Прачыталіся розныя тоўстыя і тонкія кнігі.
Рыхард Крафт-Эбинг. "Psychopathia sexualis"
Цудоўнае дасьледваньне, несумненны плюс якога -- мноства жывых гісторый, якія дужа хочацца перакласьці.
Юры Станкевіч. "П'яўка"
Раман, напісаны пазаўчорашнім чалавекам пра пасьлязаўтра.
Ільля Сін. "Тэатральныя дэманы"
Лічыў і лічу Ільлю геніяльным празаікам.
Марк Шпёрле, Луц Шумахер. "senk ju vor träwelling". Як езьдзіць нямецкай чыгункаю і нягледзячы на гэта прыехаць куды трэба."
Вясёлы, зьдзеклівы дапаможнік, які карысна будзе прачытаць кожнаму, хто ўсё яшчэ верыць, што нямецкая чыгунка -- узор парадку і пунктуальнасьці.
***
Андрэ Бём напісаў у сваім дзёньніку пра вобраз "нібыта забароненых" бел. літаратараў, які так любяць тыражаваць нямецкія мэдыі: пра Сьвятлану Алексевіч, якую "беларускія калегі ня лічаць беларускай пісьменьніцай, і ня толькі празь яе расейскую мову", пра Уладзіміра Арлова і Алеся Разанава (тут Андрэ карэктна абышоўся без дзьвюхкосьсяў), пра "забароненага" Андрэя Хадановіча, "які тым ня менш выкладае ў БДУ", і, вядома, пра нібыта "палітычна перасьледванага" Альгерда Бахарэвіча. Сваё "дзьвюхкосьсе" прымаю без агаворак. Зразумела, нямецкім журналістам патрэбны такі вобраз. У іх часу няма разьбірацца ў нюансах і зважаць на дзьвюхкосьсі. Калі яны яшчэ і на дзьвюхкосьсі зьвернуць увагу, то зусім нічога не зразумеюць. Таму усё, што не ўкладваецца ў межы вобразу, прапускаецца імі міма вушэй. А як інакш? Такая твая плата за тваю прыватную гісторыю.
А наогул, Беларусь -- вольная дэмакратычная краіна. Можа, самая вольная, безь дзьвюхкосьсяў. Туды імкнуцца ўсе рамантыкі сьвету. А дзьвюхкосьсяў трэба насамрэч дадаць вышэй. "Нібыта забароненыя" "беларускія" "літаратары", так званы "Альгерд "Бахарэвіч", так званая "Беларусь", уяўныя "пісьменьнікі", "выкладае" у "БДУ", "кніжкі" можна вольна "набыць" у "кнігарнях", "ніхто" іх не "забараняе", "пісаць" "можна" пра "ўсё" ". ". ". ". Толькі ў "палітыку", сынку, ня лезь.
***
Дарэчы, знайшоў тут у бібліятэцы антсэміцкую кніжку Розанава па-расейску, а ў ёй -- доўгі, сьветлы, славянскі, праваслаўны жаночы волас.
***
Адаслаў рукапіс гатовай ММЭ. Мусіць сёлета выйсьці.
А яшчэ атрымаў прапанову выдаць кніжкай свае інтэрвію за апошнія пяць гадоў. Назву ўжо прыдумаў:
"Ніякай літасьці Альгерду Б."
У часопісе "Белавія" выйшла маё апавяданьне "Самая вузкая вуліца ў сьвеце". Чытаў яго ў галерэі "Ў" у лютым. Лётайце самалётамі.