Інтэрвію газэце "Belarus-Perspektiven"

Aug 01, 2009 11:51


Вось такая ў нас з журналістам Марцінам Шонам атрымалася гутарка:


Альгерд, хто сëньня чытае Бахарэвіча?

Я мяркую, гэта людзі, якія чакаюць ад літаратуры чараўніцтва і цікавых, незаежджаных думак, а не прароцтваў і павучаньняў. Мае чытачы - разумныя , адукаваныя, з добра разьвітым густам, зь вельмі крытычным стаўленьнем да рэчаіснасьці, ім заўжды ўласьцівы той здаровы цынізм, безь якога ў Беларусі ня выжыць. Яны дасканала валодаюць навукай пагарды да пашлякоў, крывадушнікаў і хамаў. Разам з тым гэта людзі, якія ўмеюць тонка адчуваць і маюць выдатную моц уяўленьня. Яны вельмі таленавітыя, мае чытачы.

Гэта людзі з адмысловай беларускай тугою ў вачох. І тым ня менш усе яны - сапраўдныя эўрапейцы. А такіх у Беларусі пакуль што меншасьць.

А Вы каго любіце чытаць зь беларускіх пісьменнікаў?

Нашыя блізьняты-клясыкі, Багушэвіч, Купала, Колас і іншыя, мяне мала цікавяць, я лічу іх хутчэй выбітнымі грамадзкімі дзеячамі, чым вялікімі літаратарамі. Багдановіч зь ягонымі сухотамі, ягоным рамантычным болем, ягоным Горадам і ягоным Космасам заўжды быў мне неяк бліжэйшы.

Савецкая беларуская літаратура была напачатку даволі цікавай зьявай, але цалкам заканамерна і вельмі хутка яна вырадзілася ў клюб прафэсійных канфармістаў і калгасных графаманаў. Таму яна ўяўляецца мне збольшага шэрай і нецікавай - практычна ўся, за выключэньнем хіба некалькіх імёнаў, сярод якіх асобна стаяць Быкаў і Караткевіч -- яны сапраўды былі пісьменьнікамі высокага ўзроўню.

Што да сучаснай літаратуры, то, калі казаць пра старэйшае пакаленьне, мне заўжды цікава тое, што робяць Алесь Разанаў, Адам Глобус, Юры Станкевіч, Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч. З маладзейшых самымі цікавымі лічу Андрэя Хадановіча, Вальжыну Морт, Марыйку Мартысевіч, Сяргея Балахонава, Юрася Барысевіча, Зьмітра Вішнёва.

Пытаюся па ўласнаму досьведу, бо жыў апошнія два гады на стыпэндыю палітычнага фонду: няма ў Вас такога адчуваньня „дрэннага сумленьня“ ўвесь час, накшталт таго, што Вы павінны грантадаўцам?

Я ня думаю, што ў дачыненьні да мяне і майго жыцьця тут, у Нямеччыне, можна ўжываць такія словы, як «палітычны», «палітыка». Я не люблю палітыку і палітыкаў. За маёй сьпінай ніколі не стаяла і не стаіць ніводная палітычная або грамадзкая арганізацыя, я прэзэнтую сам сябе і сам адказваю за ўсе свае выказваньні, думкі і ўчынкі. Насамрэч я нават ня маю палітычных поглядаў, а калі ўсё ж маю, то ўва мне адчайна змагаюцца анархіст-індывідуаліст, лібэрал-заходнік і беларускі нацыяналіст, што насамрэч можа значыць толькі адно: я ня маю ніякіх палітычных поглядаў.

Пачуцьця дрэннага сумленьня, такім чынам, я таксама ня маю. Я жыў тут на розных стыпэндыях, але ніводнага разу не сутыкаўся з тым, каб мяне прасілі або вымушалі што-небудзь казаць або рабіць. З боку тых, хто мяне запрашае, я заўжды сустракаю толькі цікавасьць да маёй творчасьці, клопат і жаданьне дапамагчы. Дзякуючы розным фондам і арганізацыям я проста маю магчымасьць спакойна жыць і працаваць над сваімі кнігамі ў вольнай краіне. Дзе ніхто не ўказвае, што мне пісаць і што гаварыць.

Іншая справа, што беларуская тэма заўжды мае палітычную афарбоўку, незалежна ад жаданьня тых, хто ёй цікавіцца. Асабліва моцна гэта кідаецца ў вочы падчас выступаў: біяграфія агучана, тэксты прачытаныя, пачынаецца размова з аўтарам, і вось тут можна быць пэўным, што палова пытаньняў аўдыторыі будзе прысьвечаная не літаратуры, а палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Гэта прыкра.

Вы вельмі крытычна выказваліся наконт паняткаў „патрыятызм“ і „народ“. А як беларуская творчая эліта гэта ўспрымае? Усë ж такі выказваньні інтэллігэнцыі, мастакоў й пісьменьнікаў прасякнутыя гэтымі паняткамі.

Тыя творчыя людзі ў Беларусі, якіх я паважаю, якія сапраўды таленавітыя і якім ёсьць што сказаць, заўжды, як мне здаецца, правільна разумеюць мае словы. Натуральна, у маіх выказваньнях ёсьць нейкі элемэнт сьвядомае правакацыі - інакш цябе проста не пачуюць, але я насамрэч пераканы ў тым, што патрыятызм мае мала супольнага з творчасьцю. Бо творчасьць ёсьць гордай адзінотай аўтара, а патрыятызм - гэта заўжды нешта прымусова-калектыўнае, у чым ты мусіш распусьціцца, як удзячны кавалачак цукру ў гарачым кіпні. Панятак «народ» для мяне занадта абстрактны, ён - небясьпечнае абагульненьне, якім карыстаюцца ў сваіх мэтах палітыкі. Людзі цікавыя мне толькі паасобку, як народ яны губляюць сваё індывідуальнае аблічча. Пісьменьнікі цікавыя тым, што яны пішуць, а не ступеньню сваёй любові да народу, ці ня так?

На тых, у каго мае погляды выклікаюць патрыятычную гістэрыку, я гляджу з пагардлівай усьмешкай. Мне заўсёды падабалася злаваць дурняў і даводзіць да інфарктаў мяшчанаў.

А вы сумуеце па Беларусі - не ўнутраной, а той, якая вакол вас, калі Вы знаходзіцеся ў Менску?

Я сумую па Менску. Менск - унікальны, гэта мой родны горад, я пражыў там больш за трыццаць гадоў. Таму ягоныя вуліцы, лавачкі ў ягоных сквэрах, цені ягоных будынкаў, ягонае неба «колеру выключанага тэлевізара», ягонае падобнае да загадкавага няскончанага раману мэтро, ягоныя смурныя людзі, ягоныя панылыя сьвяты, ягоная цудоўная зіма, яго вусьціш і яго ачмурэньне, яго пахі і колеры - усё гэта значыць для мяне непараўнальна больш, чым для не-менчука. Прыяжджаючы ў Менск, я шторазу нібы апынаюся перад вялікай празрыстай сьцяной, за якой бачу сваё дзяцінства, сваё юнацтва, той рай, страціць які наканавана кожнаму. І тое, што Менск у часы майго дзяцінства быў заходняй брамай вялікай злачыннай імпэрыі, а цяпер ёсьць сталіцай лукашэнкаўскай дзяржавы, у дадзеным выпадку не адыгрывае ніякай ролі.

Калі я гляджу цяпер на свой родны горад, мне, з аднаго боку, прыемна бачыць, што ён паціху пазбаўляецца сваёй правінцыйнасьці. З другога боку, дзякуючы палітыкам нашыя ўсходнія суседзі пачуваюцца ў Менску як у сябе на лецішчы, і мне балюча гэта бачыць.

Нямеччына - гэта страна для вольнадумцаў?

Я разумею, што ў гэтым пытаньні прысутнічае немалая доля іроніі. І тым ня менш адкажу: у параўнаньні зь Беларусьсю - так. У Нямеччыны хапае сваіх праблемаў, але свабоды і павагі да правоў асобы тут непараўнальна больш. Магчыма, так званыя простыя людзі ў Нямеччыне і ня маюць вялікіх магчымасьцяў вызначаць палітыку краіны, але тое, што яны могуць абсалютна свабодна выказваць свае погляды - гэта праўда. Вядома ж, я ня маю на ўвазе экстрэмістаў, перад якімі я й сам на месцы ўраду без сумненьняў запальваў бы чырвонае сьвятло. Нямеччына - краіна зь вельмі разьвітай грамадзянскай супольнасьцю, яе мэханізмы працуюць надзейна і здольныя спыніць любую праяву дыктатуры, калі такая зьявіцца, у самым зародку. Нямеччына вартая павагі і за тое, што яна дае прытулак вольнадумцам з усяго сьвету. Я ўдзячны Нямеччыне.

Вам здаецца, што дыялог паміж ЭС і Беларусью будзе даваць штосьці творчым людзям, мастакам?

Да дыялёгу паміж Эўрапейскім Зьвязам і цяперашняй Беларусьсю я стаўлюся адмоўна. На ўзроўні палітыкаў адбылося нешта кшталту здрады. Эўрапейскі Зьвяз раптам вырашыў паводзіць сябе зь беларускай уладай так, нібыта нічога не было: ні рэпрэсій, ні разгону парляманту, ні ўціску незалежнай прэсы, ні ўдушэньня іншадумства, ні рабскіх «законаў», ні зьбіцьця мірных дэманстрацый, ні перасьледу студэнтаў, ні зьнікненьняў палітыкаў, ні злачыннай прапаганды, ні змоваў з Расеяй… Усё гэта нібыта й прыгадваецца час ад часу палітыкамі ЭС, але насамрэч - забыта. Лукашэнка зноў перамог. Так, я разважаю наіўна, але мне, дзякуй богу, ня трэба думаць пра «прагматычны падыход» і г.д. Беларуская ўлада заслугоўвала ізаляцыі, а атрымала прызнаньне. Гэта была здрада ў імя высокай палітыкі. Прыклад таго, як можна здабыць сабе легітымнасьць, прыйшоўшы да ўлады нелегітымным шляхам.

На шчасьце, дыялёг паміж творчымі людзьмі ў Беларусі і краінах ЭС ніколі не перапыняўся. Ён не залежыць ад палітычных дэмаршаў, ад улады і яе капрызаў, ад прызнаньняў і непрызнаньняў. Эпоха жалезных заслонаў прайшла, творчыя людзі паразумеюцца і без дапамогі палітыкаў. Мяжа паміж намі - гэта ўсё ж не перашкода для сапраўдных мастакоў.

інтэрвію

Previous post Next post
Up