаць раманы.

стыхія, назіраньне, творчасьць, проза, чалавек, ружова-пэрсікавае сочыва, успамін, выпіць, каханьне, жанчына

Previous post Next post
Up