БАГУШЭВІЧЫ (Мінская вобласць)

Aug 23, 2013 19:04

Я ведаю, што сёння пятніца, і што ў ЖЖ ужо і людзей няма, усе з'ехалі, але раптам каму мой расповяд пра цудоўны касцёл выклікае жаданне здзейсніць вандроўку на выходныя.
--------------------------------
Калі б вы патрапілі ў пачатку ХІХ ст. у гэтыя мясціны, вы б іх зусім не пазналі. Вядома, што гэта можа тычыцца шмат якіх куткоў нашай краіны, але прачытаўшы расповяд, вы зразумеешце, што я хацела сказаць. Цудоўны касцёл стал штуршком да нашай вандроўкі ў вёску Багушэвічы, Бярэзінскага раёна.



Упершыню вёска ўзгадваецца ў 1501 годзе. Першапачаткова належылі Рдултоўскім, затым Вішнявецкім, Друцкім-Горскім, а затым ужо Свентаржэцкім. Набыўшы вёску, у прыгожых мясцінах, Тадэвуш Свентаржэцкі (…-…), мінскі павятовы маршалак, будуе тут радавы маёнтак. У 1831 годзе, у яго сына Чэслава Свентаржэцкага (1802-…), дэпутата ад Мінскага павета на Мінскі павятовы сход, нарадзіўся сын Баляслаў Свентаржэцкі (1831-1888), адзін з актыўных удзельнікаў паўстання 1863 года, які быў камісарам аб’яднаных паўстанцкіх атрадаў Ігуменскага павета.


Баляслаў быў чалавекам прагрэсіўным, але трэба сказаць, што яго бацькі Свентаржэцкія мелі яшчэ той нораў. Так у студзені 1850 года сход прадстаўнікоў дваранства Мінскай губерні першы раз разглядаў “справу аб жорсткім абыходжанні памешчыкаў Свентаржэцкіх з дваравымі людзьмі і сялянамі”.


Ведаючы, пра абыходжанне сваіх бацькоў з простым людам і хвалюючыся за іх, Баляслаў як сябра Мінскага губернскага камітэта, актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861 года. Што вядома прыцягнула ўвагу паліцыі, якая зладзіла за ім сакрэтны нагляд. З-за гэтага быў вымушаны эміграваць ў Францыю на некаторы час, але даведаўшыся пра пачатак паўстання ў 1863 годзе вяртаецца на Беларусь і прымае актыўны ўдзел па стварэнні атрадаў паўстанцаў Ігуменскага павета.


З Багушэвіч пачынаюць ажыццяўляцца контр-выпады супраць паўстанцаў і адсылацца пастаянныя даносы аб месцазнаходжанні атрадаў. Даведаўшыся імя даношчыка, пастанцы зрабілі самасуд - павесіўшы злачынцу, ім апынуўся Данііл Канапасевіч, мясцовы праваслаўны святар. І што б вы думалі, праз 150 год, праваслаўная царква даносную дзейнасць святара на карысць Расійскай Імперыі вырашыла ўшанаваць будаўніцтвам у Багушэвічах - новай праваслаўнай царквы Св.Данііла.


Дарэчы, побач з будоўляй знаходзіцца і магіла святара.




Пасля падаўлення паўстання з актыўнымі ўдзельнікамі вельмі жорстка расправіліся. Так бацькоў Баляслава - Чэслава і Ганну Свентаржэцкіх выслалі ў Чэмбер, горад Пензінскай губерні пад строгім паліцэйскім наглядам. А маёнтак… цудоўны квітнеючы маёнтак, дзе з 1850 гадоў існаваў мясцовы тэатр, дзе віселі калекцыйныя карціны, дзе нарадзілася два пакалення Свентаржэцкіх… маёнтак па загаду генерала Мураўёва-вешальніка поўнасцю быў спалілі. А сам Баляслаў па пашпарце віленскага мяшчаніна Вайцэхоўскага спачатку з’ехаў у Маскву, а адтуль за мяжу ў Францыю, дзе нават пазней вызначыўся ў франка-прускай вайне 1870 года. Памёр Баляслаў у 1888 годзе ў Італіі, у прыгожай і рамантычнай Венецыі. Але нават пасля выгнання, яшчэ доўгі час, прозвішча Свентаржэцкага баяліся царкскія войскі, яму нават прыпісвалі чарнакніжніцтва і містычныя здольнасці.


У 1869 годзе, капліцу з каталіцкай перарабілі, паставілі праваслаўныя крыжы і асвяцілі як царкву святога прарока Данііла (памятаеце як свяшчэнніка звалі якога павесілі?). Царква ў мурах касцёльных праіснавала да 1917 года.


Да 1875 года, маёмасць Свентаржэцкіх разам з землямі здаюцца ў арэнду, а пасля расійскі імператар дорыць Багушэвічы Шалгунову.

Да нашых дзён, толькі сямейная капліца можа распавесці пра архітэктурныя густы Свентаржэцкіх.


малюнак flieg

У 1989 годзе ў капліцы здарыўся пажар. Некаторы час яна зходзілася ў занядбаным стане. З 2002 года перададзена каталікам, дзе агульнымі намаганнямі адбываецца рэканструкцыя будынку, якая канчаткова не скончана і зараз, але лясы ўжо прыбраны і можна з задавальненнем здымаць цудоўны вобраз капліцы, які стаіць як меленькі гатычны востраў вакол высокіх дрэваў. Я спадзяюся, касцёл Божага Цела не стане чарговым даўгабудам рэстаўрацыйным.


У Багушэвічах недалёк ад мясцовага клуба можна знайсці яшчэ адзін помнік апантанаму камсамольцу - Мікалаю Рыбачонку. Які вельмі р’яна выступаў за калектывізацыю ў Багушэвічах і наваколлі, за што і быў забіты ў снежні 1924 года. Дарэчы, толькі ў 1930 годзе з Багушэвічскага сельсавета было выслана 17 сем’яў, а іх маёмасць канфіскавана на карысць калгасу.


Яшчэ ў Багушэвічах знаходзіцца помнік закатаваным габрэям гэтай вёскі.




Для тых, хто цікавіцца зорным небам, думаю фота korsart спадабаецца.


Варта, варта з'ездзіць і глянуць у гэтыя мясціны на цудоўны касцёл, на прыроду і наваколле. А па дарозе, вы зможаце заехаць яшчэ шмат у якія месцы. Яшчэ распавесці вам пра мястэчка Свіслач (Асіповіцкі раён) і можна маршрут сканчаць.


І мапа для вандроўкі

Бярэзінскі раён, Свентаржэцкі, Вандроўкі Беларусь, Вандроўкі, Вішнявецкі, Мінская вобласць, Рдултоўскі, Друцкі-Горскі

Previous post Next post
Up