Ікіныв, мой одуг, ыкіныв

Dec 28, 2011 12:09

Падвяду і я свае вынікі. Год быў плённы, і я гэтаму рады.
Кат не працуе, таму вывальваю ўсё як ёсьць.
У 2011 я пісаў:
завершыў працу над "Малой мэдычнай энцыкляпэдыяй";
перакладаў Катрын Шміт, братоў Грымаў, Крафта-Эбінга, фільм для "Белсату";
напісаў за год новую кніжку -- "Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня", якая выйдзе ў сакавіку 2012;
пачаў і працягваю на "Свабодзе" свой "Гамбурскі рахунак Бахарэвіча",
напісаў некалькі эсэ для "Тэкстаў", чэскага "Госту", "Архэ".
Выдаў 2 кніжкі:
"Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча" (Радыё Свабода);
пераклад раману Катрын Шміт "Ты не памрэш" (Менск, Макбел, пры неацэннай падтрымцы Інстытуту Гётэ ў Менску).
Выступаў з чытаньнямі сваіх і ня толькі сваіх тэкстаў, прамовамі, браў удзел у дыскусіях:
у Брэмэне -- двойчы;
у Бэрліне;
у Дзюрэне;
у Пасаў;
у Менску -- у лютым тройчы: на кніжным кірмашы на стэндзе незалежных выдаўцоў, на сваім вечары ў "Ў" і ў ГІ і яшчэ ў чэрвені, прэзэнтуючы ММЭ; 
у Ляйпцыгу ў межах кніжнага кірмашу;
у Дрэздэне;
у Дзюсэльдорфу;
у польскім Слубіцэ.
Жыў:
у Лянгенброоху пад Кёльнам -- 4 месяцы;
у Менску -- амаль месяц;
у Гамбургу -- сем месяцаў.
Чытаў кнігі і часопісы, сярод якіх найбольш запомніліся:
айчынныя "Сьлед Матылька. Освальд у Менску" Аляксандра Лукашука -- файная сумесь дакумэнтальнага і аўтарскага ў менавіта той прапорцыі, якая мне падабаецца;
"Дзьверы, замкнёныя на ключы" Віталя Рыжкова -- паэзія рэдкай выразнасьці і іранічнасьці;
"Іржавы пакой зь белымі шпалерамі" Сяргея Календы -- Сяргею ёсьць над чым працаваць (а каму няма?), але задума арыгінальная, накірунак слушны і імкненьне відавочнае;
"Словы ў голым полі" Яна Максімюка;
замежныя "Сараеўскае Мальбара" Міленка Ергавіча (пер. Сяргея Шупы), "Маска чырвонай сьмерці" (выбраныя творы Э.А. По), "Nazi-Literatur in Amerika" Рабэрта Баланьё;
Біблія, якую чытаю павольна і невядома калі дачытаю;
этымалягічны слоўнік нямецкай мовы;
Часопісы: "Архэ" (балканскі нумар), "Прайдзісьвет" і "Макулатура".
На жаль, не дайшлі пакуль вочы і рукі да "Амбасады" Марыі Мартысевіч, "Шоргату жукоў" Зьмітра Вішнёва, "Саду замкнёных гор" Сержа Мінскевіча. "Зборнай Беларусі па негалоўных відах спорту" Паўла Касьцюкевіча і іншых, без сумневу, цікавых кніг, якія выйшлі цягам году.
Перачытваў клясыку, замежную і беларускую.
Даваў інтэрвію, пісьмовыя і для радыё.
Прымаў з жонкай і дачкой дарагіх гасьцей: Сяргея Сматрычэнку і Насьцю, Сяргея Шупу, Весну, Ёзэфа. Бачыўся з Марцінам Полякам. Пазнаёміўся са Звонка Каранавічам (Сэрбія), Германам Садулаевым (Расея), Ала Халедам (Эгіпэт), Ігнацыем Карповічам і Сыльвіяй Хутнік (Польшча), Катрын Шміт і Марылюізэ Бэк (Нямеччына) і іншымі добрымі людзьмі з розных краін.
Гатаваў. Езьдзіў. Лятаў. Кахаў.Перажываў за жонку і дачку. Гуляў у гульні. Піў. Курыў. Спрачаўся. Крыўдзіўся.Хварэў.Сьмяяўся. Плакаў.
Дзякуй за падтрымку і дапамогу Томасу Вайлеру, Іне з Бэрліну, Сяргею Шупу, Сяргею Сматрычэнку, Каю і Жане, Юсуфу і Асу, Зігрун Рэкгаўс, майму брату Ільлю, Ціне Вюншман, Волі Варанко, менскаму сябру Лёшу, іншым знаёмым, малазнаёмым і незнаёмым людзям, зь якімі перасякаліся сьцежкі, усім маім чытачам і камэнтатарам, фрэндам, усім, каму было не шкада і не лянота ўставіць слова ў маю абарону ці проста адгукнуцца, а таксама ворагам і недабразычліўцам.

нямеччына, тэкст, сям'я, гамбург, сябры, беларусь, кнігі, чытаньні, час, пераклады

Previous post Next post
Up