Вярнуўся з Львоўскага літаратурнага фэстывалю і Міжнароднага форуму кнігавыдаўцоў. Можна сказаць, што быў ва Ўкраіне ўпершыню; Крым ня лічыцца.
Доўгая дарога спраўдзіла ўсе спадзяваньні. Было ўсё, што чакаў: польскія гопнікі, разьбітыя вакзалы, начная мяжа, выпадковыя знаёмствы, чыгуначнае паветра і чыгуначная вада, падзеньне зь месяцаў. З Гамбургу польскі цягнік давёз да мястэчка Кеньдзежына-Козьле (вагона, у якім я рэзэрваваў сабе месца, не было ў наяўнасьці, пра што нямецкі праваднік зрабіў флегматычны запіс у квітку); адтуль, ужо ў купэ, дабраўся да Львову. Дваццаць чатыры гадзіны дарогі. На зваротным шляху ўсё было прыкладна гэтаксама: Львоў - Ополе, Ополе - Гамбург.
Львоў пакінуў фэерычнае ўражаньне, зрэшты, як і сам фэстываль. Такіх у Беларусі не было, няма і ў бліжэйшы час ня будзе. Такім вось мусіць быць сёньня наш Парядак Слов.
Маім днём на фэстывалі была субота. Спачатку ўзяў ўдзел у дыскусіі "Сусьветная літаратура: нацыянальнае versus глябальнае", потым у кнігарні "є" былі нашыя з Марыйкаю Мартысевіч чытаньні, мадэравала якія мая сяброўка паэтка Багдана Маціяш.
(фота В.Романенко)
А першы дзень фэстывалю скончыўся на футбольнай ноце. "Парвем сёньня гэтых бульбашоў, слава Ўкраіне!" - прыкладна такімі словамі пачаў свой вечаровы выступ усьмешлівы Юрый Андруховіч і прачытаў злоснае, файнае эсэ пра менскі гатэль "Беларусь" і яго прасталытак. Футбол мы з маім гідам Ірынаю глядзелі ў нейкай піцэрыі, дзе, як і падчас андруховічавага выступу, я быў адзіным бульбашом - штопраўда, балеў той бульбаш хутчэй за Бэрнда Штангэ і за добра бачныя на экране абрысы роднага стадыёну "Дынама".
Прыдбаў сабе кніжак па-украінску, у тым ліку "Сьомгу" Сафіі Андруховіч і апошні раман Памука. Што яшчэ? Сустрэў старых знаёмых, прыдбаў новых: з Украіны, Швайцарыі, Харватыі. Адкрыў для сябе цікавых беларускіх паэтаў, якіх раней ня чуў: Сяргея Прылуцкага і Віталя Рыжкова. Меў некалькі экскурсій па горадзе, адну зь іх ласкава пагадзіўся правесьці знаны украінскі гісторык Яраслаў Грыцак. А Остап Кінь, які, дарэчы, перакладае цяпер маю "Сароку" на ўкраінскую, зрабіў усё, каб з Львову я зьяжджаў з пачуцьцём закаханасьці ў гэты горад.
Што яшчэ? Непаўторныя львоўскія кавярні. Іх шмат, я наведаў шэсьць. У адной, "Стараяўрэйскай", замест сплочваньня рахунку мусіш таргавацца з афіцыянтам, у "Мазоху" пануе нацыянальна-эратычны стыль, а ў паўстанцкім бункеры "Крыівка" я, выпіўшы, нават трохі пастраляў, "Угастіл Альошку свінцовою лепьошкой":
Вынік - як для чалавека, які апошні раз страляў на ўроку НВП у савецкай школе - па-мойму, неблагі.
А ўвогуле, фэстываль, як кажуць, прымусіў шмат пра што задумацца. Пра людзей, пра будучыню, пра кнігі, пра мову, пра зайздрасьці і ўплывы. Пра літаратуру, пра яе ў ва мне і мяне ў ёй. Пра яе ў Беларусі і пра Беларусь безь яе.