МАЛАЕ МАЖЭЙКАВА (Гарадзенская вобласць)

May 28, 2014 23:02

Першыя ўзгадкі адносяцца да 1511 года, калі прывелеем вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога вёска была падаравана Шымке Мацковічу (прычым Шымка гэта імя, а Мацковіч імя па бацьку :-)). На гэтым сказе можна было б спыніцца і проста пералічыць уладароў гэтых мясцін, але давайце крыху зазірнем глыбей у гісторыю, каб зразумець, як з’явілася гэта вёска.

Першапачаткова існаваў адзін двор Мажэйкава, які ўпершыню ўзгадваўся ў 1502 годзе. Ён належыў Гагіну, але за ўдзел у паўстанні Глінскага быў канфіскаваны і перададзены кіеўскаму баярыну Тышкевічу ў 1508 годзе. Праз паўгады зноўку адбылася канфіскацыя Мажэйкава, і новым уладаром стаў князь Васіль Палубенскі. Нажаль часы былі ліхія, і праз год яго заўважылі ў стасунках са здраднікамі Глінскімі. Тады не моцна задавалі сабе пытанне “навошта” і Палубенскага пакаралі годам турмы. Пакуль уладар двара Мажэйкава знаходзіўся за кратамі, яго тэрыторыю хуценька падзялілі на Вялікае і Малае Мажэйкава. І апошняе, як я ўжо казала вышэй, ў 1511 годзе патрапіла ў карыстанне Шымке Мацковічу.



У 1530-х гадах Шымка недалёка ад Малае Мажэйкава на месцы драўлянай капліцы Вітаўта пабудаваў касцёл, дзе дарэчы пазней і быў пахаваны ў скляпеннях.


Шымка валодаў мясцінамі трыццаць год. Уладанні пераходзяць у спадчыну сыну Яну Шымкавічу. Удава Сафія, пасумаваўшы па мужу патрэбны тэрмін, выйшла замуж за свайго суседа - князя Васіля Палубенскага (таго самага, які валодаў Мажэйкавам да яго падзела) і становіцца княгіняй.
Сусед Сафіі Васіль Палубенскі меў трох дзяцей - Васіля, Льва ды дачку Ганну. Але знаходзячыся на смяротным ложку ў 1551 годзе і пахаваўшы дваіх дзяцей - Льва ды Ганну, ён перапісаў тэстамент і падзяліў маёмасць на тры часткі. Адна трэць уладанняў была перапісана на старэйшага сына; другая трэць маёмасці і 2000 грошай ад Вялікага Мажэйкава адышлі да ўдавы Сафіі; трэццяя частка ўладанняў перайшлі да ўнучкі Марыны, дачцы памерлага сына Льва. Пахавалі Васіля ў Кіеве побач з сынам Львом у царкве Прачыстай Багародзіны Пячэрскай.

Вы думаеце на гэтым усё? Не, мажэйкаўская “санта-барбара” толькі пачынаецца.


На трэцці дзень пасля смерці Васіля сямнаццацігадовую ўнучку Марыну выкраў жытомірскі стараста князь Дзмітрый Сангушка. Чаму гэта было зроблена - невядома, але перадаў ён Марыну на выхаванне сваёй цётцы. Знаходзілася ў “палоне” Марына тры гады, а калі савякі Марыны забілі Дзмітрыя, то вярнулі яе і аддалі замуж за Івана Капцю, які прыходзіўся сваяком Палубенскім. Жыццё з Іванам было нядоўгім: праз 9 год у 1563 годзе ён памірае. Марына, нядоўга сумуючы, выходзіць замуж другі раз за спраўцу Гродненскага стараства Станіслава Нарушэвіча. Параіўшыся з мужам яна адмаўляецца ад Вялікага Мажэйкава на карысць Яна Шымковіча, сына Сафіі і Шымкі Мацковіча.



Мапы наваколля, каб зразумець дзе знаходзяцца мясціны.

Вядома, гэту гісторыю можна было бы апусціць тут, але ж надта мне захацелася паказаць віхры падзеяў тых часоў. Не так лёгка жылося ў Вялікім Княстве.

За XVI-XVIII ст. вёскай валодалі Нарушэвічы, Гутэн-Чапскія і Хадкевічы. У 1784 годзе Марыя Людвіка Хадкевіч, напрацягу трох гадоў пахаваўшы мужа і старэйшага сына, вырашае паправіць эканамічны стан сям’і і прадае фальварак Малае Мажэйкава з навакольнымі вёскамі будучаму ўдзельніку паўстання Касцюшкі Казіміру Кастравіцкаму (...-1826).


Будынак прыслугі, зараз маласямейны дом

Штуршком буйному развіццю Малае Мажэйкава стала будаўніцтва паштовага тракта Варшава-Пецярбург у 1797 годзе. На тракце праз кожныя 10 км стаяла карчма. З кожным годам Малае Мажэйкава дае ўсё больш і больш прыбытку Кастравіцкаму. У маёнтку будуецца вінакурня, што забяспечвае патрэбы піцейных устаноў, якія знаходзіліся на тракце.

Пры Казіміры адбываецца рэстаўрацыя касцёла ў Мураванцы.

Калі маёнткам валодаў сын Казіміра Рамуальд Кастравіцкі (…-1845), тут былі пабудаваны млын, вінакурня, афіцына, дом садоўніка, хлявы ды сараі, кузня і амбар.

Адразу хачу сказаць, што гэты перыяд у гісторыі маёнтка з’яўляецца вельмі заблытаным. Нехта піша, што Рамуальд Кастравіцкі ажаніўся на Эміліі Ромэр, якой належала М.Мажэйкава, нехта кажа, што Ромэр быў айчымам Казіміры Кастравецкай. Я распавядаю версію, якая мне падаецца больш лагічнай і сапраўднай.

Адзіная дачка Рамуальда Казіміра Кастравецкая (1830-1852) пасля смерці бацькі ў пятнаццаць год становіцца ўладальніцай вялікай маёмасці Кастравіцкіх. У дваццаць год яна пабралася шлюбам з прадстаўніком вядомага рода Аляксандрам Канстантыям Брахоцкім (1819-1886). Шлюб доўжыўся нядоўга. Казіміра памерла 18 красавіка 1852 года, калі ёй было толькі 22 гады. Пахавана была побаць з магіламі бацькоў на астравецкіх могілках каля касцёла св.Кузьмы і Дзям’яна.


Касцёл св.Кузьмы і Дзям’яна ў Астраўцы фота tomkaD

У спадчыну ад жонкі муж атрымаў толькі частку Малае Мажэйкава, пра другую частку ён дамовіўся са сваякамі Казіміры - выплаціў грошы і стаў паўнавартасным уладаром Малае Мажэйкава.


Магіла Казіміры з сайта http://astraviec.org



Аляксандр Канстант Брахоцкі (1819-1866), другі сын Роха Брахоцкага. Ад бацькі атрымаў маёнтак Морына. Пасля смерці жонкі Казіміры Кастравецкай нядоўга сумаваў па каханай. Праз год Аляксандр, якому было трыццаць чатыры гады, ажыніўся другі раз на Аліне Мінейка (1835-1911). У шлюбе меў пяцёх дачок - Ванду, Эмілію, Марыю, Алену, Сафію і адзінага сына - Уладзіслава Тамаша.


Уладзіславу Тамашу Брахоцкаму (1856-1932) было ўсяго толькі 10 год, калі памёр яго бацька. Будучы адзіным сынам і спадчыннікам вялікіх маёнткаў, вырашае атрымаць належную адукацыю і заняцца землямі. Скончыў сельскагаспадарчы інстытут у горадзе Пулава. Пасля атрымання адукацыі заняўся дабраўпарадкаваннем зямель і хутка дасягнуў высокіх вынікаў у Малым Мажэйкаве і Морына. Пачаў займацца развядзеннем вынослівых каней на патрэбы войска. Цікавіўся новымі еўрапейскімі метадамі апрацоўкі зямлі і адаптаваў іх да беларускіх рэаляў.



У 1896 годзе Уладзіслаў атрымаў у спадчыну ад свайго бяздзетнага дзядзькі Уладзіслава Брахоцкага маёнтак Вераскава (аб ім можна пачытаць па спасылцы http://azarkinm.livejournal.com/145399.html).

Менавіта пры Уладзіславе Тамашы былі пабудаваны ўсе будынкі, якія мы бачым зараз у Малым Мажэйкаве.

Сядзібны дом у выглядзе прамавугольнага будынку спачатку быў аднапавярховы, пакульу 1908 годзе Уладзіслаў не задумаў дабудаваць мансарду. Гэта дало магчымасць з’явіцца у сядзібе дадатковым пяці пакоям. Пасля перабудовы гонка на даху была заменена на бляху, таксама з’явіліся шкляныя квадратныя вокны на другім паверсе.

Калі б вы патрапілі ў госьці да Брахоцкіх ў пачатку ХХ стагоддзя, то патрапіўшы ў хол на першым паверсе, вы б апынуліся ў свеце палявання. На сценах пакоя былі развешаны трафеі Брахоцкіх - галовы ваўкоў, дзікоў ды аленяў. На другі паверх вяла вінтавая лесвіца. З правага боку месціліся сталовая, салон, салончык ды гасцінная з паркетнай падлогай.


У левай часцы сядзібы знаходзілася спальня з кабінетам ды службовыя памяшканні.

Раскошай сядзіба не зіхацела, а з’яўлялася хутчэй сціплай і традыцыйнай для тых часоў. На сценах дзе-нідзе можна было заўважыць некалькі партрэтаў з сямейных калекцый ды некалькі старых гадзіннікаў. У кабінеце знаходзілася бібліятэка, пераважна сабраная ў 1920-я гады.

У эканамічным плане пачатак ХХ стагоддзя для маёнтка Малае Мажэйкава апынуўся грашовымі стратамі. Пабудаваная чыгунка Ліда-Ваўкавыск і шаша Ліда-Гародня пакідае Малае Мажэйкава ўбаку, і паштовы тракт, які раней прыносіў добрыя прыбыткі, пусцее.


На месцы былой вінакурні ў М.Мажэйкава зараз можна бачыць вялізарны лікёра-гарэлачны завод які так псуе ўвесь выгляд.

Хаця эканамічны стан крыху і пагоршыўся для Брахоцкіх, яны працягваюць развіваць маёнткі. У Морыне Тамаш пабудаваў завод па вырабу цэглы і чарапіцы на мясцовай сыравіне. У Вераскава з’яўляецца вінакурня і піларама. Тамаш цікавіўся таксама беларускай культурай, вылучаў грошы на даследванне і развіццё культуры прынёманскага краю. Ён быў вельмі добрым і клапатлівым чалавекам, які не шкадаваў грошай на дабрачынныя праекты і дапамагаў бедным. У 1920-я гады арганізаваў бясплатныя польскія школы на сваіх землях.

Першая сусветная вайна прынесла занядбанне і руйнаванне, але пасля яе сканчэння Брахоцкі здолеў за некалькі год зноўку вывесці гаспадарку на даваенны ўзровень.

Уладзіслаў Тамаш быў жанаты два разы.


Ад першага шлюба з Сафіяй Моль (1861-1903) у яго было сямёра дзяцей:
Аляксандр (1888-1934) атрымаў пасля смерці бацькі Морына, быў жанаты на Аляксандры О’Рурк.
Станіслаў (1892-1942) атрымаў у спадчыну маёнтак Вераскава, быў жанаты на Сафіі Конча.
Валенты (1893-1917) памер ва ўзросце 24 год.
Анжэй (1895-1976) атрымаў Малае Мажэйкава.
Алена (1898-1970) была замужам за Тамашам Шалевічам з маёнтка Калдычава.
Марыя (1899-1940) была замужам за польскім генералам Чэславам Ярнушкевічам, памерла ў Львове ў савецкай турме.
Ганна (1901-1978) была замужам за маёрам-лётчыкам брытанскай арміі Гінгерам Стэвінсанам.

Пасля смерці жонкі Уладзіслаў ажаніўся другі раз на Кацярына Балінскай (1866-1929), дзяцей па прычыне ўзросту не меў.

У 1929 годзе пасля смерці другой жонкі вырашыў падзяліць маёнткі паміж сынамі і адыйсці ад гаспадарскіх спраў. Апошнія гады заставаўся ў маёнтку Малае Мажэйкава. Памёр Уладзіслаў Тамаш Брахоцкі ў 1932 годзе і быў пахаваны на могілках у вёсцы Ішчална (Шчучынскі раён) у сямейным склепе.



Троіцкі касцёл Ішчална фота futureal2006

На Ішчалнскіх могілках ляжаць усімі забытыя людзі, якія шмат зрабілі для нашай гісторыі. Іх труны рабуюцца, магілы зарастаюць, справы забываюцца.
Аляксандра Аленская, жонка Роха Брахоцкага і маці Аляксандра Канстанта.
Аляксандр Канстант Брахоцкі, атрымаў М.Мажэйкава праз шлюб з Кастравіцкай.
Аліна Мінейка, маці Уладзіслава Тамаша і жонка Аляксандра Канстанта Брахоцкага.
Сафія Моль (1861-1903), першая жонка Уладзіслава Тамаша.
Катажына Балінская (1866-1929), другая жонка Уладзіслава Тамаша Брахоцкага.
Антоні Брахоцкі (1824-1885), уладальнік маёнтка Морына, маршалак Ашмянскага павета. Удзельнік паўстання 1863 года. Быў жанаты на Антаніне Керсноўскай, дзяцей не меў.
Уладзіслаў Тамаш Брахоцкі (1856-1932), уладальнік М.Мажэйкава, Морына і Вераскава.



Сядзібы, якія належылі Брахоцкім.

Пасля смерці Уладзіслава Тамаша Брахоцкага маёнтак М.Мажэйкава пераходзіць да сына Анжэя Брахоцкага.



Анжэй Брахоцкі (1895-1976).
Скончыў 1-ю Віленскую класічную гімназію. Восенню 1914 года паступіў на сельскагаспадарчы факультэт Рыжскага палітэхнічнага інстытута, але навучанне прыйшлося перарваць з-за Першай сусветнай вайны. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў на фронце. Пасля вайны стварыў разам з Лісоўскім брыгаду шчучынскай самаабароны. Разам з братам Аляксандрам і Станіславам удзельнічаў у баявых дзеяннях 13-га Віленскага кавалерыйскага палка. За ваенныя гады ўваходзіў у склад шасці ваенных фарміраванняў: арміі царскай Расіі, расійскай рэвалюцыйнай арміі, быў афіцэрам бальшавіцкай арміі, служыў ва ўсходнім корпусе пад камандаваннем генерала Доўбар-Мусніцкага, арміі Войска Польскага. У канцы 1921 года быў дэмабілізаваны. Узнагароджаны найвышэйшым польскім ваенным ордэнам - Крыжом “Віртуці Мілітары” і Крыжом “Заслугі Сярэдняй Літвы”.

Універсітэцкую адукацыю працягнуў пасля сканчэння вайны. У 1927 годзе скончыў Варшаўскі палітэхнічны тэхнікум, атрымаў дыплом інжынера-гідратэхніка. Займаўся ўласнай гаспадаркай у М.Мажэйкава.

У 1930-я гады падараваў віленскаму Таварыству сяброў навук з калекцый Малага Мажэйкаа частку фамільнага срэбра, старажытных рэчаў і абрус з з эмблемай апошняга караля Рэчы Паспалітай. А ў 1936 годзе выдаў кнігу “Гісторыя самаабароны ў Шчучыне Наваградскім”.


Стайні

У 1939 годзе Анжэй Брахоцкі быў прызваны ў Войска Польскае ў званні ротмістра ў запасны полк кавалерыі ў Вілейцы.

З далучэннем Заходняй Беларусі да БССР мірнае жыццё Брахоцкіх скончылася.

У гады Другой сусветнай вайны Анжэй жыў у маёнтку М.Мажэйкава, але кантралявалі і кіравалі ўсім немцы. Пасля вайны працаваў у Познані кіраўніком ваяводскага аддзела гаспадаркі па рамонту воднай сістэмы. У міжваенны перыяд узнагароджаны Крыжом за заслугі ў грамадскай працы. У 1960-я гады выдаў кнігу “На пераломе двух эпох. Запіскі хутараніна”.


Маслабойня, зараз медпункт.

Пасля вайны савецкая ўлада поўнасцю нацыяналізавала ўсе будынкі. Доўгі час у сядзібе знаходзіўся сельсавет.


У 1980-я гады была праведзена рэстаўрацыя былога маёнтка Брахоцкіх. Падчас рамонта будынкаў былі знішчаны каміны ў пакоях сядзібы, вырублены парк вакол сядзібы, знішчана брукаванка да паштовага тракта, засыпана сажалка, дно якой было выкладзена дрэвам, знесена ўязная брама. Выгляд сядзібы да рамонта можна пабачыць толькі ў фільме “Дарога Ганны”, які здымаўся ў Малым Мажэйкава.



Малае Мажэйкава - гэта ўтульнае мястэчка, якое падкупае сваёй ідэальнай чысцінёй ды замілаванасцю наваколля. Мястэчка з багатай і цікавай гісторыяй.

Часткова выкарыстана інфармацыя з стайтаў: www.lida.info, www.ivyenews.by, www.astraviec.org

Кастравіцкі, Брахоцкі, Нарушэвіч, Хадкевіч, Вандроўкі Беларусь, Лідскі раён, Вандроўкі, Палубенскі, Тышкевіч, Шымкавіч, Гарадзенская вобласць, Чапскі

Previous post Next post
Up