Жыццё Барыса Скосырава - гэта суцэльная таямніца, якую нават ён сам у поўнай меры так і не раскрыў ні перад кім. З усёй біяграфіі толькі некалькі фактаў з'яўляюцца пацверджанымі і не аспрэчвюцца, усё астатняе - выдумка ці міт. Атрымаўся сваеасаблівы барон Мюнхаўзэн ХХ стагоддзя, пра якога ў свой час ведала ўся Еўропа.
Дык пачнем біяграфію спачатку, аб'яднаўшы зараз розныя крыніцы інфармацыі.
Нарадзіўся Барыс ў Вільні 12 чэрвеня 1896 года ў сям'і Лізаветы Дзмітрыеўны Сімоніч (народжанай Маўрос) і Міхаіла Міхайлавіча Скосырава. Дзе атрымаў адукацыю - невядома, але ўжо знаходзячыся ў эміграцыі распавядаў, што скончыў Оксфардкі ўніверсітэт (звестак пра вучобу ва ўніверсітэце няма ), ліцэй Людовіка Вялікага ў Парыжы (таксама звестак аб гэтым не існуе), атрымаў у перыяд з 1920 па 1923 гады доктарскую ступень ва ўніверсітэце Йены (дакументы так і не знойдзены). З самага дзяцінства Барыс быў схільны да замежных моў і ў 16 год ужо добра размаўляў на асноўных мовах Еўропы - французскай, італьянскай, гішпанскай і нямецкай.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Скосыраў апынуўся ў Еўропе, прычым існуе некалькі версій таго, як ён туды патрапіў.
Версія 1. Калі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі, маці Барыса збегла ў Еўропу і папрасіла палітычнага прытулка ў Вялікабрытаніі. Там Барыс запісаўся ў войска і падчас Першай сусветнай вайны быў камандзіраваны да брытанскага бранедывізіёна (інфармацыя пацверджана дакументамі), дзе выконваў сакрэтныя даручэнні брытанскага ўрада ў Еўропе і на Усходзе - такі сваеасаблівы агент 007 (звесткі пра сакрэтную дзейнасць адсутнічаюць). Па расповедах Барыса на брытанскай сакрэтнай місіі быў накіраваны ў Азію, дзе авалодаў японскай ды кітайскай мовамі.
Версія 2. Падчас Грамадзянскай вайны быў белагвардзейцам, служыў у арміі Дзінікіна і атрымаў званне штабс-капітана. Калі войска было разбіта, на апошнім карабле з'ехаў з Крыма ў Канстанцінопаль, адкуль патрапіў ужо ў Англію, дзе служыў у Каралеўскіх ваенна-марскіх сілах і выконваў сакрэтныя даручэнні.
У студзені 1919 года Скосырэў быў затрыманы паліцыяй за спробу разлічыцца фальшывымі векселямі. Канфлікт атрымалася загладзіць толькі тады, калі абвінавачаны пагадзіўся заплаціць сапраўдныя грошы. Барыса адпусцілі, але інцындзент прымусіў Сконтланд-Ярд зацікавіцца асобай Скосырава. А падчас аднаго з допытаў была агучана яшчэ адна версія як жа ён патрапіў у Англію.
Версія 3. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён, яго бацькі і яго дзядзькі былі арыштаваны бальшавікамі і пасаджаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Там усіх сваякоў закатавалі, а Барыс здолеў збегчы ў Заходнюю Еўропу.
Падчас знаходжання ў Еўропе якія толькі міты не ствараў пра сябе Скосыраў. Заўсёды прадстаўляўся графам, князем ці баронам, хаця ніякімі тытуламі не валодаў, а таксама распавядаў пра блізкія сяброўскія адносіны з каралямі Гішпаніі і Англіі. Гісторыкі ставяць пад сумнеў высокія тытулы Барыса, бо яго бацька не быў "блакітнай" крыві. Але хутчэй за ўсё, Барыс распавядаў пра лінію сваёй маці, бацька якой, Дзмітрый Маўрос, атрымаў графскі тытул ад аўстрыйскага імператара Франца-Іосіфа, а маці Кацярына Сімоніч была графіняй. Вялікі адбітак на свядомасць малога Барыса наклалі і размовы з дзядзькам, графам Мікалаем Маўросам, які з-за хваробы доўгі час знаходзіўся пад наглядам яго маці Лізаветы.
Адсутнасць тытула не спыняла Барыса пры сустрэчах з асобамі вышэйшага свету, ён трымаўся з імі як з роўнымі да сябе. Яму давяралі і характарызавалі яго як добравыхаванага чалавека з ідэальнымі манерамі і арыстакратычнымі паводзінамі. Барыс валодаў вялікай харызмай і з лёгкасцю абхажваў заможных жанчын і схіляў да сябе вялікіх скептыкаў-мужчын. З удзячнасцю прымаў любыя каштоўныя падарункі, а да грашовых падарункаў адносіўся з асаблівай пашанай.
У 1923 годзе Барыс Скосыраў становіцца грамадзянінам Нідэрландаў (пацверджана нумарам пашпарту), дзе па расповядах знаходзіцца на таемнай службе ў каралевы Нідэрландаў (не пацверджана). За працу перад каралеўскім дваром Гільерміны І ён атрымаў тытул графа Аранскага (не пацверджана).
Пра перыяд жыцця Барыса канца 1920-х і пачатку 1930-х звестак амаль няма. У некаторых крыніцах з'яўляецца інфармацыя, што ён зладзіў вандроўку ў Калумбію, дзе адчыніў сваю фірму, якая аказвала паслугі насельніцтву. Некаторыя аўтары выказваюцца, што ў гэты перыяд ён вандраваў па Еўропе.
Марыя-Луіза Пара дэ Гасье (фота 1950-х гадоў)
У 35-гадовым узросце Барыс Скосыраў у мэрыі французскага Марсэля зарэгістраваў шлюб з Марыя-Луізай Пара дэ Гасье, якая на дзесяць год была старэйшая за яго, але з'яўлялася жанчынай, добра забяспечынай фінансамі. Пры рэгістрацыі шлюбу Барыс, як ён патлумачыў жонцы, "дзеля канспірацыі" мяняе напісанне прозвішча. Замест прыдуманага ім у пачатку 1920-х гадах Skossyreff з'яўляецца Skosyrew. Ад жонкі Барысу патрэбны былі толькі грошы, бо гэта дапамагае яму працягваць актыўныя вандроўкі па поўдні Францыі і Гішпаніі. У Гішпаніі падчас сваіх вандровак ён прадстаўляецца графам Аранскім. У 1932 годзе з-за выкарыстання не пацверджанага тытула яго дэпартуюць з Балеарскіх выспаў. Але праз некаторы час ён вяртаецца на Перынеі. На гэты раз у Андору і становіцца падданым маленькай горнай краіны.
Авантурыст Барыс у краіне, якая толькі пачыла выходзіць са спячцы, пабачыў перспектывы. Справа ў тым, што Андора ў тыя часы лічылася адсталай правінцыяй Перынейскай паўвыспы. Жыццё пачало мяняцца толькі ў 1930 годзе пасля адкрыцця першай у краіне трасы. Пасля адкрыцця якаснай дарогі у Андору пацягнуліся французскія і гішпанскія кампаніі, які пачалі рабіць бізнэс на маленькай краіне і яе багаццях.
Па краіне ў гэты час прайшла чарга маніфістацый, на хвале якіх Скосыраў прадаставіў Генаральнаму Савету краіны прапановы па рэформах, якія маглі прывесці да зменаў звыклага для аднорцаў ладу кіравання. Планамі зацікавіліся, але вырашылі не прымяняць, бо надта радыкальным выглядалі змены, а Барыса, каб не падымаў пратэстныя настроі ў мірных грамадзян, выслалі з краіны. Праз месяц Скосыраў вяртаецца, і зноўку звяртаецца да Савету, на гэты раз з прапановай сябе ў якасці караля Андоры - Барыса І. І 7 ліпеня 1934 года Генеральны Савет краіны пагаджаецца з яго абраннем.
За кароткі тэрмін кіравання краінай кароль Барыс І выдае Канстытуцыю, якая складаецца ўсяго з 17 пунктаў, але закранала асноўныя правы андорцаў, і падпісвае загады аб ліберальных рэформах. Хуткі старт пачатку рэфармавання краіны Скосыраву каштаваў кароны. Першапачаткова епіскап Урхельскі выступаў за з'яўленне караля, але пасля жадання Барыса І зрабіць з краіны фактычна другое Манака з казіно і турыстычнымі месцамі адпачынку, ён выступае супраць Барыса І. Епіскап звяртаецца за дапамогай у Гішпанію і пяць гвардзейцаў, якія прыбылі ў Андору, арыштоўваюць Скосырава.
Пакуль цягнецца следства, Барыс знаходзіцца ў мадрыдскай турме "La Model". У кастрычніку 1934 года яму выносяць прысуд за нелегальнае перасячэнне мяжы і прыгаворваюць да году турмы, а так як частка тэрміну прайшла ў чаканні суда, праз поўгады ён выходіць з турмы, а яго дэпартуюць у Партугалію. Пасля дэпартацыі ён некаторы час вандруе па Партугаліі, а ў канцы 1935 года вяртаецца ў Францыю да законнай жонкі. Дарэчы, кажуць, што Барыс увайшоў яшчэ ў гісторыю Андоры як першы чалавек, які прывёз у краіну тытунь, а дом дзе ён спыняўся, да сённяшняга дня у народзе называюць "рускім".
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў Еўропе французская ўлада пачынае клапаціцца пра ненадзейных замежнікаў, і па краіне праходзяцць арышты. У 1939 годзе Барыс быў арыштаваны паліцыяй і сасланы ў лагер для замежнікаў Ле-Верне каля Перынеяў.
На гэтым інфармацыя аб жыцці андорскага караля спыняецца, бо наступныя факты біаграфіі Барыса Скосарыва выглядаюць даволі непрымальнымі для некаторых гісторыкаў.
У 1942 годзе Барыс Скосыраў вызвалены нямецкімі вайскамі з лагера для замежнікаў і накіроўваецца ў Берлін, дзе прымае прапанову сваёй стрыечнай сястры Сафіі Скосыравай і ўладкоўваецца на працу ў Вермахт. Сафія, праніклася ідэямі нацызма ў Нямеччыне і чытала лекцыі па прапагандзе нацызма ва ўніверсітэце. Ідэямі пасля пранікся і Барыс.
У Вермахце Скосыраў працуе перакладчыкам і знаўцам усходняй палітыкі. А так як нянавісць да бальшавікоў захоўваецца ў ім з 1917 года, ён з апантаннасцю бярэцца за любую працу, якая звязана з Расіяй. Падчас працы на Вермахт займаўся шпіянажам на карысць Нямеччыны, удзельнічаў у допыце савецкіх ваеннапалонных. У сваёй кнізе ўспамінаў ужо пасля вайны ён распавядзе, што служыў у ваенна-палявой паліцыі, а ў чэрвені 1944 года нават знаходзіўся ў Віцебску. Але гісторыкі, якія займаліся даследваннем дзейнасці гэтай паліцыі, ніколі не сутыкаліся ў дакументах з прозвішчам Скосыраў. Як не могуць знайсці таксама інфармацыю аб узнагароджанні Скосырава за службу залатым нямецкім крыжом, "Жалезным крыжом" і медалём "За поспехі на ўсходнім фронце". У сваю чаргу Барыс сцвяржаў, што быў узнагароджаны гэтымі медалямі.
Са словаў Барыса Скосырава ён таксама прымаў удзел у Ялцінскай сустрэчы саюзных дзяржаў у лютым 1945, за што таксама атрымаў медаль. Відаць, не трэба казаць, што і гэта інфармацыя не пацверджана.
Пасля заканчэння вайны Барыс Скосыраў з жонкай пасяліўся ў нямецкім горадзе Бопард. Перад гэтым, як ён пазней распядае, ён удзельнічаў у Нюрнбергскім працэсе супраць кіраўніцтва нацыскай Нямеччыны, дзе яго праца ў Вермахце была апраўдана, бо ён супрацоўнічаў з выведкай еўрапейскіх краін. Як падчас яго жыцця, так і пасля смерці, не аднаразова спісы ўсіх фігурантаў працэса правяраліся ў пошуках прозвішча Скосырава, але яно так і не было знойдзена сярод 23 тамоў Нюрнбергскага працэса.
Французскія войскі ў восень 1946 года арыштоўваюць Барыса за працу на Вермахт, прыблізна ў гэты ж час савецкай выведцы трапляюцца рахункі Скосырава ў чэхаславацкіх банках. Так як ён рускі, яго справу разглядае савецкі суд, які прысуджае яго да 25 год турмы. Увесь гэты час жонка Барыса Марыя-Луіза не ведае пра лёс мужа, застаецца ў горадзе і чакае ад яго хоць нейкіх звестак. Але праходзяць месяцы, за імі годы, а інфармацыя так і не з'яўляеца, пакуль у 1949 годзе да яе не даходзяць звесткі ад сяброў Барыса па службе ў нямецкім войску, што ён загінуў. Яна сумуе ў чужым для яе горадзе, увесь гэты час спрабуе зразумець немцаў, палюбіць іх культуру, вучыць мову і ўсёроўна чакае мужа.
У 1956 годзе адбываецца неверагоднае - ён вяртаецца. У гэта было цяжка паверыць, але нягледзячы на прызнанне Барыса ў працы і шпіянажы на карысць нацыскай Нямеччыны, яго вызваляюць з ГУЛАГа (дарэчы знаходжанне Скосырава ў савецкім лагеры таксама не пацверджана). Скосыраў вяртаецца да жонкі ў Бопард. З-за адсутнасці грошай яны змяняюць свой дом на больш сціплы, а ў 1957 годзе, Барыс атрымлівае рэабілітацыю за сваю дзейнасць у гады Другой сусветнай вайны.
Дарэчы, крыху пазней, пасля праверкі дадзеных напісаных у анкеце на дэнацыфікацыю, Барыс Скосыраў быў аштрафаваны на 500 марак за сцвярджэнне таго, што ў 1920-23 гадах навучаўся ва ўніверсітэце Йены, дзе атрымаў доктарскую ступень, бо пры праверцы дадзеных у архівах універсітэта так і не былі знойдзены дакументы, якія б гэта падцвярджалі.
2 чэрвеня 1965 года ў Бопардзе памірае Марыя-Луіза. Барыс пахаваўшы яе, прадае дом у Бопардзе і пачынае вандраваць па Нямеччыне. У красавіку 1969 года ў нямецкім Трэйс-Кардыне рэгіструе другі шлюб з жанчынай, якая на заўвагах асяродку болей яму падыходзіла ў дочкі, але ніяк не ў жонкі. Яна была маладзей за Скосырава на 40 год, значна вышэй яго па росту.
Барыс з другой жонкай Развітай
Пасля развода з ёй Скосыраў вяртаецца ў амаль ужо родны Бопард, дзе жыве ў пансіёне для састарэлых. Але і там ён не сядзіць на месцы - у пансіёне ён толькі начуе. Увесь час ён крочыць па гораду, адпачывае у мясцовых кафэ і вядзе свецкія размовы з гараджанамі, яго заважалі таксама ў навакольных весках.
У 1982 годзе выходзіць кніга "Der Mann in Jalta - Hitlers geheimer Auftrag an Boris von Skossyreff" ("Чалавек у Ялце - сакрэтная місія Гітлера для Барыса Скосырава"), якая нарэшце прыносіць былому каралю даўгачаканую папулярнасць.
Памёр Барыс Скосыраў 27 лютага 1989 года ва ўзросце 96 год у нямецкім пансіёне для састарэлых "Элізабет" і быў пахаваны на могілках Бопарда, там жа дзе і яго першая жонка Марыя-Луіза. На надмагільнай пліце былога караля Андоры сціпла выбіты толькі прозвішча і гады жыцця, якія па нейкім прычытам робяць яго маладзейшымі на чатыры гады. Нават тут вялікі авантурыст ХХ стагоддзя для нас пакінуў загадку, бо ва ўсіх дакументах дата яго нараджэння 1896.
Час ад часу ў еўрапейскіх краінах, дзе прайшло такое бурлівае жыццё Барыса, з'яўляецца інтарэс да яго асобы. Праходзяць спектаклі, выдаюцца кнігі і адчыняюцца выставы. І сапраўды, аб жыцці некалі вядомага авантурыста можна было б зняць захапляльны прыгодніцкі фільм, ці нават серыял.
Хоць некаторыя нашы суайчыннікі і спрабуюць называць Барыса Скосырава беларусам, ён такім вядома не быў. Адзінае, што мяне падштурхнула да напісання дадзенага артыкула, гэта тое, што яго дзед Дзмітрый Маўрос валодаў маёнткам у Тарнава і пабудаваў там палац, які і зараз можна пабачыць у вёсцы.
http://azarkinm.livejournal.com/161270.html P.S. А на гэтым сайце гішпанскія студэнты, якія праводзілі працу па пошуках матэрыялаў пра Барыса Скосырава ў Бопарце, у хуткім часе абяцаюць выкласці аб ім дакументальны фільм
http://www.borisskossyreff.com/ Па матэрыялах:
www.unbelievable.su
www.forum.vgd.ru
www.famous-russians-abroad.blogspot.com
www.news.tut.by
www.shkolazhizni.ru
www.rhein-zeitung.de
www.lev-art.livejournal.com
www.andorrasite.com
www.olhao.web.pt