РУБЯЖЭВІЧЫ (Мінская вобласць)

May 15, 2014 23:26

Мястэчка Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна ўзгадваецца ў гісторыі з 1483 года, як уладанне князя Вярэйскага. З сярэдзіны ХVI ст. належыла Радзівілам, якія прыклалі намаганні, каб зрабіць з іх яшчэ больш прыбытковае месца. Некалькі разоў на год тут праводзіліся кірмашы, дзе збіраліся гандляры з Вільні, Мінска ды Ліды. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Рубяжэвічы разам з землямі Радзівілаў былі перададзены ў карыстанне Вітгенштэйнам.



Кажуць, што назва Рубяжэвіч паходзіць ад слова “рубеж”, бо першапачаткова вёска знаходзілася на мяжы ВКЛ. Досыць верагодна, што і замак быў тут драўляны на ўзвышшы, але ніякіх крыніц пра яго не захавалася.


Драўляныкасцёл св.Антонія Падуанскага быў пабудаваны ў Рубяжэвічах у 1799 годзе. У 1866 годзе, пасля паўстання Каліноўскага будынак перадалі праваслаўным. У 1867 годзе імператар Аляксандр ІІ падараваў царкве абраз у срэбнай рызе Маці Божай Казанскай, на якім была зроблена надпіс “Сей образ Казанской Божией Матери дар Государя Императора Александра Николаевича в Рубижевичскую церковь, 1867 г. Молись народ русский за своего православного Царя!”. А праз два месяцы уладар маёнтка Сула Аляксандр Ленскі ахвяраваў царкве іншы абраз - “Зняцце з крыжа Збавіцеля” у залатой рызе. Хто ведае, з якімі памкненнямі быў зроблены такі падарунак праваслаўнай царкве каталіком Ленскім, але відавочна, што было гэта ў супрацьвагу падарунку цара (пра маёнтак Ленскіх можна прачытаць тут http://azarkinm.livejournal.com/147915.html )


З 1886 годза пры царкве была адчынена прыхадская праваслаўная школа. Праваслаўныя набажэнствы праводзіліся ў царкве да 1917 года, пакуль будынак зноўку не быў вернуты каталікам. Разабралі па дошках касцёл-царкву камуністы ў 1972.

Хуткае развіццё Рубяжэвічаў спынілася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, калі мястэчка абмінула чыгунка, ды і новая дарога таксама была пракладзена не праз мястэчка. Колькасць насельніцтва пачало змяншацца, людзі пацягнуліся ў недалёкае адсюль Койданава.


У 1910 годзе з’явіўся новы касцёл. Гісторыя яго будаўніцтва вельмі цікавая. Мясцовы жыхар Антоні Тур выступіў з ініцыівай будаўніцтва касцёла. У 1866 годзе, ён па сваёй ініцыятыве на пяшчаны холм прывёз першы валун. На камні было напісана “Тут будзе пабудаваны каталіцкі касцёл”. Тры разы звяртаўся за дазволам у Пецярбург, але атрымліваў адмову. Занепакоены неўтаймуючым жаданнем адкрыцця новага касцёла праваслаўны бацюшка са Слабады абвінаваціў Тура ў недазволенай будоўлі. Адбыўся суд і Антонія Тура разам з сям’ёй, саслалі ў Сібір на 12 год. А праз 7 год па амністыі Антоні вярнуўся на радзіму. І зноўку пачаў дамагацца дазволу будаўніцтва касцёла. У 1905 годзе доўгачаканая папера была атрымана і пачалося збіранне грошаў. Сродкі збіраліся ўсім светам, а значную частку ахвяравала Эльжбета Ленская з маёнтка Сула. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Эльжбета не паспела з’ехаць і засталася жыць у доме прыслугі. Там яна і пражыла да 1951 года. Пасля яе смерці была пахавана на рубяжэвіцкіх могілках. А камень з эпітафіяй на яе магіле можна знайсці і зараз: “Бог - мая абарона, моё выратаванне”. (пра маёнтак СУЛА можна прачытаць тут http://azarkinm.livejournal.com/147915.html ).


У 1906 годзе пачаліся працы. На будоўлі працавала кожны дзень да 160 чалавек, будаўніцтвам касцёла кіраваў Юзэф Скакоўскі. І касцёл, як і было загадана, пабудавалі за чатыры гады. Храм быў збудаваны ў нэагатычным стылі з цэмента і абкладзены каменнымі плітамі. Вышыня рубяжэвіцкага касцёла дасягае 45 метраў, фундамент 6 метраў углыбіню і 4 метра ў шырыню. Тое што мы зараз з вамі бачым - не тое, што задумваў архітэктар. Планавалася, што у касцёла будзе 6 вежаў, але царская ўлада забараніла будаваць касцёл такога выгляду, таму вежы прыйшлося скараціць.


Касцёл адчыніў свае дзверы для прыхажан у 1910 годзе і быў асвечаны як касцёл святога Юзафа рамесніка.


А “тураў камень” прывезены Антоніем Турам у 1866 годзе і зараз стаіць каля касцёла.


Паступова новая каталіцкая святыня напаўняўся ўсё новымі і новымі здабыткамі. Абраз Божай Маці Вастрабрамскай быў падораны маці Янкі Купалы, на рубяжэвіцкіх могілкаў якой былі пахаваны яе продкі. Статуя святога Антонія перанесена са старага касцёла. У 1920-х гады ў касцёле з’явіўся першы звон, адліты ў Польшчы наўмысна для Рубяжэвіч, і вакол храма пабудавана агароджа, а ў 1930-я гады на званніцы загучаў і другі звон. У 1928 годзе ў Вільні быў набыты арган , у 1935 з Вільні быў дастаўлены галоўны алтар з бронзавай статуяй Езуса Хрыста.


У Рубяжэвічах у пачатку ХХ стагоддзя была вялікая колькасць габрэйскага насельніцтва і знаходзіліся дзве сінагогі, летняя ды зімовая. Падчас Другой сусветнай вайны шмат габрэяў былі растраляны, а тыя, хто выжыў, эмігравалі. Адна сінагога згарэла ў 1942 годзе, а другая была разабрана ўжо пры савецкай уладзе, а з гісторыі калісьці шматлікага габрэйскага насельніцтва Рубяжэвіч засталіся толькі могілкі, якія да апошняга часу былі ў занядбаным стане. У 2008 годзе студэнты амерыканскага францысканскага каледжа “SIENA COLLEGE” са штату Нью-Йорк зрабілі прыборку могілак за тры дні і паднялі каля 120 паваленых надгробных камянёў.


фота з сайта svaboda.org

З пачатку ХІХ стагоддзя ў мястэчку правацала драўляная праваслаўная царква святога Мікалая. Хваля знішчэння рэлігійных пабудоў, якая прайшла па тэрыторыі СССР ў 1961 годзе, закранула і Рубяжэвічы. Царква была зачынена. А пасля смерці бацюшкі ў 1976 і ўвогуле разабрана, бо на тэрыторыі былой царквы планавалася будаўніцтва сельсавета. Абразы з царквы вывезлі ў Дзяржынск на захаванне, у Рубяжэвічы яны вярнуліся толькі ў 2000 годзе, пасля таго, як старая плябань была перароблена пад царкву.


фота з globus.tut.by

Турыстычным пунктам у Рубяжэвічах з’яўляецца “каменны парк” адчынены ў 2006 годзе да стагоддзя будаўніцтва касцёла.


Ідэя належыць Тадэвушу Сабалеўскаму, які на працягу года ўзгадняў усе працы і з касцёлам, і з калгасамі, якія дапамаглі тэхнікай.




Шукалі валуны каля вёсак, якія заснавалі касцёл. 46 валуноў - гэта 46 вёсак-парафій, гэта 46 непаўторных гісторый пра людзей, якія верылі і будавалі касцёл у 1906.






За агароджай, каля касцёла знаходзіцца яшчэ адзін цікавы помнік. Помнік загінуўшым і закатаваным палякам у гады Другой сусветнай вайны. Тым, хто быў вымушаны з'ехаць з родных мясцін. Пабудаваны ў 1997 годзе.


Калі няма чаго рабіць на выходныя, калі хочацца недалёкай вандроўкі каб адпачыць душой, то вам - у Рубяжэвічы.





Дзяржынскі раён, Вярэйскі, Вандроўкі Беларусь, Вандроўкі, Радзівіл, Мінская вобласць, Вітгенштэйн, Ленскі

Previous post Next post
Up