Аўгусцінцы (лац.augustiniani)
Гісторыя. Жабрацкі каталіцкі ордэн. Лічыцца, што ён быў створаны ў 391 годзе біскупам горада Гіпон (Паўночная Афрыка) Аўрэліем Аўгусцінам (354-430). На самой справе ж ён узнік у 1256 годзе пасля злучэння 4 італьянскіх аб'яднанняў манахаў-пустэльнікаў і быў зацверджаны папай рымскім пад назвай "Ордэн пустэльнікаў святога Аўгусціна". У аснову дзейнасці былі пакладзены "Правілы св.Аўгусціна", якія нібыта былі напісаны ім жа. У ХVI ст. у Еўропе аўгусцінцы падтрымалі рэфармацыйны рух, што прывяло іх да росквіту (хоць і да часовага).
Манахі адмаўляліся ад асабістай ўласнасці і строга выконвалі правілы, прапісаныя св. Аўгусцінам. Асноўным законам ордэна лічылася любоў да Бога і пастаяннае збавенне ад грахоў, назапашаных за жыццё. Таксама ім прадпісвалася ненавязліва ўказваць іншым на іх грахі. Яны праводзілі аналогію паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, роздум, воля) і трыма абліччамі Троіцы (Бог-Айцец, Бог-Сын і Святы Дух).
Ордэн мае жаночую галіну.
Вопратка. Чорная суконная рыза з вострым капюшонам, доўгімі шырокімі рукавамі і скураны пояс выкарыстоўваліся як святочае адзенне і адзенне для выхаду за межы манастыра. Для паўсядзённага жыцця ў абшчыне, манахі апраналі рызу з белай шэрсці.
ВКЛ. На тэрыторыі ВКЛ ордэн з'явіўся ў ХV ст. і быў самым нешматлікім сярод прадстаўленых жабрацкіх ордэнаў. Кляштары меліся ў Берасці (на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай крэпасці), Гародні і Міхалішках (ніводны з іх да нашых дзён не захаваўся). З захаваўшайся архітэктурнай спадчыны аўгусцінцаў можна пабачыць сёння толькі касцёлы ў Міхалішках, Быстрыцы і Крамяніцы. Усе яны знаходзяцца ў Гарадзенскай вобласці.
Сучаснасць. Сёння аўгусцінцаў, з разнастайнымі дзяленнямі (на эрэмітаў, канонікаў, босых, рэкалектаў) у свеце налічваецца каля 4 700 чалавек. Яны працуюць у прыходах, школах, каледжах і місіях. Іх галоўная мэта - пастырская праца і распаўсюджанне ведаў.
Каталіцкія манаскія ордэны на тэрыторыі Беларусі
http://azarkinm.livejournal.com/176785.html