Інтэрвію часопісу "Партызан"

Jun 17, 2007 23:27

Паводле апытаньня, праведзенага на сайце “Новая Эўропа” сярод наведнікаў, ты прызнаны лепшым аўтарам 2006 году ў Беларусі. Як ты ўспрымаеш гэты факт? Ды ўвогуле, наколькі творчыя посьпехі могуць паўплываць на далейшую дзейнасьць аўтара? Ці прыемна быць вядомым? Ці гэта толькі замінае?

Прызнаньне мяне вельмі цешыць, гэтаксама, як наогул заўсёды цешыць перамога таленту над пошласьцю, любові над здаровым сэнсам, розуму над дурнымі забабонамі, гэтаксама, як цешыць странгуляцыйная разора на шыі якога-небудзь павешанага тырана. Ня ведаю, колькі наведнікаў за мяне прагаласавала, тры або трыста, ды гэта й неістотна: я ўпэўнены, што добрых пісьменьнікаў ніколі ня будзе шмат, як, зрэшты, і добрых чытачоў. З прыемнасьцю ўсьведамляю, што хутчэй за ўсё ўдзел у апытаньні брала некалькі адукаваных, інтэлектуальных, чулых да мастацтва людзей - і іхны выбар для мяне больш каштоўны, чым захоплены енк тысяч дылетантаў, які, можа здарыцца, я калі-небудзь пачую.
Літаратурная вядомасьць у Беларусі азначае ўсяго толькі вядомасьць у вузкім коле чытачоў, здольных успрымаць тэксты, напісаныя па-беларуску. Я маю на ўвазе менавіта літаратурную, а не якую-небудзь іншую вядомасьць. Бо ва ўсе часы пісьменьнікі станавіліся ў гэтай краіне знакамітымі не таму, што процьма людзей зачытвалася іхнымі творамі, а праз сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць (таму й большасьць нашых так званых клясыкаў больш дарэчна было б разглядаць у кантэксьце гісторыі, сацыялёгіі або псыхапаталёгіі, але не літаратуры, якой у іхных опусах і ня пахне). Я такой дзейнасьцю не займаюся, мне ўтульна жыць сярод сваіх змрачнаватых літаратурных дэманаў, усе мае погляды на грамадзтва - у маіх кнігах. Карацей, агульнанацыянальны рэфэрэндум на тую ж тэму, якая хвалявала сайт “Новая Эўропа”, даў бы іншыя вынікі. (…)

(…) …вядомасьць - рэч умоўная. Некалі мой першы зборнік прозы, “Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў”, быў прызнаны лепшай кнігай 2002 году, і я атрымаў “Вялеса” ад ТВЛ. Мінула чатыры гады, а “Дапаможнік” яшчэ можна было набыць у кнігарнях, і колькасьць тых, хто лічыць “Натуральную афарбоўку” маім дэбютам, не зьмяншаецца дагэтуль.
Кажуць, у мяне зорная хвароба - вось і ўсе наступствы вядомасьці. Хаця пра такую хваробу ў іншых, паводле маіх назіраньняў, гавораць зазвычай тыя, хто самі дацягнуцца да зораў няздольныя. Я насамрэч мог бы абвесьціць сябе лепшым празаікам Беларусі, калі б толькі ў мае пляны ўваходзіла адсочваць канкурэнтаў.

(…) Як ты лічыш, наколькі вялікае значэньне ў творчасьці пісьменьніка мае аўтабіяграфічны пачатак? Напрыклад, Бахцін гаварыў пра тое, што неправамерна пры аналізе мастацкага твора ўлічваць толькі біяграфічны ці толькі сацыялягічны складнік.
Для мяне толькі той празаічны твор можа называцца літаратурным, у аснову якога пакладзены вымысел, выдумка, фантазія аўтара. Усё астатняе - ня больш чым рамесьніцтва, праклятая журналістыка. Вядома ж, на кожным з нас вісіць больш ці менш цяжкі заплечнік пэўнага жыцьцёвага досьведу, зь якога вытыркаюцца трыюмфы й расчараваньні, рознакалібэрныя падзеі ды эпізоды, высновы ды памылкі, -- заплечнік, поўны імёнаў, твараў, жэстаў, пахаў… Але ўсё гэта пры напісаньні твора прыдатнае хіба што на ўзьвядзеньне самых грубых дэкарацыяў, якія дапамагаюць стварыць ілюзію рэальнасьці ў тых, хто сядзіць у партэры. Так, кожную добрую кнігу можна назваць у некаторай ступені аўтабіяграфічнай, але ж ня гэтым яна цікавая. Важна ня тое, што насамрэч перажыў аўтар, а тое, наколькі ўдала ён можа выдумаць біяграфіі сваіх герояў.
Магу запэўніць: усе героі і ўсе ключавыя эпізоды маіх кніг выдуманыя мной ад пачатку й да канца.
У сувязі з гэтым варта згадаць некаторых беларускіх літаратурных крытыкаў, якія, пішучы пра маю творчасьць, чамусьці заўжды ўпэўненыя, што героі твораў Бахарэвіча - гэта я сам і ёсьць. Прымітыўны, непрафесійны погляд, прыхільнікі якога могуць у рэшце рэшт прыйсьці да самых бязглуздых высноваў. Напрыклад, Леанід Галубовіч у “ЛіМ”е прыпісаў мне ўсе спрэс меркаваньні ды выказваньні Хадака з “Валянціны Г.”, хаця ў гэтага літкансультанта ды небаракі-паэта зусім іншыя пашпартныя дадзеныя. А нехта па прозьвішчы Абрамовіч у “Архэ” ўзнагародзіў мяне тытулам аўтара найгоршага на той час апісаньня сэксу ў беларускай літаратуры (я чуў і адваротныя меркаваньні - ад жанчын), забыўшы, відаць, што да беднай Яны прыставаў выкладчык кудзінскай мовы, а зусім ня я, які па-кудзінску ні бэ ні мэ.
Я без сумненьняў стаўлю знак роўнасьці паміж стылёвай прыгажосьцю твора і так званымі закладзенымі ў ім ідэямі, калі казаць пра значнасьць гэтых катэгорый для кнігі. Натуральна, нейкая філязофія ў маіх тэкстах прысутнічае. Але я не настолькі дурны, каб выстаўляць яе на паверхню. Яна схаваная ў порах твора. Добрая літаратура ёсьць перадусім гульнёй і вялікім падманам, адчуваць які -- асалода. Крытыкаў, падобных вышэйзгаданым, такі погляд на літаратуру ставіць у тупік (як, зрэшты, і любы адрозны ад зацьверджанага Міністэрствам адукацыі). Яны проста ня ведаюць, як падабрацца да маіх кніг са сваім ўбогім інструмэнтарыем.
Са мной часта бывае так: я прыдумляю людзей (неабавязкова будучых пэрсанажаў), і потым сустракаю іх, такіх недадуманых, пакалечаных маёй лянотай. Адкрыю сакрэт: недзе палову сяброў абодвух нашых літаратурных саюзаў прыдумаў менавіта я. Да прыкладу, таварыш Чаргінец - таксама мая выдумка. Праўда, бачыў я яго пакуль толькі на тэлеэкране, але так і было задумана.
І яшчэ наконт аўтабіяграфіяў. Калісьці я са зьдзіўленьнем і страхам адчуў у сабе яшчэ слабую, але настойлівую пульсацыю літаратуры. Гэта адбылося пазьней, чым многія падумаюць. І калі я зразумеў, што гэтая пульсацыя -- на ўсё астатняе жыцьцё, то прыдумаў сабе ўласны жыцьцяпіс. Ня плян дзеяньняў у будучым, а менавіта жыцьцяпіс. Прыдумаў пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча. Прыдумаў сябе - так і імкнуся жыць.

Ты пачынаў як паэт. Ці пішаш ты вершы і зараз, альбо вырашыў стаць выключна празаікам?
Апошнія пяць гадоў вершы я пішу надзвычай рэдка й звычайна нікому іх не паказваю, апрача жонкі. Хаця некаторыя чытаю падчас публічных выступаў, як гэта было на нядаўніх прэзэнтацыях кніг маіх сяброў - выключна таму, што вершы больш прыдатныя для дэклямаваньня са сцэны. Свае паэтычныя вопыты - як дзесяцігадовай даўніны, так і цяперашнія - я не лічу чымсьці адметным (у адрозьненьне ад прозы). Ня ведаю, ці зразумее мяне хто-небудзь, але мне шкада пазбаўляць уласныя празаічныя творы таго, што магло б стаць паэзіяй.
Проза дазваляе мне будаваць шыкоўныя, поўныя лябірынтаў палацы, зь вітражамі на ўсе вокны й птахамі на гаўбцах. А мае вершы - гэта толькі вузкія калідоры, па якіх гуляюць скразьнякі.

Ты адчуваеш сябе беларускім або эўрапейскім пісьменьнікам? Або ты - грамадзянін сьвету? Раскажы пра свой вопыт удзелу ў замежных праектах - якія твае ўражаньні?
Я лічу сябе эўрапейскім беларускім пісьменьнікам. Эўрапейскім - бо адчуваю сваю прыналежнасьць да вялікай і старажытнай эўрапейскай цывілізацыі, да багатай і разнастайнай культурнай прасторы Старога Сьвету, і мая Беларусь (не чырвона-зялёная, а тая, якую я прыдумаў для сябе) - неад’емная частка гэтай прасторы. Найлепшая сусьветная літаратура створаная менавіта на эўрапейскіх мовах (па-ангельску, па-нямецку, па-французску й па-расейску) і ў Эўропе, эўрапейская гісторыя дасьледаваная дастаткова добра, каб чалавек зь мінімумам магчымасьцяў, добрым густам і разьвітай фантазіяй мог зьдзяйсьняць на гэтым кантынэнце сапраўдныя падарожжы ў часе; я бы мог сказаць нават, што беларусам і астатнім эўрапейцам лягчэй зразумець адно адных, калі б толькі насамрэч большасьць маіх суайчыньнікаў дагэтуль не жыла на іншым, агромністым і не да канца затанулым мацерыку пад назваю Савецкі Саюз. Бо Эўропа - гэта яшчэ й сьветапогляд.
Усё, што ёсьць не-Эўропай, для мяне на сёньня даволі абстрактнае, надзіманы глёбус у дзіцячым пакоі маёй дачкі. Геаграфія зусім ня менш важная за культуру. Можна колькі заўгодна называць сябе грамадзянінам сьвету, але ў дачыненьні да чалавека, які пражыў усё жыцьцё, сьціснуты дзяржаўнымі межамі Рэспублікі Беларусь, гэтае азначэньне будзе гучаць сьмешнавата.
Я адчуваю сябе таксама беларускім пісьменьнікам, перадусім таму, што пішу па-беларуску. Калі б беларускай мовы не існавала, яе трэба было прыдумаць. У дзяцінстве я надзвычай неахвотна й рэдка гуляў ва ўжо існуючыя гульні, якія прапаноўвалі мне прыяцелі ці пэдагогі. Мне заўсёды больш падабалася прыдумляць гульні самому і захапляць імі іншых. Так і з мовамі - цікавей пісаць на сваёй, такой таямнічай, такой нераспаўсюджанай, з такім незвычайным лёсам і з такой цьмянай будучыняй. Проста цікавей, як цікавей шпацыраваць па вуліцы, чым суткі стаяць дома ў адной і той жа позе. Да таго ж, на гэтай мове напісана яшчэ так мала, у ейнай прасторы ніхто не таўчэцца й не штурхаецца лакцямі!... І нарэшце, па-беларуску ў гэтай краіне размаўляе інтэлектуальная і культурная эліта.
Уся гэтая расейскамоўная беларуская літаратура - правінцыйная, убогая ды задушлівая, як вясковы клюб на рамонце. Гэтыя Аўруціны і Алексіевіч нікому не цікавыя ні тут - бо тутэйшы расейскамоўны чытач аддае натуральную перавагу аўтарам з былой мэтраполіі, ні там - бо адукаваная Расея нашых “расейцаў” справядліва й заслужана лічыць правінцыяламі ў найгоршым сэнсе гэтага слова. Я ведаю таленавітых маладых паэтаў і празаікаў, якія пачыналі як расейскамоўныя аўтары - цяпер яны зразумелі, што да чаго, ацанілі перавагі беларускай мовы й прыйшлі да яе, ад чаго выйгралі і яны самі як творцы, і беларуская культура, якая, папраўдзе, мяне мала хвалюе.
Але распавяду пра свае Вялікія Геаграфічныя Адкрыцьці. Іхная эпоха пачалася з наведваньня мной Бэрліну, дзе я ў раскошным будынку LCB з цудоўным відам на возера Ванзэе разам з прадстаўнікамі яшчэ трынаццаці краінаў практыкаваўся ў перакладах сучаснай нямецкай прозы. Адшукаў дом, у якім жыў прыканцы трыццатых гадоў Уладзімір Набокаў, пазнаёміўся й меў зьмястоўную гутарку з дасьледчыкам і перакладчыкам Норбэртам Рандавым, імя якога, я спадзяюся, нешта гаворыць беларусам. Някепска для аднаго тыдня. Некалькі дзён правёў у Ляйпцыгу, на знакамітым міжнародным кніжным кірмашы, дзе пераканаўся, што змаганьне чалавека з кнігай скончылася поўнай паразаю першага. Дарэчы, Беларусь на форуме прадстаўлялі толькі парачка нейкіх ілюстраваных падручнікаў па ідэалёгіі.
Уважлівы чытач маёй творчай біяграфіі можа зьдзівіцца, што рабіў празаік Бахарэвіч на тэатральным фэстывалі ў Любліне. У праграме фэстывалю была таксама літаратурная імпрэза, на якой Зьміцер Вішнёў і я прэзэнтавалі свае творы. Дзякуючы Сяргею Кавалёву і ягонай жонцы ў нас была магчымасьць занурыцца ў гэты горад глыбей, чым дазволена звычайным турыстам.
У верасьні мінулага году я, такі зеленавокі й самотны, прадстаўляў нашу сінявокую краіну на прэстыжным штогадовым літаратурным фэстывалі Vilenica ў Славеніі. Калі рай напраўду існуе, то ён знаходзіцца менавіта ў гэтай маленькай, гасьціннай, сонечнай і зялёнай краіне. Ніколі не забудуся на царкву Сьвятога Даніеля ў мястэчку Грушэве, дзе чытаў сваё апавяданьне “Абсалютны слых” у засені гары, па якой калісьці караскаліся лянгабарды, як не забудуся смак мяса, смажанага на старажытнай каменнай жароўні, хлеба й шнапса пад ачмуральным славенскім небам, і пячору, і адрэналін славенскіх дарог… Найвышэйшая канцэнтрацыя таленавітых людзей у адным месцы, якую мне калі-небудзь даводзілася назіраць. Хвала лепа, Славенія!
А потым я месяц жыў у аўстрыйскім Грацы, зусім нядаўна -- культурнай сталіцы Эўропы, на пісьменьніцкай стыпэндыі. Мая кватэра месьцілася на вяршыні гары Шлёсбэрг у цэнтры гораду, сапраўдная вежа са слановай косткі, марнаваць час у якой было б злачынствам. Вынікам стаў вялікі тэкст пад назваю “Пасьля фаервэрку”, які выйдзе ўвесну ў “Дзеяслове”. А ўжо згаданы “Абсалютны слых” у перакладзе Андрэ Бёма быў апублікаваны ў часопісе “Lichtungen”, стаўшы першым маім творам, які двойчы выйшаў за мяжой і ніводнага разу - у Беларусі. (…)

Назаві, калі ласка, імёны тых аўтараў, якія найбольш паўплывалі на твой эстэтычны вопыт.
Як і раней, тры кіты, на якіх трымаецца для мяне сусьветная літаратура, гэта Кафка, Джойс (як аўтар “Уліса”) і Набокаў. На мой погляд, пакуль іхная проза не пераўзыйдзеная анікім. “Дар” і “Кароль, дама, валет”, “Лаліта” і “Бледны вагонь”, “Працэс” і “Замак”, “Ператварэньне” і “Вясковы лекар” (напрыклад! толькі напрыклад!), як і падарожжы Леапольда Блюма - гэта ня толькі бліскучая літаратура, напісаная чараўнікамі, літаратура, якую можна й трэба перачытваць ды перачытваць, літаратура, ад якой атрымліваеш амаль фізычнае задавальненьне. Гэта падобна да рэлігійных вучэньняў - зразумеўшы й прыняўшы такую літаратуру, чытач ужо ня зможа заставацца тым, кім быў раней. Кнігі, якія могуць зьмяніць любыя погляды чытача, ад палітычных да эстэтычных, кнігі, якія здольныя перакуліць жыцьцё. Са мной калісьці так і адбылося.
Натуральна, гэтыя дыфірамбы зусім ня сьведчаць, што ўся астатняя літаратура пакідае мяне абыякавым. Сярод маіх улюбёных пісьменьнікаў і паэтаў: Данііл Хармс, Ален Роб-Грые, Сэбасьцьян Найт, Джон Апдайк, Генрых Бёль, Гюнтэр Грас, Міхаіл Булгакаў, Мілан Кундэра, Дж. М. Кутзэе, Джон Фаўлз, Эльфрыдэ Елінэк, Архан Памук, Джон Шэйд, Іосіф Бродзкі… Ніякіх танных экстрэмістаў. Таму мне дзіўна бывае чуць, як мяне параўноўваюць з тымі, каго я ніколі не чытаў або чытаць не зьбіраюся, баючыся за свой густ. Прыведзены сьпіс заканамерным чынам з году ў год трохі зьмяняецца, вось і цяпер я зазначу, што сёлета не без ваганьняў дадам у такую паважную кампанію імя Юрыя Андруховіча і ўзгадаю пра мёртвыя душы, у двухкосьсі й без.
У беларускай літаратуры ніхто не адпавядае маім відавочна завышаным патрабаваньням, у тым ліку і Альгерд Бахарэвіч. Хаця…

У выдавецтве “Логвінаў” рыхтуецца да друку твая чарговая кніга - раман пад назваю “Праклятыя госьці сталіцы”. Распавядзі, пра што, уласна кажучы, гэты твор, і якая канцэпцыя пакладзеная ў яго аснову.
“Праклятыя госьці сталіцы” - мой “тэатральны раман”. Гэтая кніга ёсьць гісторыяй аднаго самадзейнага тэатру, а паколькі цяжка ўявіць што-небудзь больш несумяшчальнае, чым я і самадзейны тэатр, то, думаю, мая задума ўвасобленая больш-менш пасьпяхова. Зрэшты, з такім жа посьпехам “Праклятых гасьцей сталіцы” можна назваць раманам навукова-гістэрычным, сатырычным, парнаграфічным, наркатычным, палітычным, гістарычным, мэлядраматычным etc. Раман ня мае права быць плоскім, аднавымерным. Як і мае папярэднія кнігі, гэтую чалавек, які не ўмее Чытаць, не адолее - добрая абарона.

Што для цябе актуальная літаратура? Ці ёсць актуальная літаратура на Беларусі? Якіх аўтараў - тваіх калег - ты мог бы назваць актуальнымі пісьменьнікамі?
Першае і адзінае, што цікавіць мяне ў любым літаратурным творы - гэта талент ягонага аўтара. Унёсак той ці іншай кнігі ў нацыянальнае або якое-кольвечы іншае адраджэньне, яе актуальнасьць, рэвалюцыйнасьць, сугучнасьць эпосе, наватарскія падыходы - усё гэта кранае мяне гэтак жа мала, як славянскі базар у Віцебску. Калі аўтараў і трэба на нешта тэставаць, дык гэта на наяўнасьць у іх чараўніцкіх здольнасьцяў. Бо пісьменьнік бяз гэтых здольнасьцяў можна быць і актуальным, і рэвалюцыйным, і сугучным, і вельмі народным - вось толькі ад няздарнасьці сваёй ён нікуды не падзенецца.
Калі разумець пад актуальнай літаратурай тую, якая важная, значная менавіта для сучаснасьці, для цяпершчыны, то мне здаецца, што, да прыкладу, вядомыя “Лісты рымскаму сябру” Бродзкага, напісаныя ў 1972 годзе, больш актуальныя для сёньняшняй Беларусі, чым выдадзены нядаўна зборнічак Леры Сом. (…)
Гаворачы пра вечнасьць, чалавек зазвычай мае на ўвазе ўласнае жыцьцё, ягоную магчымую працягласьць. Нам цяжка ўявіць час як бясконцасьць, таксама як мы ня здатныя ўсьвядоміць бясконцасьць сусьвету. Адзін з герояў майго твора “Пасьля фаервэрку” прызнаецца, што калі ён спрабуе гэта зрабіць, яму становіцца блага, страшна, млосна… Нам патрэбныя межы, як паветра. Але вось ў добрых кніг маецца шанец застацца ў вечнасьці. Бо дакуль будзе існаваць чалавецтва, будуць існаваць каханьне ды сьмерць, здрада ды зайздрасьць, славалюбства ды нянавісьць, апантанасьць і няроўнасьць, і выпадак будзе руйнаваць такія надзейныя, здавалася б, муры, і сярод мільёну здаровых, разважлівых і гуманных знойдзецца, абавязкова знойдзецца сьвятая тройца: Нязгодны, Хворы і Абыякавы. Гэта й дасьледуе добрая літаратура - фэномэны чалавечага існаваньня. Сучаснасьць -- толькі дэкарацыі, і якую б важную ролю яны ні адыгрывалі, яе нельга назваць вызначальнай. А сапраўдная, таленавітая літаратура будзе актуальнай заўсёды.
… І я цудоўна разумею майго героя, таго самага Хадака, калі ён уяўляе сабе, “як саркастычна пасьміхаецца, кладучы ў рот чарговую, неўміручую, бяскосную вінаградзінку, муза Кліо, назіраючы за шумлівымі намаганьнямі хадаковых суайчыньнікаў”.

Студзень 2007
Гутарыла Віка ТРЭНАС

інтэрвію

Previous post Next post
Up