pytanni ad literabel

Mar 28, 2011 13:31

Зь якімі аўтарамі ты ніколі б не хацеў быць параўнаным?

Вядома, у ідэале я хацеў бы пісаць так, каб мяне немагчыма было ні з кім параўнаць. Але для гэтага мне бракуе геніяльнасьці. Кожны пісьменьнік абавязаны быць яшчэ і чытачом; я лічу сябе вучнем цудоўных старых майстроў - Кафкі, Набокава, Джойса, і адкажу так: я ня маю ніякага жаданьня стаяць у адным шэразе з тымі сучаснымі аўтарамі-чытачамі, для якіх Кафка састарэлы, Набокаў занадта прэтэнцыёзны, а Джойс нечытэльны. Калісьці мяне моцна раздражняла параўнаньне з рознымі Паланікамі і Сарокінымі. Так, перадусім я не хачу, каб мяне параўноўвалі з кімсьці з сучасных літаратараў. Я чалавек старой школы.

Які псэўданім табе спадабаўся б?

Альгерд Бахарэвіч (Alhierd Bacharevič) - таксама свайго роду псэўданім, паводле пашпарту я Aleh Bakharevich, то бок Алег Бакгарэвіцг, калі чытаць па-беларуску; мяркую, пад прозьвішчам Бакгарэвіцг наўрад ці можна пражыць шчасьлівае жыцьцё. Мой унутраны сацыёляг мяркуе, што замежнік у Нямеччыне траціну свайго часу траціць на бухштабаваньне ўласнага імя. Альгердам прапанаваў мне назвацца на пачатку 90-х гадоў журналіст Паўлюк Быкоўскі. Прозьвішча ў мяне было цалкам беларускае, а вось імені трохі не хапала псэўданацыянальнае афарбоўкі. Альгерд - імя аднаго знакамітага князя часоў ВКЛ. Так я стаў Альгердам і не шкадую. Я лічу, мне позна ўжо мяняць псэўданім. Але калі б я ўсё ж наважыўся на гэта, то выбраў бы больш зручны, які не выклікаў бы істотных розначытаньняў пры яго напісаньні лацінскім шрыфтам. Штосьці кшталту Raman Lajno, толькі не з такім відавочным ухілам у літаратуру.

інтэрвію

Previous post Next post
Up