Aug 18, 2008 19:30
Сёньня, здаецца, васямнаццатага.
Васямнаццатага нам заўсёды давалі АВАНС.
З самае раніцы на ПРАЦЫ панаваў прыўзьняты, амаль навагодні настрой. Нават НАЧАЛЬНІК ня мог супрацьстаяць млоснай радасьці гэтага запаветнага дня і памяркоўна заплюшчваў вочы на ўсе парушэньні ДЫСЦЫПЛІНЫ.
Час цягнуўся марудна. Дзевяць, дзесяць, адзінаццаць... “Пайшла!” - праносілася нарэшце па кабінэтах доўгачаканая вестка, і мае КАЛЕГІ кідаліся да вокнаў, назіраючы за бухгальтаркай Таняй, якая нясьпешна, нібы зьдзекуючыся, крочыла ў накірунку банку. Праз гадзіну яе абцасы зноў грукалі па лесьвіцы, і мы нэрвова ўслухваліся ў гэты ерыхонскі тупат. “Лічыць,” - шапталі ў калідорах, паказваючы пальцамі на зачыненыя дзьверы бухгальтэрыі, за якімі адбывалася таемства. Яны ўжо былі тут, блізка, іхны няўлоўны водар прасочваўся скрозь усе шчыліны і біў проста у мазжачок: яны, ГРОШЫ.
Уваходзячы ў бухгальтэрыю, нельга было паказваць, зь якой мэтай ты сюды прыперся. Паводле этыкету, ты мусіў спытаць у бухгальтаркі пра што-небудзь зусім нязначнае, пра нешта, што ня мела да АВАНСУ ніякага дачыненьня. І толькі потым, калі ты ўжо выходзіў, трэба было затрымацца на парозе і дачакацца, пакуль табе ў сьпіну ня скажуць гэтак жа мімаходзь: “Дарэчы...”
Іх давалі акурат перад АБЕДЗЕННЫМ ПЕРАПЫНКАМ. Таму, атрымаўшы сваю долю, можна было пайсьці закусіць - і не вярнуцца. Бо васямнаццатага заўжды была пятніца, і ПРАЦОЎНЫ ДЗЕНЬ сканчаўся раней. Падыходзіла твая ЧАРГА. І ты браў іх у рукі, здаваў у ПРАФСАЮЗ пяцёрку камусьці “на дзень раждзенія”, рэшту таропка засоўваў у кішэні, і потым расьпісваўся ў ВЕДАМАСЬЦІ. З такім адчуваньнем, быццам толькі што ўзяў удзел у чымсьці вельмі ганебным. Тым Талер з поўнымі кішэнямі папяровых талераў.
НАЧАЛЬНІК глядзеў на нас і ўсьміхаўся так шчасьліва, нібы ён быў нявестай, а мы ўсе - ягонымі жаніхамі. Гэта было пачуцьцё поўнае еднасьці. Гэта быў ідэальны КАЛЕКТЫЎ, хаця НАЧАЛЬНІКУ больш падабалася слова “каманда”.
Было лета. На даляглядзе ўжо маячыў ВОДПУСК.
І кожны шчыра зычыў табе ДАБРА, а сабе -
доўгага, доўгага, доўгага жыцьця.
тэкст,
час,
архіў