Упершыню вёска Порплішча Докшыцкага раёна ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах пад 1529 годам, як уладанне Сямёна Чартарыйскага. Праз некалькі год Чартарыйскі прадаў маёнтак з землямі свайму суседу Юрыю Зяновічу. Яго нашчадкі валодалі Порплішчам да XVII ст, пакуль са шлюбам дачкі Зяновіча не перайшлі спачатку да Радзівілаў, а пасля да Вітгенштэйнаў.
Сучасныя турысты знойдуць у вёсцы старую царкву і не вельмі стары касцёл.
Ёсць прыгожае паданне пра з'яўленне ў Порплішчы царквы. Аднойчы князь, імя якога засталося невядомым, калі блукаў у мясцовых балотах, раззлаваўся і назваў мясціны проклятымі, а каб пазбавіць іх злога духа, пасля выратавання пабудаваў тут каплічку, якую пазней перабудавалі ў царкву.
Драўляная, ўніяцкая, Спаса-Прэабражэнская царква з'явілася ў Порплішчы ў 1627 годзе і была пабудавана без а ні воднага цвіка. Напрыканцы XVIІI ст яна была значна перабудавана.
Уніяцкай царква стала праваслаўнай у вёсцы ў1864 годзе. А зачынена яна была яшчэ раней, пасля скасавання Брэсцкай уніі ў 1839 гозе, калі адбылося аб'яднанне ўніяцтва з праваслаўем. Новыя ўладары ў 1883 годзе крыху перабудавалі храм - перад уваходам збудавалі трохярусную званніцу. Сёння царкву называюць унікальнай не толькі з-за таго, што з'яўляецца яна адной з найстарых драўляных будынкаў у нашай краіне, але і таму, што ўнутранае аздабленне, якое існавала пры ўніятах, было выкарыстана і праваслаўнымі. Так, у царкве, сёння можна пабачыць абразы XVIII i XIX ст, а фрагменты драўлянага алтара XVII ст знайсці ў афармленні іканастаса ХІХ ст.
фота ад
antonsm фота ад
antonsm Напрыканцы ХІХ ст, побач з царквой быў пабудаваны царкоўны маёнтак і выкапана сажалка, якая атрымала назву "Паповая".
У савецкі перыяд рэлігійны будынак не быў зачынены, і вернікі з наваколля маглі наведвацца ў Порплічша на малітвы.
А з 2012 года на харах царквы, быў адчынены маленькі музей праваслаўных царкоўных рэчаў.
фота з www.globus.tut.by
фота з www.globus.tut.by
Звязана са Спаса-Прэабражэнскай царквой, і крыху канфузная сітуацыя, дакладней іх было дзьве.
З цягам часу, барабан купальнай вежы нахіліўся і стаў нагадваць пізанскую вежу. Мясцовы бацюшка, не доўга думаючы, вырашыў з дапамогай прыхаджан адрамантаваць храм, праўда забыўся ён на тое, што царква з'яўляецца гістарычным помнікам, а не ўласным домам. І пачаў з дапамогай звычайных будаўнікоў умацоўваць фундамент і сайдынгам упрыгожваць вежу. Не ведаю, якія планы былі ў яго, але падняўся вялікі рэзананс і працы спынілі. Вось так і стаіць з 2009 года Спаса-Прэабражэнскай царква ў якой драўляныя дошкі XVII ст абшыты зялёным сайдынгам ХХІ стагоддзя.
А другі рэзананс выклікала аб'ява на дзвярах, усё той жа царквы. Не ведаю, колькі яна вісела на дзвярах, але ў 2016 годзе, падчас нашых вандровак, яе ўжо там не было.
Нягледзячы на адмоўную рэакцыю мясцовых жыхароў на людзей з камерамі (быў выпадак, што адна з прыхаджан накінулася з лаянкай на журналістаў канала ЛАД, калі падумала, што гэта "апазіцыйныя людзі прыйшлі зноўку рэпартаж рабіць пра сайдынг") нам царква спадабалася. Сідзячы на лаўцы каля кветніка, адчуваецца нейкая замілаванасць і спакой. Будзеце ў тых краях, то спыніцеся каля драўляных сцен і дакраніцеся да іх, паспрабуйце адчуць подых стагоддзяў нашага краю - калі віравалі войны, калі змяняліся рэлігіі і адбываліся паўстанні.
Праз дарогу ад царквы знаходзіцца касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Каралеўны, які быў пабудаваны ў вёсцы ў 1937 годзе пад кіраўніцтвам вікарыя з Параф'янава.
Касцёл дзейнічаў дзесяць год, пакуль у 1948 годзе яго не зачынілі, а ксяндза арыштавалі і саслалі ў Сібір. Праз некалькі год тая ж бяда нападкала і праваслаўнага святара. Абодвум далі па 10 год ссылкі.
Прыблізна з тых часоў навакольныя жыхары распавядаюць жахлівыя гісторыі пра бязбожнікаў-камуністаў. Так, пасля закрыцця касцёла, старшыня калгаса вырашыў зняць крыж з купала і адправіў на працу некалькі падначальных. Працоўныя знялі не толькі крыж, але і разабралі касцёльную вежу. А праз некалькі дзён маланка патрапіла ў прыпынак, дзе хаваліся людзі ад навальніцы і забіла толькі дваіх, якія крыж каталіцкі і здымалі. Пасля ліквідацыі парафіі, савецкая ўлада размясціла ў будынку касцёла школу механізатараў, а затым майстэрню, якая дзейнічала ў Порплішчы да 1990-х гадоў. У 1993 годзе касцёл вярнулі вернікам.
Дарэчы, для знаўцаў літаратуры вёска вылучаецца яшчэ і тым, што тут падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў дзеяч беларускага эміграцыйнага руху, пісьменнік Кастусь Акула. Але думаю, большасць сучасных жыхароў Порплішча нават пра гэта і не ведае.