Ларыса Геніюш - сыну

Apr 08, 2017 00:09

Ейны верш. Ведаю, вершамі анічога мы ніколі не вырашым. Але трапныя словы...
СЫНУ

Ясьнейшы за сонца, цяплейшы за сонца,
і радасьць, і роднасьць, і боль мой бясконцы!..
Будзь, сынку, з людзьмі - нібы ласка жывая,
што ўсіх разумее, усіх сагравае.

Не знай чужой крыўды і страху не знай,
замест ненавідзець - ты шчыра кахай.
Пі мудрасьць з жыцьцёвых крыніцаў і з кніг
умей сабе верыць, жыві для другіх.

Лячы, як умееш, вучы так, як можаш,
бальзам у цярпеньні, маяк ў бездарожжы.
Хай рук тваіх сіла ніколі не згіне,
будзь хлебам галодным, вадой у пустыні.

Убачыш плаксівага - сьлёзы сатры,
пагладзь - не удар, і лепш дай - не бяры.
Не крыўдзь слабасільных і крыўдзіць не дай,
ад сэрцаў самотных тугу адганяй.

Шануй сваіх бліжніх, малодшых і старшых,
будзь радасьцю іхняй, іх песьняй, іх маршам.
Тваё застаецца хай чыстым сумленьне,
а сілай хай станецца праўды праменьне.

Будзь быстры, як ястраб, і хуткі, як леў,
калі б тваіх брацьцяў хто крыўдзіць пасьмеў.
Глумі ўсё ліхое, жыві для дабра,
пі кару напарсткам, а ласку - з вядра!

А золата кінуць - прайдзі па ім горда
пад думаў арліных жывыя акорды.
Для тых, хто без сэрцаў, будзь сьцюжай зімовай,
умей бачыць праўду, вер чынам, не словам.

Будзь цьвёрдым, як камень, у чорныя дні,
прад сільнымі свету галоўкі не гні.
Май слова - як іскру, а мысьль - як крышталь,
а сілу - як выстрал, а волю - як сталь!

Май сэрца дзіцяці, любі свой народ,
будзь прыкладам брацьцям, будзь бацькам сірот,
у пекле - анёлам, не толькі ў раю…
Я людзям для шчасьця цябе аддаю!

Са Збору твораў Л. Геніюш у 2 тамах (2010, "Лімарыус"), дзе гэты верш быў апублікаваны ўпершыню.

ВялікаЛітва, Вершык, Беларусь, Прыгажосьць, Невандроўнае

Previous post Next post
Up