Ляхавіцкі раён багаты на сядзібы ХІХ стагоддзя, і Нача Брынздоўская - адна з іх. Маёнтак вядомы з XVI стагоддзя, калі належыў Неміровічам і Табаровічам. Пасля пераходзіць ва ўладанне вялікага князя літоўскага Сігізмунда Аўгуста, а праз некалькі год дорыцца князем А.Брынздзе, адсюль і характэрная назва, якая замацавалася за маёнткам. Хаця маёнтак і насіў назву сям'і, Брынздоўскія валодалі ім толькі два пакаленні. Далей Нача трапляе да Падарэўскіх, якія валодалі таксама Радванічамі і Ястрэмблем на той момант, а пасля перайшла да іезуітаў. Ордэн на тэрыторыі былога ВКЛ падтрымаў паўстанне Касцюшкі 1794 года, за што быў пазбаўлены ўсіх земляў. Нача перадаецца ва ўладанне князям Масальскім. І нарэшце-рэшт у 1798 годзе Начу набывае віцебскі ротмістр Францішак Ксаверы Чарноцкі для старэйшага сына Міхаіла, сыны якога перадавалі маёнтак у спадчыну да 1939 года.
Будынак сядзібы, які мы сёння можам бачыць у вёсцы, закладваўся пры Міхаіле Чарноцкім у 1810 годзе. Першапачаткова ён быў аднапавярховы, з двухскатным дахам. Значна пазней, ужо ў канцы ХІХ стагоддзя, ён перабудоўваўся з дабаўленнем нэагатычных элементаў, былі дабудаваныя правае і левае крыло.
З дзесяці пакояў, якія былі ў сядзібе, да нас дайшлі апісанні толькі двух - салона для сустрэчы гасцей і вялікай сталовай. Вядома, што ў сядзібе былі спальныя пакоі, кабінет і бібліятэка. Дэкор дома нічым не вызначаўся, тут была звычайная мэбля. З дарагой хіба можна было назваць гарнітур для салона ў стылі Людовіка XV. Ён налічваў 2 стала, 6 крэслаў, кушэтку і люстра. Уся мэбля была разная з элементамі пазалоты. На сценах віселі карціны, але гэта былі збольшага сямейныя партрэты Чарноцкіх. Толькі парадныя пакоі былі выкладзены паркетам, ва ўсіх астатніх на падлозе выкарыстоўвалася дошка. Былі ў палацы і прыгожыя кафлёвыя каміны.
гаспадарчыя будынкі маёнтка Нача
Разам з палацам традыцыйна закладваўся парк. Зараз, некалі прыгожы парк, пакідае пасля сябе ўражанне добра заросшага леса, і распланаванасць на зоны адпачынку знайсці ўжо амаль немагчыма. Калісьці ў парку акрамя традыцыйных клёнаў ды ліп раслі чорны арэх, конскі каштан з Паўночнай Амерыкі з ружовымі і белымі кветкамі, ліяна вістэрыя кітайская, лістоўніца польская і еўрапейская і шмат іншых дэкаратыўных дрэваў.
Калісьці з правага боку ўладары сядзібы зрабілі сваеасаблівыя сонечны гадзіннікі. Па колу былі высаджаны 12 лістоўніц, якія атаясамлівалі гадзіны, а паміж імі былі размешчаны валуны з надпісамі. Ёсць меркаванне, што гэта камяні памяці па загінуўшых у паўстанні 1863 года, бо Казімір Чарноцкі быў удзельнікам паўстання. Зараз яшчэ можна знайсці чатыры лістоўніцы, якія засталіся, адна з іх зусім сухая, таму арыентавацца ў гушчарах будзе прасцей.
Па парку можна знайсці шмат мемарыяльныя камянёў. А адразу за палацам знаходзіцца каменны круглы стол на маленькай ножцы.
Да прыгожага маёнтка вяла шырокая 11-метровая алея з высокімі італьянскімі чорнымі таполямі.
фота з сайта globus.tut.by
І сучасны выгляд алеі
Казімір Чарноцкі
Пасля смерці Казіміра Чарноцкага маёнтак пераходзіць да сына Міхала Чарноцкага (1860-1918). Першы раз Міхал ажаніўся ў 25 год на Вільгельміне Маеўскай, у шлюбе з якой на свет з'явіліся два сыны - Багдан і Вільгельм. Але Вельгельміна праз год пасля нараджэння другога сына захварэла і памерла. У другім шлюбе (з Марыяй Чарноцкай) у сям'і Міхаіла з'яўляецца яшчэ шасцёра дзяцей.
Міхал Чарноцкі
Але лёс у іх напаткаў вельмі цяжкі. Стэфан Чарноцкі, старэйшы сын Міхала і Марыі Чарноцкіх, быў арыштаваны ў 1939 годзе супрацоўнікамі НКВД і прыгавораны да 15 гадоў выпрабаваўчых прац. Па дарозе на адпрацоўку ён памірае. Пахаваны Стэфан ва Узбекістане. Дачка Ідалія, па мужу Сайкоўская, загінула ў 1943 годзе ў канцэнтрацыйным лагеры Асвенцым. А сам уладар Начы разам з васямнаццацігадовым сынам Міхалам Чарноцкім быў закатаваны бальшавікамі ў сваім доме 6 снежня 1918 года.
Апошнім уладаром Начы быў малодшы сын Міхала Сігізмунт Чарноцкі. Па адукацыі ён быў аграномам. Займаўся развядзеннем пладовых і дэкаратыўных дрэў. Падчас яго кіравання маёнткам сад захоўваўся ў ідэальным стане і лічыўся адным з лепшых у Заходняй Беларусі. У Начы Сігізмунд адкрыў на базе пітомніка школу садаводаў, навучэнцы на іспыты якой ездзілі ў Варшаву.
А ў 1925 годзе памірае маці Сігізмунда, Марыя Чарноцкая, якая была пахавана побач з закатаванымі мужам і сынам недалёка ад маёнтка. У 2000-я гады нашчадкі паставілі на магіле закатаваных сваякоў помнік.
Сядзіба Нача, помнік архітэктуры сярэдзіны ХІХ стагоддзя, пасля Другой сусветнай вайны была перададзена ў карыстанне завода па вырабу яблычневага воцату, які месціцца там і зараз.
Беларуская ўлада ў 2010 годзе ўзгадала пра існаванне помніка архітэктуры і нават выдала паштовую картку з маркай да 200-годдзя будаўніцтва палаца ў Начы. З урачыстасцямі марка была пагашана і на гэтым клопат дзяржавы пра маёнтак скончыўся.
Нача для нас прыкметна і тым, што тут нарадзіўся беларускі публіцыст, перакладчык і збіральнік беларускага фальклору Напалеон Чарноцкі.
------------------------------------------
Напалеон Чарноцкі (1866-1937)
Нарадзіўся 13 ліпеня 1866 года ў маёнтку Нача Брынздоўская. Малодшы брат уладара маёнтка Нача Міхала Чарноцкага. Навучаўся ў Слуцкай гімназіі, падчас якой уваходзіў у тайны гурток самаадукацыі і цікавіўся беларускім фальклорам. Уваходзіў у групу, якая займалася перакладамі на беларускую мову. Паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, але ў 1890 годзе быў выключаны з яго за ўдзел у падпольных гуртках і студэнцкіх хваляваннях. Быў прыгавораны да хатняга арышту пад наглядам паліцыі ў бацькоўскай сядзібе Нача. Але праз год зноўку аднавіўся на факультэце. Пераклаў на беларускую мову п'есу А.Чэхава "Сватаванне" і М.Крапіўніцкага "Пашыліся ў дурні". Працаваў лекарам у Міры і Лідзе. Выношваў ідэю стварэння санаторыя для адпачынку і лячэння незаможніх грамадзян. У 1904 годзе мабілізаваны ў Расійскую армію і адпраўлены ў якасці лекара на руска-японскую вайну на Манчжурскі фронт. Пасля вяртання ў 1905 годзе прадае сваю частку спадчыны і пераяджае ў Канаду, дзе набывае вялікі надзел зямлі і працуе звычайным фермерам. Застаўшыся амаль без грошай вяртаецца на Радзіму і зноўку прызываецца лекарам у рускую армію - у Еўропе ідзе Першая сусветная вайна.
З 1919 па 1920 год прызначаны старшым рэферэнтам санітарнага аддзела Вільні ва ўрадзе Пілсудскага. Пасля Рыжскага падзелу займаецца лекаваннем і вывучэннем народнай медыцыны. У 1922 годзе ўступіў у Польскую сацыялістычную партыю. Працуе ў лякарных установах Вільні, Валыні, Ліды. У 1928 годзе выдае артыкул "Батлейка з ваколіц Начы", дзе распавядае пра свае дзіцячыя гады і апісвае беларускую батлейку.
З 1934 года Напалеон Чарноцкі сыходзіць з працы і пераязджае ў свой маёнтак Вялікая Лябёдка каля станцыі Скрыбаўцы (сучасны Шчучынскі раён). Апошнія гады жыцця ў маёнтку доктар вырошчваў зёлкі, даследвае наваколле. Памёр Напалеон Чарноцкі 14 лютага 1937 года ва ўзросце 70 год, быў пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.
Напалеон Чарноцкі з'яўляўся аўтарам артыкулаў - "Як будзе з зямлёй?" (1907), дзе прапагандаваў ліберальныя погляды на вырашэнне пытання з зямельнымі надзеламі; "Да пытання пра беларускую мову" (1908), дзе выказваўся ў абарону беларускай мовы; нарыса "Аб адбудове гістарычнай Літвы"; шэрагу публікацый з успамінамі пра рэвалюцыйны рух у газетах "Наша ніва" і "Вольная Беларусь".
(па старонках Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, www.pawet.net, газеты "Лідскі летапісец")
------------------------------------------