Сон

Jun 19, 2005 10:33

Сядзеў у суседзяў на сядзібе. Яны пілі гарбату з тортам. Іхная бабулька ўвесь час трызьнела ўсякую лухту - яна была вар'яткай. Потым прыйшоў ейны муж. Ён быў былым фашыстам. Расказваў пра вайну. Іхная дачка была прынцэсай з казкі. Зь ёй былі мелкія эльфы.

Я пасядзеў зь імі крыху, а потым мне стала няёмка, ды я сышоў. Калі я йшоў дадолу па лесьвіцы, эльфы лёталі па над галавой. Я падставіў палец. Жоўты сеў. Я паглядзеў на яго ды зразумеў, што гэта маленечкія гілікі. Я зь ім паразмаўляў тэлепатычна. Потым сеў ружовы. У яго не было крылаў - пер'е толькі расло. Я падзівіўся як ён можа лятаць. Падумаў, што відаць яны вельмі хутка рухаюць крыламі, таму атрымліваецца.

Спачатку пайшоў дахаты, потым зразумеў, што ўжо трэба на працу. Стрэў сябра, які не прыйшоў да мяне заўчора ўгосьці. Ён быў з новай хрызурай - галава лысая, ззаду грыўка, сьпераду пабелены чубок. Выглядала, як нібыта гэта не валосьсе, а пер'е лезе. Я спытаў, ці ёсьць у яго запаліць, хоць ні ён ні я ня палім. Ён дастаў цыгарэткі, падпаліў сабе, а мне працягнуў запалку. Я кажу: дай мне цыгарку таксама, я табе верну потым. Ён паглядзеў на мяне, асуджаючы, але цыгарку даў. Сказаў толькі, што гэта не звычайныя цыгаркі, а скуравыя. Я падпаліў, зацягнуў - сапраўды на смак, як скура з пальцаў.

Мы зь ім мінулі мой дом, у гародзе ўбачыў памерлую бабульку №2, падумаў, што лепей ёй мяне ня бачыць, калі я палю скуру. Потым ідзем па прысадніку, я пытаю сябра, чым ён зараз займаецца. Ён сказаў, што малюе карціны ды прадае. Я спытаў, ці ёсьць у яго старонка ў сеціве. Ён сказаў, што ёсьць на boom.ru, але гэта не старонка а прылада пад вокны і яе трэба інсталяваць. Паказаў мне дыскетку зь ёй. Я запусьціў інсталяцыю. Захацелася плявацца. Усё было крывое. Пасьля інсталяцыі невыдалявана віселі 2 крывыя банэры.

Сябар пайшоў налева, а я працягнуў свой шлях.

сьмерць, сябры, сны, кампутар, паліць

Previous post Next post
Up