АХРЭМАЎЦЫ (Віцебская вобласць)

Apr 12, 2018 09:37

Вёска Ахрэмаўцы, Браслаўскага раёна сёння прыцягвае турыстаў адпачынкам каля возера Дрывяты і дзівоснай гатычнай капліцай ля шашы. Што ж вядома пра вёску.

Назву вёска атрымала ад ўладароў Ахрамовічаў, якія валодалі гэтымі землямі ў XVII ст, з сярэдзіны XVIII ст яна адносіцца да фальварку "Бяльмонты", які размяшчаўся непадалёк і належыў Гільзенам. У канцы ХІХ ст. тут жыло ўсяго толькі 300 жыхароў, але за 100 год колькасць жыхароў вёскі павялічылася ў 5 разоў. За гэтыя 100 год ахрэмаўцы перажылі рэвалюцыю, далучэнне да Польшчы і вяртанне назад у Беларусь, прайшлі праз вайну і амаль поўнае знішчэнне вёскі (з 93 хат засталося толькі 9), прайшлі праз будаўніцтва новых прадпрыемстваў, і ўзбуйненне вёскі за кошт далучэння да іх Бяльмонтаў у 1976 годзе. Зараз, Ахрэмаўцы лічацца аграгарадком дзе працуюць Браслаўскі торфабрыкетны завод, малочнае прадпрыемства "Браслаўскае", дзейнічаюць сярэдняя і музычныя школы, дзіцячы садок, дом культуры, бібліятэка, фельшарска-акушэрскі пункт і аддзел сувязі. Акрамя таго, Ахрэмаўцы з'яўляюцца дзякуючы возеру Дрывяты заманлівым месцам для тых, хто любіць адпачываць у аграсядзібах, турбазах і проста ў намётах.

Калі вы турыст і вандруеце па краіне, ці калі вы адпачываеце дзесьці паблізку, вядома вы шукаеце, што ж паглядзець у наваколлі. Ды і не проста паглядзець, а даведацца пра гісторыю гэтых мясцін... І тут, падчас вашай вандроўкі, перад вамі абавязкова вырастае гатычная капліца...



У фальварка Бяльмонты слаўная і часамі інтрыгуючая гісторыя.


Бяльмонты раней называліся Двор Альгераў, бо першапачаткова атрымалі назву ад імя ўладара маёнтка Альгерда, затым яны належылі роду Ахрамовічаў (імя ўладароў засталося ў назве суседняй вёскі). Спадчаннік Ахрамовічаў, Дамінік Сальмановіч, прадаў Бяльмонты і навакольныя землі ў 1748 годзе Яну Аўгусту Гільзену (1702-1767) і яго жонцы Канстанцыі Блоэр-Плятэр. Пасля гэтага, а таксама набыцця Асвеі ў Сапегаў, атрыманя ў спадчыну горада Дагды (сучасная Латвія), набыцця іншых зямель вакол Бяльмонтаў, Гільзен становіцца адным з найбагацейшых людзей ўсходне-паўночных земель Рэчы Паспалітай. Менавіта ў гэты час, пры Яне Аўгусце, Двор Альгердаў змяніў сваю назву на Бяльмонты (у перакладзе з французскай "прыгожая гара").


Сваё шматлікае зямельнае багацце Ян Гільзен перад смерцю падзяліў паміж двума сынамі. Малодшаму сыну Юстыніану Гільзену, генерал маёру войска польскага, па тэстаменту перайшлі землі вакол горада Дагда. Старэйшы Юзаф Ежы Гільзен (1736-1786), ваявода мсціслаўскі, атрымаў Бяльмонты, Асвею ды іншыя багацці.

Пры Юзафе быў пабудаваны ў Бяльмонтах двухпавярховы прамакутны палац і знаходзіўся ён на верхняй тэрасе халма. У палацы было 19 пакояў (па іншым крыніцам пакояў было 33), 14 з пакояў знаходзіліся на другім паверсе. Парадная заля, бібліятэка, пакой "паненкі", круглая заля, гардэробная, пакой кухмістара, хатняя капліца, канцэлярыя - гэта толькі некаторыя назвы памяшканняў, звесткі пра якія дайшлі да нашага часу. Палац быў абстаўлены еўрапейскай мэбляй, меліся старыя люстры, статуі, калекцыя кніг і посуду. З вакон палаца адкрываўся найцудоўнейшы выгляд на возера Дрывяты і на італьянскі пейзажны парк, які размясціўся на ніжняй тэрасе парка.


У 1768 годзе, недалёка ад палаца гаспадары пабудавалі касцёл у гонар Езуса Хрыста.

І хаця ўладар Юзаф быў добрым чалавекам, пашыраў і паляпшаў працу сялян у сваіх уладаннях, на жаль ён не здолеў утрымаць у руках сваёй веткі ўсе багацці. Гэта пакаленне Гільзенаў праследваў нейкі злы рок. Спачатку, памёр ва ўзросце 40 год Юзаф і яго жонка Тэрэза Патоцкая засталася адна з малалетнім сынам Юзафам, але і ён памёр праз некалькі год. Уладальнікам вялікай маёмасці становіцца адзіны пляменнік Юзафа Ежы, сын Юстыніана Ідзя Гільзен (...-1800), які быў жанаты на Марыі Мастоўскай і таксама не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. Ведаючы, што перадаваць маёмасць па прамой лініі няма каму, Ідзя пачынае распрадаваць маёмасць.



Таму ў 1798 годзе, знакаміты ў тыя часы авантурыст, граф італьянскага паходжання, Мікалай Манузі (...-1809) набывае за 41 тыс.рублёў фальварак "Бяльмонты" разам з навакольнымі землямі. Таксама гэтым жа годзе Манузі дзякуючы шлюбу з прыгажуняй удавой Ядзвігай Струцінскай становіцца уладаром і маёмасці вакол горада Опса. Акрамя гэтага набывае землі ў Лодзі і Бохіне. Жыццё Мікалая Манузі было суцэльнай авантурай і вялікай прыгодай. Шмат хто са шляхты Рэчы Паспалітай не мог зразумець, дзе праўда, а дзе хлусня пра графа. На ўсіх балах і сустрэчах, распавядаліся цікавыя моманты з жыцця Манузі. Так, хадзілі плёткі, што яго адзіны сын Станіслаў, быў пазашлюбным сынам апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, з якім граф сябраваў ужо доўгі час. Але ці праўда гэта, усёроўна для ўсіх заставалася загадкай. Але менавіта Станіслаў Манузі (1773-1823) становіцца ўладром усёй вялікай спадчыны Манузі пасля смерці бацькі. Станіслаў Манузі, маршалак браслаўскага павета, быў жанаты на Канстанцыі Плятэр (1782-1874), і захаваўся ў памяці сваіх сялян як добры і вельмі крапатлівы гаспадар, як і яго бацька.



Рэзідэнцыяй сваёй ён зрабіў Бяльмонты, дзе яшчэ пры Мікалае да старога палаца быў прыбудаваны новы будынак з элементамі ракако. У гэтым палацы, падчас руска-французскай вайны 1812 года, размяшчалася стаўка камандуючага 1-й Заходняй арміяй генерала Барклая дэ Толі і да якога аднойчы нават заяджаў рускі імператар Аляксандр І. А праз пару дзён пасля сыходу рускіх, у Бяльмонтах спыніўся неапалітанскі кароль і маршал Францыі Іахім Мюрат. У маёнтку ён правёў тры дні, адпачыў, адправіў лісты французскаму імператару Напалеону і закахаўся ў маладую гаспадыню Канстанцыю Плятэр, ды так, што прысвяціў ёй некалькі вершаў, якія пазней у Неапалі былі пакладзены на музыку. Каханне француза да жонкі Манузі, прывяло да ўсплеску новых плётак вакол яго імя. Некаторыя ахвотныя пляткары прыпісвалі Канстанцыі рамантычную сувязь з французам, іншыя распавядалі пра вернасць маладой паненкі Станіславу нягледзячы на моцныя заляцанні паэта. Праз некалькі год, плёткі і падзеі 1812 года, натхняць Генрыха Скірмута да напісання "Балады пра Бяльмонты".



У фальварку пры Станіславе Манузі адбывалася ўпарадкаванне садова-паркавага комплексу - сцежкі ды алеі перапляталіся і выводзілі наведвальнікаў да двух штучна выкапаных сажалак, па ўсяму парку былі растаўлены малыя архітэктурныя формы ў выглядзе лавак, праз водныя каналы былі перакінуты арыгінальныя масты, а ў ціхіх закутках растаўлены альтанкі. Таксама адбываюцца і новаўвядзенні ў гаспадарчай дзейнасці, завозяцца новыя для гэтага рэгіёну гатункі льну і сланечніка. Акрамя гэтага, разам з жонкай, Станіслаў працягвае пачатую бацькам сацыяльную працу ў Бяльмонтах. У прыватнасці, сям'я ахвяруе шмат грошай на парафіальную мясцовую школу і бібліятэку, фінансуе асобную школу для дзяцей шляхты, дапамагае найбольш бедным сялянам набываць насенне і прылады працы. Такога адкрытага і бескарыслівага чалавека, на жаль праследваў такі рок як і Гільзенаў, Станіслаў быў бяздзетны.



Сваю вялікую маёмасць ён пакідае ў спадчыну малодшаму брату жонкі Ігнацію Вільгельму Броэль-Плятэр (1791-1854), які быў жанаты на Ідаліі Адэлаідзе Собаньскай (1808-1891). Вось хто і быў улюбёнцам лёсу, дык гэта Ігнацій. Яшчэ ад бацькі ён атрымаў у спадчыну Дубровіцу на Валыні, затым Бяльмонты, Бохінь ад Манузі, у графа Яўстафія Сангускага набыў ліньскія землі на Украіне. Землі цягнуліся ў рукі да Ігнація Вільгельма і ўзнёслы гэтым ён пачаў судзіцца са сваякамі па лініі жонкі Мікалая Манузі Ядзвігі Струцінскай, бо ў свой час яго сваяк Станіслаў Манузі атрымаў не ўсю спадчыну маці. Спрэчкі са сваякамі зацягнуліся і скончыліся толькі ў 1903 годзе не на карысць нашчадкаў Ігнація. Але і без гэтых судовых спрэчак, Броэл-Плятэры валодалі вялікай маёмасцю на былых землях ВКЛ.

У Ігнація Вільгельма было 7 дзяцей: Канстанцін, Уладзімір, Баляслаў, Марыя, Віктар, Караль і Фелікс, але трое з іх памерлі ў дзяцінсве. Маёмасць па тэстаменту бацькі была падзелена паміж 4 дзецьмі. Канстанціну Плятэру былі перададзены землі ў Дубровіцы на Валыні; Уладзімір Плятэр атрымаў Опсу; Віктар Плятэр - Бохінь.

Бяльмонты пераходзяць да яго чацвёртага сына Фелікса Вітольда Броэль-Плятэра (1849-1924), сябра Геральдычнага таварыства, які быў жанаты на Эльжбеце Патоцкай.

ХІХ стагоддзе было віхурлівым для маёнтка і яго жыхароў. Два паўстанні 1830 і 1863 гадоў закранулі гэтыя мясціны, у якіх Плятэры і ўсе мужчыны фальварка, ад селяніна да ксяндза прымалі актыўны ўдзел. Так Ігнаці Вільгель Плятэр удзельнічаў у паўсанні 1830 года, падчас якога ў 1831 годзе знаходзіўся ў дынебурскай крэпасці, якую трымаў у асадзе генерал Мараўёў-вешальнік. У 1863 годзе, ужо яго старэйшы сын, Канстанцін Ігнацій Плятэр, цудам пазбегнуў высылкі ў Сібір за актыўны ўдзел у паўстанні бо з дапамогай маці здолеў адкупіцца, але згубіў некаторыя зямелі на Украіне.

Бяльмонты ХІХ стагоддзя - гэта фактычна культурніцкі цэнтр Браслаўшчыны, дзе гасцюць знакамітыя людзі той эпохі. У фальварку размяшчаўся прыватны музей дзе была выстаўлена вялікая калекцыя археалагічных знаходак, у сямейнай бібліятэцы можна было знасці багатую калекцыю старажытных кніг, на сценах палаца госьці маглі пабачыць партрэты былых уладароў маёнтка. У Бяльмонтах прайшлі дзіцячыя гады Яна Траяноўскага (1799-1878), мастака, аўтара карцін пераважна на гістарычную тэматыкі. А ў 1876 годзе, маёнтак і Плятэраў наведаў знакаміты мастак Напалеон Орда, які пакінуў пасля гэтага тры акварэльныя малюнкі.



У 1858 годзе на мяжы фальмарка з'яўляецца прыгожая сямейная капліца ў гонар Збаўцы. Збудавана яна была ў гатычным стылі з чырвонай цэглы і складалася з адной цэнтральнай і двух бакавых капліц, якія злучаліся паміж сабой агароджай. Трэба заўважыць, што шаша, якая праходзіць сёння каля самой капліцы, з'явілася тут толькі ў савецкія часы, а тады, ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, там была звычайная ціхая вясковая дарога. Капліца Плятэраў лічыцца першым будынкам неагатычнага стылю на Браслаўшчыне.




Вельмі цяжкімі для палаца былі часы Першай сусветна вайны. Падчас баявых дзеянняў быў канчаткова згублены старажытны палац, які і так знаходзіўся ў руінах. Багатая бібліятэка маёнтка была перавезена ў Петраград, а адтуль так і не вярнулася на радзіму. Вывезены былі таксама і музейныя экспанаты, якія былі перададзены Плятэрамі віленскаму універсітэту. Пасля серці Фелікса Плятэра, уладанне пераходзіць да яго жонкі Эльжбеты Плятэр (1874-1960) з Патоцкіх, якая лічыцца апошнім уладаром Бяльмонт.




Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года руіны палаца былі разабраны савецкай уладай на будаўнічыя матэрыялы. А пасля Другой сусветнай вайны рэшткі палаца цалкам зніклі. А некалі прыгожы парк, які на працягу некалькіх пакаленняў Гільзенаў, Матузі і Плятэраў уладкоўваўся і даглядаўся, пасля вайны быў перайменаваны ў Парк імя Мічурына.



фота з globus.tut.by

У 2002 годзе на месцы былой капліцы, з'явіўся Касцёл Узвышэння Святога Крыжа. На маю думку, касцёл звонку не нясе ніякага эстэтычнага хараства, толькі хіба ўнутры ён можа нагадваць сваімі чырвонымі цаглянымі сценамі і шырокай прасторай раманскі стыль, але што ў рэальнасці, цяжка сказаць, бо мы туды не трапілі.


фота з globus.tut.by



фота з globus.tut.by



фота з globus.tut.by

У 2012 годзе супрацоўнікі нацыянальнага парка "Браслаўскія азёры" паспрабавалі правесці масштабную прыборку парка, якая трэба сказаць, у іх атрымалася. Былі высечаны маладыя парасткі дрэваў, прыбраны хмызняк, абрэзаны дрэвы, пастаўлены лаўкі і прыборана смецце. Тады ж у парку быў пракладзены і экалагічны маршур з інфармацыйнымі шыльдамі, які расцягнуўся амаль на 2 км. Шпацыр праходзіць па цікавым закуткам парка, праз насаджэнні старых дрэў, узрост якіх дасягае 140 год, а інфармацыйныя стэнды даюць магчымасць турыстам даведацца пра гісторыю парка і пра расліны, якія тут можна знайсці.


фота з globus.tut.by



фота з globus.tut.by

Акрамя гэтага на тэрыторыі сучасных Ахрэмаўцаў у частцы якая раней была Бяльмонтамі, амаль адразу за сучаснымі могілкамі можна знайсці курганныя могілкі полацкіх часоў, якія датуюцца IХ-Х ст. Тут захавалася 76 паўсферычных і паўавальных курганных насыпаў, якія пачалі даследвацца гісторыкамі яшчэ ў 1893 годзе. Падчас раскопак былі знойдзены рэшткі крэмацыі Х стагоддзя, якія былі захаваны як у саміх насыпах, так і па-за яго межамі. Таксама сярод знаходак былі гліняны посуд, бронзавыя падковападобныя фібулы, рэшткі жаночага галаўнога ўпрыгожвання, шкляныя пацеркі і жалезны нож. Знаходкі, якія былі знойдзены тут падчас раскопак 1978, 1982, 1997 гадоў, былі перададзены Браслаўскаму музею. Знаходкі 1893 года былі перададзены Віленскаму музею перад Першай сусветнай вайной.


могілкі за капліцай





Крыніцы: "Збор помнікаў гісторыі і архітэктуры. Віцебская вобласць", Раман Афтаназі "Гісторыя маёнткаў на былых ускрайках Рэчы Паспалітай", Гістарычная энцыклапедыя, braslav-star.by, jivebelarus.net

Вандроўкі Беларусь, Вандроўкі, Плятэр, Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, Манузі, Ахрамовіч, Гільзен

Previous post Next post
Up