Rutsch

Dec 31, 2012 19:17

Ну вось, і я туды ж.
За год прачытана некалькі сотняў кніг. Збольшага, упершыню ў жыцьці і з цалкам зразумелых прычын - беларуская літаратурная клясыка.
Спрабаваў скласьці сьпіс, ды кінуў недзе на першай сотні. 
Атрымаў ад жонкі ў падарунак на Раство рыдэр. Цяпер на ім чытаю "Гісторыю Вугоршчыны". Ужо дайшоў да першай сусьветнай.
Прачытаў за апошні месяц, апрача іншага, кніжкі пра маршала Ціта і таварыша Чаўшэску.

Выдаў дзьве кніжкі. Адна зрабілася кнігай году па вэрсіі аднаго часопіса і ўвайшла ў 10-ку аднаго дзіўнага рэйтынгу.
Другая стала 2-ой паводле сьпісаў найлепшых кніг году выдавецтва "Галіяфы" і кнігарні "Логвінаў".
Пра абедзьве шмат пісалі. Усялякага.

Так і ня выйшаў пераклад братоў Грымаў. Але неўзабаве выйдзе. Мо нават яшчэ ўзімку.

Літаратура: адкрыцьцямі зрабіліся Міленка Ергавіч, Рабэрта Баланьё, Вячаслаў Адамчык, Міхась Стральцоў. Юр'енен яшчэ.

Быт, словы году: Ікея, рыдэр, роўтэр.

Палітыка: галоўная палітычная падзея ў Беларусі можа быць толькі адна, і яна пакуль што, на жаль, ня здарылася.

Падарожжы: Менск, Уроцлаў, Грайфсвальд, Прага.

Падзеямі былі прэзэнтацыі і выступы ў Менску.

Досьведам, напэўна: гамбурскі шпіталь "Groß Sand" і адно невялікае выдавецтва з таго самага гораду.

Месца: мястэчка Зэмбіцэ недалёка ад польска-чэскай мяжы.

Рэч: ружанец.

Людзі: мая сям'я.

Ну, і першая навіна новага году. Стартаваў мой новы праект на Свабодзе. Каляндар Бахарэвіча. Увесь 2013 год штодня на сайце і ў этэры Радыё Свабода - мой тэкст пра нейкую гістарычную падзею. Часам ёй робіцца адно імгненьне, часам яна прадказальная, як дождж, часам - ніхто яе нават не заўважае. Карацей, мой уласны Каляндар.

Як казаў добрай памяці Назар Ганчар,

Guten Rutsch ins Neue!

exile, cunning, silence, мой каляндар, час

Previous post Next post
Up