Такую вось цудоўную кніжку атрымаў у падарунак ад Томаса -- выбраныя казкі братоў Грым на ідыш:
***
3 траўня зноў наведалі з Томасам Вайлерам Брэмэн, на запрашэньне мясцовых "Зялёных", якія ладзілі вечарыну, прысьвечаную тэме міграцыі.
Чыталі ўрывак з "Пасьлямовы перакладчыка". Урывак настолькі непаліткарэктны, што частка публікі ўспрыняла яго, здаецца, ня надта адэкватна. Астатнія сустрэлі тэкст прыхільна, пасьмяяліся. Вечная праблемка: вырваны з кантэксту ўрывак, які пэўным чынам высьмейвае нацыянальныя забабоны, непадрыхтаваны чытач можа ўспрыняць як маніфэст расіста. У гэтым сэньсе зручней, вядома, прачытаць кароткае апавяданьне, але мы не шукаем лёгкіх шляхоў :)
Праблема нумар цвай: перакладчык "Пасьлямовы" да "Халоднага сэрца" мусіць знайсьці арыгінал "Майн кампф", бо ў "Пасьлямове" ёсьць важная цытата з гэтай кнігі. Але такія арыгіналы тут на дарозе не валяюцца.
***
Калі ўсё будзе добра, кніжка пад назваю "Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча" зьявіцца ўжо ўлетку. Напісаў да яе такі сабе індэкс, "Паказьнік": "Людзі", "Рэчы(вы)", "Істоты", "Гарады" -- працэс стварэньня такога паказьніка быў дужа прыемны. Кніжка атрымліваецца неблагая. Але пісаць на вокладцы "бэстсэлер", як гэта робяць зоркі бел. літаратуры, я ўсё адно ня буду.
***
Хто парадаваў на гэтым тыдні, дык гэта дачка, якая мела ў пятніцу ў школе ўласнае чытаньне. Першае ў жыцьці. Яе, дзіця, якое яшчэ ў першую клясу ня ходзіць, узялі чытаць тэкст аўтара ў невялікай літаратурнай пастаноўцы "Das Pferd am Nil". Складаны тэкст, з паперы! Поўны розных доўгіх словаў і іншых цяжкасьцяў. І нічога, дала рады. Прычым чытае яна лепш за астатніх удзельнікаў, якія старэйшыя за яе на некалькі гадоў. Ды што там казаць -- я б так файна не прачытаў. Ганарымся.