Выйшаў
другі нумар часопіса "Макулатура". Неўзабаве ён зьявіцца і на паперы.
Ёсьць там і мае тэксты: апавяданьне "Дрожджы" і пераклад з Г.-Г. Эвэрса: "Куфэрак для марак".
***
Днямі адшукаў на сайце pawet.net такую вось рэцэнзію на сваю мэдычную энцыкляпэдыю
Развагі і адкрыцці саракагадовага шчаслівага эгаіста
У апошнія гады сацыёлагі адзначаюць, што ў свядомасці жыхароў Беларусі з найбольшых каштоўнасцей чалавека катэгорыя "асабістае здароўе" з восьмага-шостага месца (у савецкія гады) паступова, але няўхільна перамяшчаецца ў тройку лідараў. Гэта ўскосна сведчыць і пра тое, што людзі пачалі надаваць больш увагі стану свайго арганізму. А значыць, іх сталі больш цікавіць звесткі пра медыцыну і ўсё, што з ёю звязана. Аднак, калі для медыкаў-спецыялістаў яшчэ тое-сёе выдаецца, то для шырокіх колаў грамадства нейкіх папулярных і пісьменных твораў пра здароўе - амаль нічога. А на беларускай мове - і пагатоў. Таму з'яўленне "Малой мэдычнай энцыкляпедыі Бахарэвіча" нельга было не заўважыць.
Праўда, адразу насцярожвае і інтрыгуе змест анатацыі гэтай энцыклапедыі. Аказваецца, яна - "антынавуковае выданьне для шырокага кола дактароў-самавучак" , якое адрозніваецца ад іншых энцыклапедый такога кшталту "тым, што яна трактуе найважнейшыя мэдыка-біялагічныя, клінічныя і мэдыка-сацыяльныя праблемы з пазыцый чалавека, якому тэрмінова патрэбная мэдычная дапамога і які гэтую дапамогу катэгарычна адхіляе ".
Трэба адзначыць, што падабенства гэтага выдання з іншымі энцыклапедыямі толькі адно: яго артыкулы, ці артыкульчыкі (па Бахарэвічу) размешчаны ў алфавітным парадку. За выключэннем першага - "Сьмерць". Ён - як аўтарская прадмова. Зрэшты, называць іх артыкуламі не зусім выпадае. Чытач не знойдзе ў іх звычайных для агульных і спецыяльных энцыклапедый звестак. Такіх як прычыны ўзнікнення і развіцця той ці іншай хваробы або парушэнняў функцый арганізму, іх прыкмет, вызначэння змен у здароўі, прагнозу зыходаў, прынцыпаў лекавання. І нават пасля прачытання аўтарскай прадмовы не знікае, а толькі ўмацоўваецца пытанне: як і чаму гэты падвержаны страху "хваравітай ўвагі да мармытаньня ўласнага арганізму" (стар.14) "шчасьлівы ідыёт" (гэтак ён сам сябе называе), які ненавідзіць дактароў і медагляды, грэбліва ставіцца да "руплівых пацыентаў", вырашыў вызначаць і асвятляць актуальныя пытанні сучаснай медыцыны?
У Бахарэвіча загаловак (вызначальнае слова) артыкула зусім не азначае, што ніжэй, як і належыць энцыклапедыі, будуць паслядоўна выкладзеныя адносна поўныя і канкрэтныя звесткі па адпаведнай тэме. Для аўтара часцей за ўсё гэта толькі нагода для выкладання асабістых думак, разважанняў на вызначаную тэму, або нават магчымасць уключыць у кніжку апавяданне, у якім падобная тэма аказваецца другараднай (напрыклад, артыкул "О.R. V. I.", стар. 177). Ён і не дужа збіраўся заглыбляцца ў таямніцы медыцыны - гэтай найстаражытнейшай і найскладанейшай нават на сённяшні дзень галіны дзейнасці чалавека. Для Бахарэвіча, па вызначэнні аўтара прадмовы А. Лукашука, "медыцына... - пачуццё, хвароба - сутыкненьне арганізму з часам. Цела - гісторыя тэксту."
Да гонару Бахарэвіча, які наважыўся неяк разабрацца ў перанасычанай мудрагелістымі тэрмінамі медыцыне - гэтай паўнавуцы і паўмастацтве, - ён зусім не злоўжывае яе тэрмінамі: скарыстоўвае іх толькі ў загалоўках (назвах) артыкулаў. Бо добра вядома, што менавіта незразумелыя тэрміны адпужваюць абывацеля ад прывабнай і цікавай для яго тэмы. Іншая справа - ці знойдзе ён у кніжцы тое, што яго заклапочвае і цікавіць.
У артыкуле-прадмове "Сьмерць" аўтар выказвае свае погляды. Перакананні, думкі пра жыццё ўвогуле і сучаснае ў прыватнасці, адкрыта паведамляе пра сваё стаўленне да жыцця. Пэўна, каб вызначыцца на далейшае. З яго разважанняў вынікае, што быць счаслівым - гэта быць самім сабою. З падобнай высновай няма сэнсу спрачацца. Але вось пытанне: у якіх варунках? Дзе і калі? Ці заўсёды?
У кніжцы шмат параўнанняў і супастаўленяў. Часам арыгінальных, з гумарам і здзекам над сабою, а часам і над чытачом, трапных і дакладных, ад якіх міжволі паглядзіш на сябе ці на якую-небудзь жыццёвую з'яву зусім іншымі вачыма; часам - дужа спрэчных, павярхоўных, якія адразу выклікаюць пачуццё непрыняцця, адарвання. Часам гэтыя паралелі-параўнанні наўмысна разнастайныя і шырокія.
Асабліва спрэчныя сцвярджэнні і меркаванні аўтара, калі да іх ставіцца сур'ёзна, знаходзяцца ў артыкуле "Курэньне". Вось як гэты артыкул пачынаецца: "Пакрысе становіцца зразумела, што абвешчаная ва ўсім сьвеце вайна супраць курэньня ня ёсць насамрэч вайной за здароўе чалавецтва (?!). Усё значна складаней: гэтае змаганьне - частка вялікай вайны дзьвюх культураў. Вайны нябачнай, але бязьлітаснай... Надышоў час сказаць колькі словаў у абарону гнанай адусюль заганы" (стар.139).
І далей вядзецца суцэльная "абарона" не толькі гэтай заганы, але і самога сябе, "беднага жывога курца", сваёй неацэннай асобы. Так, згаджаецца аўтар, "курэньне робіць жыцьцё карацейшым", але "хіба працягласьць жыцьця ёсць нейкай абсалютнай каштоўнасьцю?" "Значна важнейшай - сцвярджае ён, - ёсьць якасьць жыцьця, а не ягоная працягласьць."
Заява досыць неразважлівая. Бо ўжо адносна даўно сацыёлагі, медыкі ды іншыя аўтарытэтныя спецыялісты пагадзіліся і прышлі да кансэнсусу: кожнаму чалавеку трэба імкнуцца да актыўнага, якаснага і плённага працяглага жыцця. Здаецца, няма нагоды для спрэчак. Аднак аўтару карціць знайсці "аргументы" на карысць курэння.
"Курэньне разбурае арганізм. - у чарговы раз згаджаецца ён, - дорыць нам небяспечныя хваробы, ... замінаючы такім чынам самарэалізацыі. Чаму ж у такім выпадку, - задаецца ён пытаннем, - большасьць людзей якіх варта паважаць за тое, што яны зрабілі ... чаму пераважная большасьць з іх курыла?" (стар. 141). Адкуль і з чаго аўтар узяў, што такіх паважаных дзеячаў была "большасць" ды яшчэ "пераважная"? На якой падставе? Толькі таму, што яму так гэтага вельмі хочацца? Але Бахарэвіч з апломбам заяўляе, што калі б яны не курылі, то "ніколі ня зьдзейснілі таго, што зьдзейсьнілі".
Адчуваючы хісткасць падобных сцвярджэнняў, ён з абурэннем адзначае: "Ніхто ня кажа пра станоўчыя бакі такой "дэманічнай" зьявы, як курэнне". Ніхто і не скажа. Таму што на працягу чатырох стагоддзяў аб'ектыўна вызначана і даказана, што акрамя прычыненя шкоды яго арганізму нічога станоўчага курэнне чалавеку не прыносіць. У аўтара, канешне ж, на гэты кошт свае асабістыя, адрозныя ад агульнапрынятых, меркаванні: "А між тым яно, курэньне, супакойвае... расслабляе... дапамагае... здымае... і дапамагае..." выказванне сваіх чыста суб'ектыўных "станоўчых бакоў" курэння аўтар завяршыў не менш эфектнай, чым вышэй, пафаснай пярлінай: "Наколькі больш неабдуманых учынкаў было б зроблена ў свеце, калі б не курэньне!.." (стар.141).
Пакінем у баку іншыя сентэнцыі аўтара, якія не маюць прамога дачынення да тэмы гаворкі і ніколі не ставіліся пад сумнеў разважлівымі людзьмі. Кшталту: курцы цікавыя сваімі чалавечымі асаблівасцямі. Несумненна, бо кожны чалавек - асоба, унікальны, цікавы менавіта сваёй індывідуальнасцю. Або Бахарэвіча абураюць метады нашай медыцынскай прапаганды. Мяне - таксама. Усялякая прапаганда па разуменні, якое існуе сярод нашага чыноўніцкага люду (уздзеянне), раздражняе і абурае вельмі многіх, на каго яна распаўсюджваецца. Народу ж патрэбна не прапаганда, а належная (пісьменная) медыцынская асвета, якая нікому нічога не навязвае. Праўда, вынікі падобнай асветы будуць бачны не хутка, праз дзесяцігоддзі. "Мы маем справу з культам здароўя, - падсумоўвае аўтар свае развагі пра медыцынскую прапаганду, - такім самым небясьпечным, як і любы іншы культ". (стар. 145). Што ж, і гэтая заўвага наконт культу слушная. Як вядома, усё добра, што ў меру.
Аднак галоўныя галаслоўныя пярліны-аргументы аўтара на карысць "станоўчых бакоў" курэння наперадзе. А яны такія: "курэньне - гэта малая выспачка незалежнасці ў свеце...", "Людзі, якія паляць, радзей пакутуюць на комплекс уласнае непаўнавартасьці." (стар.141), "Курэньне - гэта задавальненьне. І ўжо ў гэтым ягоны вялікі плюс." (стар.142), "Культура курцоў... - культура індывідуальнай асобы... культура анархічная і вельмі гуманістычная..." (стар.145). Хай усе гэтыя сцвярджэнні і заявы застануцца на сумленні аўтара.
А далей пачынаецца, што называецца, высвятленне адносінаў. "Калі курэц курыць на самоце ці ў кампаніі такіх жа "пагарджаных век" маргіналаў - ніхто не мае права пазбаўляць яго гэтага выбару," - папераджае Бахарэвіч (стар.142). і яшчэ: "... нашае (курцоў) жыцьцё ўсё ж належыць нам. Ніхто не пражыве яго за нас, ніхто ня мае права забраць яго ў нас. Калі мы становімся дарослымі, мы самі вырашаем, што рабіць з нашым жыцьцём..."(стар.143).
А хто з гэтым спрачаецца? Як кажуць, "на здароўе" - рабіце са сваім асабістым жыццём усё, што вам заўгодна. Яно - вашае. Толькі было б вельмі добра, каб курцы рабілі гэта менавіта "ў самоце ці ў сваёй кампаніі". Але яны чамусьці заўсёды намагаюцца ператварыць" у сваю кампанію" ўвесь белы свет без рэшты. Як быццам самі яны, курцы, жывуць не ў грамадзянскай суполцы, дзе ёсць усялякія людзі, а ў вакууме. Як быццам некурцы не маюць такое ж, як і яны, курцы, абсалютнае права распараджацца сваім асабістым жыццём і здароўем па сваім разуменні. А яны, некурцы, не жадаюць з-за эгаізму і нахабства актыўных курцоў гвалтоўна псаваць сабе жыццё і ператварацца ў пасіўных курцоў, набываюы такім чынам іхнія хваробы і заганныя звычкі. Чаму нехта (а такіх пакуль яшчэ большасць) павінен улічваць прымхі курца і пагаджацца з імі, а ён, курэц, законныя жаданні супольнасці хоча і можа ігнараваць? Што гэта, як не адкрыты агрэсіўны і нахабны эгаізм з боку курца? Таму здаўна і вядзецца і не сціхае гэтая вайна паміх нахабнымі эгаістамі курцамі і некурцамі, якія надзелены тымі ж правамі і абавязкамі, што і курцы. І гэтая вайна за права быць здаровым чалавекам будзе весціся бясконца.
"Я не лічу курэньне карысным і бяскрыўдным. Жыць добра і без курэньня. Курэньне сапраўды забівае. - у заключэнне ўсё ж нарэшце згаджаецца аўтар. - ... але калі ўжо вы курыце - рабіце гэта з задавальненьнем і годнасьцю.. вы не злачынца..."(стар.147). Даводзіцца толькі да гэтага дадаць: "не злачынца" да той пары, пакуль не спакусіцеся на годнасць іншых, якія побач з вамі.
Пры ўсёй сваёй нянавісці да практычнай медыцыны, што не дзіўна, гэты майстар прыгожага пісьменства выявіў велізарную дасведчанасць у гісторыі медыцыны, выказаў цікавасць да псіхааналітыкі. Зрэшты, ён часткова прасвятляе гісторыю развіцця медыцыны, пра што шараговаму абывацелю пэўна нічога не вядома. Разам з тым у кніжцы Бахарэвіч часам паведамляе і пра малавядомыя факты з гісторыі медыцыны. Аднак зрэдку дапускае недакладнасці. Так, у артыкуле "Шаленства" ён сцвярджае: "Менавіта Пастэр, утаймоўнік сібірскай язвы і халеры,.."(277), што чыстая няпраўда. Калі ўжо каго і лічыць "утаймоўнікам" гэтых хвароб, дык толькі Роберта Коха, які выявіў іх узбуджальнікаў і вызначыў іхняе эпідэміялагічнае значэнне адпаведна ў 1876 і 1883-1884 гг.
У артыкуле "Прафесійныя хваробы" таксама не абыходзіцца без галаслоўных і вельмі спрэчных заяў. Да прыкладу. Такіх: "Бясьпечных прафесій няма. Д'ябальская заканамернасць... чым больш плённа працуеш, тым хутчэй разьвіваюцца твае прафесійныя хваробы футбалістаў, рок-музыкаў, настаўнікаў, журналістаў і, канешне ж, пісьменнікаў. Пэўна, па сваім разуменні. І сапраўды, вельмі блізка да ісціны, медыцынскай. Няма жадання пярэчыць наконт таго, што "літаратура, аднак, адзіны від чалавечае дзейнасьці, дзе наяўнасьць прафесійных хваробаў (па Бахаравічу, гэта - манія велічы і нарцысізм) - адначасова і неабходная ўмова працы." (стар. 203). Аўтару, літаратару, у сваім асяроддзі лепш відаць. Хаця манію велічы і нарцысізм сучасныя спецыялісты не разглядаюць як хваробы, а толькі як праявы адхілення і скажэння псіхікі.
Ніякіх прэтэнзій не выклікае артыкул "Сухоты", у якім зроблена параўнальнае апісанне жыцця двух хворых на сухоты пісьменнікаў, Кафкі і М. Багдановіча, з адначасовым кароткім і адносна дакладным адзначэннем асноўных этапаў доследаў вучоных у вызначэнні прычынаў узнікнення гэтай цяжкай і небяспечнай хваробы і вынаходніцтва спосабаў і сродкаў яе дыягностыкі і лячэння. Але артыкул "Старасьць" пакідае ўражанне, што ў Бахарэвіча яшчэ засталіся дзіцячыя непасрэднасць і нецярплівасць, не затух юнацкі запал супярэчання, катэгарычнасці і ўласцівае гэтаму перыяду жыцця верхаглядства. Пэўна, было б карысней для ўсіх, у першую чаргу для самога аўтара, каб ён узяўся за раскрыццё падобнай тэмы праз гадкоў гэтак 20-30, калі сам стане хаця б пажылым.
З яшчэ большай прыязнасцю і згодай, чым артыкул "Сухоты", успрымаецца артыкул "Урынатэрапія". Да таго ж пра гэта наўрад ці прачытаеш у якім-небудзь падручніку "афіцыйнай" медыцыны ці адказнай энцыклапедыі акрамя энцыклапедыі Бахарэвіча. Бо ў гэтым артыкуле гаворка вядзецца пра нашыя, чалавечыя, дурноты, якія рэгулярна праяўляюцца і збываюцца ўжо на працягу не аднаго стагоддзя.
Сваімі творамі Бахарэвіч прывабны для тых, каго цікавіць чужая думка на тое. што хвалюе іх саміх. Думка хай сабе і парадаксальная, спрэчная і нават непрымальная. Але яна пабуджае і прымушае да нейкіх высноў і рашэнняў. У гэтай сваёй апошняй кніжцы Бахарэвіч паўстаў перад чытачом у самых розных іпастасях: нястрымнага аптыміста і пахмурнага фаталіста, бессаромнага эгаіста і адказнага грамадзяніна, бесклапотнага юнака і ўдумлівага сур'ёзнага мужчыны. Зразумела, што асабіста сам ён не такі, крыху іншы. Здаецца, што ён больш суцэльны і мэтанакіраваны, чым абазначыў сябе ў кнізе. А ўсе гэтыя мастацкія выбрыкі-выкрунтасы скіраваныя на тое. каб звярнуць увагу чытача на сваё асабістае жыццё, не столькі біялагічнае, Колькі сацыяльнае, крытычна паставіцца да самаго сябе і ўсяго навокал.
Генадзь Шэршань.
***
27 чэрвеня бяру ўдзел у імпрэзе, арганізаванай часопісам "Прайдзісьвет" з нагоды ўручэньня перакладчыцкіх прэмій. Прынясу з сабой намінаваную на прэмію кніжку і нешта адтуль прачытаю. Кнігарня "Логвінаў", 18.30