Навагоднія клопаты

Dec 04, 2012 13:28

Зіма… Новы год… Падарункі… Віншаванні… Кожны год, як толькі праб’е гадзіннік, што нарэшце ён 201...год надыйшоў - тэлефаную блізкім сябрам, сваякам і віншую з ім, з тым што чакаеш, на што спадзяешся, і заўсёды думаеш што будзе лепей чым мінулыя гады.

З дзяцінства засталіся ўспаміны Новага года, яны розныя - розныя падарункі, розныя сустрэчы, розныя чаканні, але заўсёды заставалася нязменным адна рэч -  гэта паштоўкі. Паштоўкі, якія прыходзяць па пошце. Якія падпісвала мама, якія б'юць у нос свежай фарбай, калі іх прынасілі да хаты. Іх можна было разглядаць гадзінамі і самае галоўнае іх заўсёды было шмат. Іх было столькі, колькі памяталі сваякоў ды сяброў, іх было роўна столькі колькім людзям мы хацелі нагадаць, што мы іх памятаем. І не важна калі, на Новы год, 8 сакавіка, 23 лютага... але мы памятаем, бо віншуем. Як я гэты момант люблю… Калі адчыняеш скрынку паштовую, а там ляжыць новая, заштампаваная паштоўка… І яны ўсе розныя, не падобныя адзін на адну. У бабулі на сцяне ў вітальні вісяць дзве рамкі з вышыванкамі і заўсёды новая паштоўка ўтыркалася за гэтую рамку. А калі месца ўжо не хапала, то прыбіраліся пакрыху, а іх месца з часам займалі новыя. Я настойвала каб самыя цікавыя ўсё роўна заставаліся, і гэты адбор рабіў дзіцёнак і сваім розумам адбіраў, што прыгожае а што не.

Я навыбаю кожны год паштоўкі, і ўсе яны розныя, але абавязковым застаецца толькі адное - паштоўка павінна быць беларуская і такая каб можна было не ўпакоўваць у капэрту.Я ў захапленні ад моманту калі ты сядзіш дома на канапе перад стосам паштовак і думаеш, каму якую падпісаць - адныя са свечкамі, іншыя з шарамі, з елкамі, яшчэ адныя з дзіцячымі малюнкамі, снегавікамі ды Дзедамі Марозамі. Ты думаеш, каму ты хочаш зрабіць такі маленькі падарунак. Прыдумляеш віншаванні, каб кожнаму адрознівалася, кожнаму жадаеш нешта сваё, а пасля да ламаты ў пальцах падпісваеш гэты бесконцы шлейф паштовак… Час ідзе, змяняюцца людзі і змяняецца і свет. Зараз лягчэй набраць нумар тэлефона, ці смс, ці напісаць праз аднакашнікі, фэйсбук, ці проста адправіць емэйл. А паштоўкі нібыта пайшлі ў мінулае. Былі часы, калі іх нават у крамах прадавалася вельмі мала, людзі перасталі дзяліцца маленькімі праменьчыкамі надзей і радасці, якія мы звязваем з Новым годам. А я супраць гэтай тэндэнцыі!

І кожны год мая душа пратэстуе, што гэта традыцыя знікае, і кожны год я іду ў краму і набываю паштоўкі, а пасля сядзім з дзецьмі і выбіраем, дакладней яны выбіраюць каму якую, а я падпісваю. І няхай я атрымаю ў адказ толькі адну ці дзве паштоўкі, а можа ўвогуле не атрымаю, але… цікава рабіць падарункі... нават калі гэта простая маленькая паштоўка. І дзесьці ў глыбіні душы, я спадзяюся, што калі чалавек атрымлівае паштоўку, то пачне адсылаць іх і сам, не абавязкова мне, а іншым сваім сябрам, знаёмым, сваякам. І будзе нам усім маленькая радасць у паштовай скрыне.

Я свае паштоўкі ўжо набыла. А вы? Не? Тады не позна падумаць аб прыемных віншаваннях і зрабіць маленькія радасці сваім блізкім. :-)






































































































Толькі ад нас залежыць, якія ўспасіны свята будуць у нашых дзяцей, пляменнікаў, хроснікаў. :-)

Новы год

Previous post Next post
Up