Далей

Apr 10, 2012 10:42

Чыталі з дачкой старажытнагрэцкія міты ў пераказе розных аўтараў. Уразіла, наколькі ўчэпістая і моцная ў дзяцей памяць: адзін раз прачыталі - і яна ўжо вольна арыентуецца ва ўсёй гэтай даволі складанай алімпійскай герархіі, ведае, якія багі і багіні за што адказваюць і без намаганьняў прыгадвае, дзе і ў якіх абставінах героі ўжо сустракаліся. Я б так ня здолеў.

Адна з такіх кніжак зьздівіла ілюстрацыямі. Мастак відавочна мае слабасьць да стылізаваных "пад антычнасьць" мужчынскіх геніталіяў. Кожная выяўленая ў кнізе істота мужчынскага полу, у якой бы позе яна ні знаходзілася, мае нешта паміж ног. Хай нават зусім малюпасенькае. У тым ліку тыя, чый твар або пыса абазначаныя толькі сымбалічна.

***
Хацеў перакласьці скандальны "антыізраільскі" "верш" Граса -- вакол яго тут багата спрэчак, а аўтару нават забаранілі ўезд у Ізраіль. Перачытаў той верш і перадумаў, бо літаратуры як такой у ім амаль няма.

***
Між тым, трапіў у яшчэ адзін шорт-ліст. Разам зь Сяргеем Шупам, Алесяй Башарымавай, Марынай Шодай і Васілём Сёмухам. Для такога неамбітнага перакладчыка, як я, гэта гонар. Праўда, пакуль пішу гэты пост, глыбока паважаны мной Васіль Сёмуха абвясьціў пра свой "самаадвод".

***
Тут размова ідзе пра кніжкі і можна націснуць на пімпачку. І не абавязкова насупраць майго імя.

***
Прачытана некалькі сьвежанабытых у Менску кніг.
"Імёны Свабоды" Уладзіміра Арлова я, вядома ж, чытаў калісьці на сайце Свабоды. Але толькі калі прачытаў папяровую кніжку, адно эсэ за другім, бяз доўгіх паўзаў, склалася цэльнае ўражаньне. Выдатная рэч і, сапраўды, незаменны дапаможнік. І, дарэчы, цяпер разумею, чаму праекты, падобныя маім ММЭ і "Рахунку", мусяць урэшце выходзіць асобнымі кнігамі. Інакш немагчыма адчуць усю соль -- і ўявіць маштаб задумы. Пасьля "Імёнаў" на цябе навальваецца гордасьць і горыч. 
Джэці больш парадавала "Дзецьмі і зданямі", чым "Творамі соннага жанру". Хаця і другая кніжка зусім неблагая. Чымсьці Джорджа Манганэлі нагадала. Заўжды падазраваў, што нешта падобнае мусіць зьявіцца.
"Шоргат жукоў" Зьмітра Вішнёва прыемна ўразіў. Зьміцер, як заўжды, разнастайны, нестандартны, яркі нават у смутку. Яго ні з чым і ні з кім ня зблытаеш. Ён -- алітэрацыйная опэра і фаервэрк над акіянам. І бранзавее патрохі, хаця і супраціўляецца.
Лявон Вольскі са сваёй геамэтрычнай і падманліва простай прозай ("Міларусь") таксама парадаваў і прымусіў панастальгіяваць. Ёсьць у Лявона нейкі дар абаяльнасьці. Што б ён ні рабіў.
Умею я выбіраць кнігі.

***
Апошні, відаць, матэрыял пра прэзэнтацыю "Шабаноў" выйшаў у "Белгазеце".

праклятыя госьці сталіцы, сям'я, шабаны, кнігі, пераклады, сарока на шыбеніцы

Previous post Next post
Up