Kinderlos

May 24, 2012 18:43

- Якія перавагі жыцьця безь дзяцей зьявіліся ў вас асабіста?
- Можна вольна плянаваць свой працоўны графік, шмат падарожнічаць, праводзіць больш часу зь сябрамі, у цябе няма бяссонных начэй і ты маеш час на хобі. Асабіста я маю асалоду ад таго, што магу працаваць з поўнай канцэнтрацыяй, не адцягваючыся на сямейныя клопаты. Мне падабаецца, што я маю час на сацыяльныя праекты, дзе я бяру ўдзел у якасьці добраахвотніка... Мяркую, у Нямеччыне было б нашмат больш шчасьлівых людзей, калі б ад нас не чакалі патомства любым коштам... Я дакладна ня маю мацярынскага інстынкту... Пра сябе магу сказаць так: я ня маю дзяцей, я вольная і шчасьлівая.


Інтэрвію зь Ніколь Губэр на Deutsche Welle
Ну, свой адказ пані Губэр я маю - ён тут.

***
Не магу не сказаць і пра саму Deutsche Welle. Цяпер колішні срач дыскусія на тэму адмовы DW ад вяшчаньня па-беларуску ўжо забылася. А сама беларуская DW засталася і вяшчае сабе паціху, 99,9 адсоткаў матэрыялаў па-расейску. З замежных радыёстанцый і іхных сайтаў, арыентаваных на Беларусь, я ня ведаю больш некампэтэнтнага і непрафэсійнага. Найперш гэта тычыцца матэрыялаў пра яе, пра культурку, беларускую і нямецкую. Шэсьць памылак у чатырохрадкоўі Разанава, поўная неабазнанасьць ні ў чым - і ўпартае нежаданьне пра штосьці даведацца: напрыклад, удзел беларускіх аўтараў у сёлетнім кніжным кірмашы ў Ляйпцыгу, як высьветлілася, быў у тым, што ў Ляйпцыг прывезьлі кніжкі "Рыгора Бородулина, Геннадия Буравкина, Нила Гилевича, Сергея Законникова, Артура Клинова, Наталкі Бабиной".
Яны б хоць па інтэрнэтах палазілі, ці што...

Бедная Катрын Шміт, раман якой я летась пераклаў... Па-нямецку яна Kathrin Schmidt - а вось на нямецкім сайце DW журналістка без усялякіх згрызотаў сумленьня піша пра Менскі кніжны кірмаш з выглядам спэцыялісткі: "пройдут литературные чтения с участием таких известных авторов, как Катрин Шмидт (Catherine Schmidt)..."
Далібог, нават ЛіМ і Зьвязда выглядаюць больш прафэсійнымі.

нямеччына, цытаты, беларусь, парнаграфія

Previous post Next post
Up