(no subject)

Aug 03, 2012 20:38

Вярнуліся з роднага горада. Дачка і я.
Гэтым разам пражыў у Менску ўвесь ліпень. Было багата чаго. Добра ў ліпені быць сьнегам на чыёй-небудзь галаве.
Справы.
Паўдзельнічаў у прайдзісьветаўскай цырымоніі (мае віншаваньні ляўрэатам). Чытаў урыўкі з "Шабаноў" у кнігарні "21-ы век" і спрабаваў адказаць на мудрагелістыя пытаньні. Паслухаў таленавітых людзей на літаб'яднаньні "Вобла" і пачытаў ім свае "Шабаны". Выпіў каньяку на прэзэнтацыі папяровай "Макулатуры". На другім паверсе загараднага бацькоўскага дома пісаў "Гамбурскі рахунак". Думаў над Грымамі.
Была сьпёка. Быў горад, які кожнага правакуе на здраду.
Цудоўна пагуляў у футбол (ганьба ўсім, хто абяцаў, ды не зьявіўся).
Было шмат алькаголю, кавы і начных шпацыраў. Размоваў, маўчаньня. Самоты, тугі і сумненьняў. Карацей, усё як у людзей. Да якіх я так імкнуўся быць падобным гэтым ліпенем. Здаецца, атрымалася ня надта.
Плаваў і загараў у Пятровічах.
Беляшы, пяльмені, крабавыя палачкі і плястыкавыя кубачкі. Шабаны і цэнтар. Вакзал.
Пабачыў усіх сяброў і шмат каго з добрых знаёмых. Пабачыў нават тых, каго ня бачыў гадоў дзесяць і ўжо не спадзяваўся пабачыць жывымі. Напрыклад, басіста колішніх Hate to state Ігара Коніка ці Міхася Баярына. Бачыў шмат літаратараў,  хіпстэраў і паліцыі. А яшчэ расейцаў -- якія, куды ні плюнь, раскашуюць на сваёй заходняй дачы і, па ўсім відаць, пачуваюцца ў маім Менску як дома. Цяперашні летні Менск у маім уяўленьні чымсьці падобны да Парыжу часоў акупацыі. Страчана ўсё, апрача лета, але ж жыцьцё працягваецца: кароткія сукенкі, кавярні адчыненыя, марозіва таннае, побач з футбольнай пляцоўкай трэніруецца нейкі расейскі спэцназ, а мясцовыя калябаранты ў адной чарзе з табой затарваюцца півам. Уцёкі ў сябе сканчаюцца нырцом у найбліжэйшае вадасховішча. Атмасфэра млявасьці і распаду.
Нарэшце пазнаёміўся з Уладзіславам Ахроменкам. Выпілі, пагаварылі на цікавыя тэмы, спадзяюся -- не апошні раз. І -- таксама нарэшце -- пабывалі з дачкой у майстэрні Васілісы. Дзякуй вам, С. і В.
Пабываў на файнай начной прэзэнтацыі "Крутагорскіх казак" Адама Глобуса.
Была бібліятэка -- кнігі майго дзяцінства, якія цяпер стаяць на тым самым другім паверсе бацькоўскага дома ў вёсцы пад Менскам. Пра яе напішу пазьней, гэта варта апавяданьня або эсэ. Перачытаў за адну ноч "Графа Монтэ-Крыста".
Былі бацькі, якія старэюць так няўхільна. І брат, якім я ганаруся.
Была настальгія.
Ёсьць у ім нешта такое, чаго няма нідзе. Нідзе.

менск

Previous post Next post
Up